— Частуйцеся, — запрасіла Савельева (яна выпіла сваю долю не зморшчыўшыся) i першая ўзяла колькі суHin, — Няхай у вашым жыцці, Янька i Васька, будзе шматшмат салодкага, як i гэтыя ягады…
Падзякаваўшы, Васіль укінуў у рот колькі суніц — яны сапраўды былі салодкія, прыемныя, перабілі досыць нясмачны пах рому. Усе астатнія таксама закусвалі суніцамі, усміхаліся, былі задаволеныя i радыя.
…Чапроўская блаславіла ды пацалавала ix яшчэ на ганку, запрасіла ў хату. Цяпер гэтая кабета, апранутая ў святочную чорную, з чырвонымі кветачкамі сукенку, абутая ў туфлі, хоць i плакала, але здалася зусім не строгая, вельмі лагодная, як i яго, Васілёва, маці.
— Кажушкі паехалі на сенакос, сказалі, што папрывецяць вас ужо ўвечар, — сказала яна. — Так што садзіцеся за стол, будзем палуднаваць. Во i мне трэба бегчы туды, да ix, — Калі падала па місцы гарачага, без мяса ды косткі, але добра забеленага смятанаю шчаўя, па лусце хлеба, запынілася каля стала i сказала маркотна: — Выбачайце, дзеці, што не частую як след, не прымаю гасцей… Што вяселле ваша як i не вяселле… Быў бы іншы час — дык усё было б па-другому, інакшаму…
— Нічога, мама, — жвава прамовіла Яніна, садзячыся за стол. — Затое нас добра пачаставалі ў сельсавеце. Нават i выпілі патроху.
— Хто ж вас так прывеціў? — не то ўзрадавалася, не то засмуткавала Чапроўская. Узрадавалася, відаць,
з-за таго, што ix, маладых, уважылі чужыя людзі, засмуткавала, пэўне, з-за таго, што, як сказала, не можа як след адсвяткаваць сама.
— Васюкоў,— адказала Яніна.
— Добры чалавек, — пахваліла яго Чапроўская, — дай бог яму добрае здароўе, доўгае жыце…
Васіль моўчкі сёрбаў шчаўе i ў размову не ўступаў. Па-першае, ён бянтэжыўся перад Чапроўскаю, што ўжо не толькі пасягнуў на яе дачку, але ўжо i яе зяць, па-другое, ён зусім ап’янеў. На яго лобе, здаецца, выступіў густы пот. Ап’яненне гэтае, канечне, было часовае, неўзабаве той глыток рому, што ён выпіў, павінен быў разысціся, страціць сваю моц.
Адчуваючы, што разам з маці трэба ісці на сенакос i Яніне, Васіль неўзабаве падзякаваў Чапроўскай i меўся ісці да сваіх гаспадароў.
— Куды ж ты, сын, пойдзеш ужо? — хаваючы ад яго вочы, прамовіла Чапроўская i завіхнулася прыбраць ca стала. — Ты ж не чужы ўжо нам. Свой… Мне — зяць, Яні — муж…
— Ды, казаў Дошчачка, пасля полудня па сена трэба ехаць, — пранікаючыся павагаю i падзякаю да Чапроўскай, сам дабрэючы, сказаў ён.
— Не прападзе ні Дошчачка, ні яго сена, — разважліва, здаецца, важка ацэньваючы коЖнае слова, адказала Чапроўская, але па-ранейшаму не пазіраючы ім абаім у вочы, — Ідзіце адпачніце… Я вам у гумне на сене наслала…
Васіль ад неспадзяванасці зірнуў на Яніну: тая ў гэтую ж хвіліну густа ўспыхнула чырванню, адвяла ад яго позірк.
— Мы, можа, паможам вам, мама… — збянтэжана нрамовіла яна.
— Справімся i без вас, — здаецца, наўмысна страгавата сказала Чапроўская. Пасля, бачачы, што яны абое засаромеліся, як яшчэ малыя дзеці, хуценька падалася за печ i дадала ўжо адтуль:
— Ну, ідзіце. Я хачу пераапрануцца.
Яны паслухмяна выйшлі з хаты.
6
Хутарок Амшарок паспакайнеў (не ішлі ўночы немцы, не заяўляўся Вяршок з шайкаю) i заадно ажываў, культурнеў.
За некалькі дзён пасля таго, як пабылі Васюкоў i Казлоў з непрыемнымі навінамі, Яніна i Васіль выкапалі досыць прасторную i глыбокую яміну, абклалі жэрдкамі сцены, зрабілі палок, стол, лаўкі з расколаных ды абчасаных сякераю плашак, невялікае акенца, дзверы, разабралі печ на папялішчы i ca старых, але яшчэ моцных цаглін склалі ў зямлянцы печачку з невялікаю плітою. Прымайстраваўшы да двух вянцоў зямлянкі надзейную i цёплую страху, аж залюбаваліся: спрытнае i ўтульнае выйшла жытло! Тут, як здалося ім, можна не толькі зімаваць, але i не баяцца ніякага марозу! Толькі трэба расстарацца для печы дроў i харчу для сябе. Там, увесну, можна будзе ўжо дбаць i пра хату.
Зладаваўшы жытло, не супакоіліся, не сядзелі склаўшы рукі. Пачалі чысціць былы склеп. Каб было дзе ўвосень схаваць гародніну, бульбу, што дадуць ім Кажушка i Дошчачка — іхнюю долю, а таксама i плату, што яны зарабілі за зіму, вясну i лета.
Склеп стаяў непадалёку ад хаты; дык у блакаду, калі гарэлі прыбудовы, не ўцалеў i ён: страха i ўсё — адзенне, бочкі, цабэркі, што былі пад страхою, дол, што быў з плашак i зляжалага кастравіння, — сатлела ды абвалілася. Агонь, лічы, нічога не пашкадаваў: сярпы, косы, што знайшліся ў попеле, былі перапаленыя, ужо непрыгодныя, a бочкі, што стаялі раней у пограбе, абгарэлі напалову, рассохліся.
Яніна i Васіль цягнулі ў гэтую хвіліну з лесу на калёсах бярвенне — на зрубік для склепа. Хоць не бралі з сабою драбінак, ляжанкі, бярвёны ляжалі толькі на расцягнутых перадку i задку калёс, але цягнуць было цяжка. I Васілю, што валок за аглоблі, i Яніне, што папіхала калёсы за заднюю ручку. А цяжэй на гэты раз было таму, што i стаміліся ўжо, i сонца смаліла неміласэрна, нібы стараючыся якраз за ліпень аддаць зямлі найбольш свайго цяпла, i паклалі на калёсы больш, чым раней. Каб не выбірацца яшчэ раз у лес, уздумалі ўзваліць не толькі тры чатырохметровыя сырыя сасновыя бярвёны, але i яшчэ пару верхавінак ды найбольш буйнога галля. Ведалі: усё — буйное i дробнае — спатрэбіцца.