Цяжка растлумачыць, чаму польскамоўная вершаваная адаптацыя папулярнай кнігі, выкананая Я. Пратасовічам, не сталася выдавецкім бестселерам у Рэчы Паспалітай і нават ні разу не была пазней перавыдадзена (смерць у 1611 г. Я. Карцана не можа быць адзінай таму прычынай, бо не бракавала ў Вільні і іншых друкароў).
“Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і даў людзям для ўжытку” прысвечана пісару Княства, браслаўскаму старасце Янушу Скуміну – герою першага твора паэта, “Паранімфуса”. Як і ў ранейшых выданнях Я. Пратасовіча, перад асноўнаю часткай кнігі змешчана вялікая ўступная: эпіграма на герб Скумінаў, прысвячэнне дабрадзею-Янушу, прадмова і пасляслоўе да чытача – ні радка прозы, усё напісана вершам. Сам “Inventores rerum” уяўляе сабой вершаваны энцыклапедычны даведнік пра вынаходніцтвы чалавечай цывілізацыі, заснаваны не столькі на дакладных гістарычных фактах, колькі на звестках з міфалогіі і літаратуры. Аматар падлікаў, К. Свяркоўскі так характарызуе змест працы палескага энцыклапедыста: “У алфавітным парадку, у аб’ёме 147 артыкулаў назваў Пратасовіч 174 “вынаходніцтвы” і падаў імёны 180 “вынаходнікаў”; з іх 30% – гістарычныя постаці, што жылі на працягу дваццаці аднаго стагоддзяў, ад VII ст. да н. э. пачынаючы, а Гутэнбергам заканчваючы, звыш 60% – постаці з сяміцкай, егіпецкай, а перад усім грэцкай міфалогіі, у невялікай ступені таксама з рымскай; урэшце нешматлікія жыхары канкрэтных гарадоў альбо краінаў і героі Бібліі, “Іліяды”, “Энеіды” (Swierkowski 1973: 19).
Трэба адзначыць, што з вялізнага празаічнага трактату П. Вергілія Я. Пратасовіч выбраў толькі найбольш цікавыя і важныя, на ягоную думку, артыкулы, некаторыя скараціў, а некаторыя, наадварот, дапоўніў уласнымі заўвагамі і разважаннямі пра тагачасныя звычаі і норавы ў Рэчы Паспалітай. У выніку “Inventores rerum” вызначаецца як тэматычнай стракатасцю артыкулаў (звесткі пра вынаходніцтвы паперы, алфавіта, цыркуля, пораха, шкла, календара, друкарскага станка перамяжоўваюцца з паведамленнямі пра внаходнікаў спеваў, пацалункаў, вырывання зубоў, разгадвання сноў, карчмы, прастытуцыі і г.д.), так і вялікай розніцай іх аб’ёмаў (напрыклад, “вынаходніку” музыкі Амфіону прысвечаны ўсяго адзін радок, а безыменнаму вынаходніку рушніцы – ажно сорак шэсць).
Магчыма, менавіта суб’ектыўныя заўвагі і рэфлексіі Я. Пратасовіча зашкодзілі поспеху ягонай кнігі як папулярнай энцыклапедыі сусветных вынаходніцтваў, але як літаратурны твор “Inventores rerum” цікавы якраз прыўнесеным у яго аўтарам мясцовым каларытам i асабістым пачаткам. Напрыклад, паэт выказвае удзячнасць вынаходніку калыскі Асклепіаду, бо ў калысцы дзеці спяць спакойна і можна ў гэты час ... пісаць вершы.
Некаторыя артыкулы ў “Inventores rerum” можна разглядаць як самастойныя вершы сатырычнага характару: “Пацалункі”, “Запрагаць чатырох коней”, “Рушніца”, “Страляць з прашчы”. У вершы “Пацалункі” аўтар спрабуе высветліць, адкуль паходзіць звычай цалавацца: ці то ад старажытных габрэеў, ці то ад уцекачоў з Троі (паводле легенды траянскія жанчыны так упадабалі Італію, што вырашалі не плысць далей, спалілі караблі сваіх мужоў і потым суцішвалі іхні гнеў пацалункамі), ці то ад рымлянаў (Плутарх апісвае звычай рымскіх патрыцыяў, вярнуўшыся дадому цалаваць сваіх жонак, каб даведацца, ці не пілі тыя падчас іхняй адсутнасці віна). Уявіўшы на месцы старажытных рымлянак сучасных шляхцянак, паэт з сарказмам заўважае:
Lecz tu rychlej niż wino gorzałkę poczuje,
Bowiem się takich siła białogłów najduje,
Iz się gorzałką miła nadobnie uraczą,
Że czasem ledwie mężów swych przed sobą baczą.
Przeto takich bynajmniej nie trzeba całować
Ale raczej sporego kija nie żałować,
Okładając po grzbiecie, aby jej nie piła,
Lecz raczej gospodarstwa swego pilna była.
Па гэтых радках лёгка пазнаць аўтара “Узору сумленнай белагаловай” – рэзанёра-мараліста, прыхільніка суровага выхавання жанчын, але чалавека, відавочна не пазбаўленага гумару.
На старонках “Inventores rerum” мы знаходзім шмат крытычных заўвагаў не толькі пра паводзіны шляхцянак, але і пра норавы тагачасных шляхціцаў, якія, вядома больш уплывалі на маральны клімат эпохі. У вершы “Рушніца” паэт негатыўна ацэньвае вынаходніцтва пораху, бо яно прывяло да заняпаду рыцарства і воінскага майстэрства, а асабліва абураецца новамодным звычаем шляхты паўсюль браць з сабой агнястрэльную зброю і з яе дапамогай зводзіць паміж сабой парахункі: