Выбрать главу

Выразны ліцвінскі патрыятызм Я. Казаковіча і Г. Пельгрымоўскага на фоне творчасці паэтаў малодшага пакалення (Я. Пратасовіча, Радагляда Гладкатварскага, выпускнікоў Віленскай езуіцкай акадэміі) выглядаў хутчэй рудыментам мінулага, чым тэндэнцыяй новага часу. Я. Казаковіч і Г. Пельгрымоўскі сфарміраваліся як асобы яшчэ ў 80-х гг. XVI ст. у патрыятычным асяродку пры двары Радзівілаў біржайскай лініі, галоўных ініцыятараў “ліцвінскіх”, незалежніцкіх настрояў у Вялікім Княстве Літоўскім (Г. Пельгрымоўскі пазней знаходзіўся пад уплывам “памяркоўнага незалежніка” канцлера Льва Сапегі). Амаль усе паэты-ліцвіны XVI ст. (Ф. Градоўскі, А. Рымша, Я. Радван, Я. Казаковіч, Г. Пельгрымоўскі) вызнавалі кальвінізм, як і іхнія мецэнаты-Радзівілы, а на сутыку Рэнесансу і Барока ў паэзію прыйшло шмат аўтараў каталіцкага веравызнання, нарадзіўшыхся пасля Люблінскай уніі, якія лічылі сваёй Айчынай Рэч Паспалітую і называлі яе проста “Польшчай”.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Польскамоўная паэзія ўзнікла ў шматмоўнай беларускай літаратуры ў 50-х гг. XVI ст. і за кароткі час – да пачатку XVII ст. – прайшла шлях свайго станаўлення і развіцця, зрабіўшыся адной з найпрыкметнейшых з’яў у літаратурным ландшафце эпохі Рэнесансу. Значная частка польскамоўнай паэтычнай спадчыны Беларусі XVI - пачатку XVIІ ст. беззваротна страчана, але нават тая, якая дайшла да нашага часу, уражвае колькасцю твораў і аўтараў, жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, разбурае стэрэатып старадаўняй беларускай паэзіі як аднастайна-панегірычнага вершаскладання і дазваляе зрабіць шэраг высноў, важных для далейшага вывучэння шматмоўнага пісьменства Беларусі эпохі Рэнесансу і для выпрацоўкі новага погляду на гісторыю беларускай літаратуры ўвогуле.

1. На станаўленне польскамоўнай паэзія Беларусі эпохі Рэнесансу плённа паўплываў рэфармацыйны рух, які выклікаў да жыцця масавае кнігадрукаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім і ўскосна прычыніўся тым самым да развіцця паэзіі, якая заняла пачэснае месца ў кніжнай прадукцыі берасцейскіх, нясвіжскіх, лоскіх і віленскіх друкарняў. Пераважная большасць тагачасных паэтаў Беларусі была кальвінісцкага веравызнання і не здрадзіла сваім пераканнанням пад націскам Контррэфармацыі. Напачатку пратэстанцкія аўтары непасрэдна выкарыстоўвалі вершаваную форму дзеля папулярызацыі новых рэлігійных ідэй у грамадстве, але з цягам часу ў іхняй творчасці выразна стаў дамінаваць свецкі накірунак.

2. Жанравая сістэма польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу абапіралася на жанравую сістэму антычнай паэзіі, але ў рэдукаваным – пад уздзеяннем спецыфічных умоў тагачаснага літаратурнага жыцця і пад уплывам празаічных жанраў беларускай літаратуры (летапісу, хронікі, дыярыуша) – выглядзе. Найбольш папулярнымі, інстытуалізаванымі ў грамадстве відамі паэзіі былі: кніжна-эпіграматычная (геральдычныя, прэфацыйныя і дэдыкацыйныя вершы, звароты да Заіла) і сямейна-рытуальная (генеталіконы, матрыманіяльныя і фунеральныя творы); менавіта ў гэтых “утылітарных” жанрах дамінаваў панегірызм, які беспадстаўна лічыцца асаблівасцю ўсёй паэзіі XVI - XVII стст. Але найбольш значныя дасягненні польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу звязаны з развіццём іншых жанраў: рэлігійна-метафізічнай, палітычнай, сатырычный, гістарычнай, героіка-эпічнай, навуковай і маральна-дыдактычнай паэзіі.

3. Міметычная практыка тагачасных паэтаў Беларусі палягала найперш на адлюстраванні канкрэтных праяў грамадска-палітычнага і прыватнага жыцця чалавека, і ў значна меншай ступені – на ўзнаўленні легендарнага мінулага, на ўвасабленні вобразаў і сюжэтаў міфалагічнага ці літаратурнага паходжання. У люстэрку польскамоўнай паэзіі эпохі Рэнесансу адбіліся такія значныя падзеі і працэсы ў жыцці беларуска-літоўскага грамадства, як Люблінская унія 1569 г., прыняцце акту Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., рэлігійныя сутыкненні ў Вільні паміж каталікамі і пратэстантамі ў 1581 г., Лівонская вайна 1558 - 1582 г. і падпісанне “вечнага міру” паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам у 1601 г. Пераважная большасць твораў польскамоўнай паэзіі Беларусі напісана з нейкай канкрэтнай нагоды: калі не грамадска-палітычнага, то культурнага (выхад у свет кнігі), альбо сямейна-прыватнага (нараджэнне дзіцяці, шлюб, смерць) характару. Менш прыкметнае месца ў тэматычным полі паэзіі займалі маральна-этычныя праблемы (дабрачыннасць і эгаізм, патрыятызм і здрадніцтва) і рэлігійна-філасофскія рэфлексіі (Бог, Прырода, Смерць, Душа) – зазвычай, гэтая тэматыка выяўлялася не ў асобных творах, а ў аказіянальных, “прынагодных” вершах і паэмах. Польскамоўныя паэты Беларусі XVI - пачатку XVII ст. стварылі цэлую галерэю герояў і персініфікаваных постацяў, якія адрозніваюцца паміж сабой тыпалагічна і функцыянальна і з’яўляюцца каштоўным укладам у скарбонку літаратурных вобразаў беларускай літаратуры.: набожная пані Альжбета Радзівіл, міфалагічны бажок Пратэй, даводца Крыштаф Радзівіл, здраднік Рыгор Осцік, тыран Іван Грозны, гаротная Маці-Літва, Цнота і Слава, Паненка з румянамі, дрэва-Арэшнік, няўцешны Старац, Паляк Іван і Маскаль Ігнат, дыпламат Леў Сапега і інш. Багацце гэтай галерэі пераканаўча сведчыць пра развітасць і разнастайнасць польскамоўнай паэзіі эпохі Рэнесансу.