У лесе i пасля па роўнай тупкай дарозе колы каціліся без вялікага намагання, але ў нізінцы, на павароце, дзе сабраўся нанесены ў паводкі i цяпер сыпкі без дажджоў пясок, забуксавалі. Як Васіль ні ўпінаўся, як ні падштурхоўвала Яніна, выскачыць з не такой ужо i вялікай лапіны пяску не маглі — хаваліся па спіцы колы. А за ёю, гэтай лапінаю, зноў была роўная i, самае важнае, ужо блізкая дарога да зямлянкі. Аж брала крыўда i злосць, што не хапала сілы, моцы, каб зрабіць рашучы рывок, што сабака, Мурзік, дагнаўшы ix, не запыніўся нават, не пазважаў, што ім цяжка, радасна пашыбаваў без запынку на хутар.
У адчаі ды нават у абурэнні Васіль азірнуўся: відаць, зусім слаба памагае Яніна. Ці жартам нават, можа, i пакеплівае — ускочыла, як i той раз, на бярвёны i едзе як пані. Не, упіраецца, пхне, аж крэкча. Але вось зморшчылася, нібы дакараючы, што ён, мужчына, не дасць рады, а пасля раптоўна напружаны, пачырванелы твар яе скрывіўся; яшчэ праз міг яна ўпала на адну руку на бярвенне, а другою схапілася за жывот.
Ён спачатку вельмі не захваляваўся, палічыў, што, мабыць, крыху перасілілася, дык хоча адпачыць. Але пасля адчуў: штосьці тут не так. Яніне якраз блага, бо цела яе нервова ўздрыгвае. Кінуў аглоблі ды падбег да яе.
Аклікнуў, але яна не варухнулася, не абзыўнулася. Здаецца, не магла нават разагнуцца, была нібы паралізаваная. Не пазважала, калі i дакрануўся да яе.
Напаўняючыся трывогаю, узяў яе на рукі. Уразіўся: твар яе, яшчэ нядаўна чырвоны ад натугі, белы-белы, вочы заплюшчаныя, а цела яе бязвольнае i цяжкае.
— Янінка… — са страхам паклікаў, прытуліў, не разумеючы, адкуль i чаго накінулася на яе нейкае ліха.
— Пакладзі… На траву, — ледзь чутна прашаптала яна i застагнала, нават заенчыла, сціскаючы зубамі вусны.
Выйшаў з пяску i паклаў яе на ўзбочыне — на дзірване. Каля самага поля, дзе сярод лебяды, пырніку сям-там кусцілася бульба — здаецца, на загоне Навіцкіх. Яніна адвярнулася, надгарнула пад сябе ногі, зрываючыся на плач, зусім не зважаючы на яго нытанні.
— Янінка! — Ён стаў на калені, гладзіў яе па галаве, руках, прасіў сказаць, дзе i што ёй баліць, сам ледзь не плакаў, праклінаючы той момант, калі згаджаўся, каб яна памагала яму ўскочваць ці падымаць на калёсы бярвенне, папіхала. Усё ж яна — кабета, не такая ў яе сіла, каб рабіць нароўні з мужчынам. Тады, пры рабоце, быў рад за кожную яе i маленькую помач, а цяпер во хоць укусі сябе за локаць за сваю неабачлівасць.
Няхай бы што з ім здарылася кепскае, а не з ёю.
— Баліць… — закричала яна. — Ой, як баліць…
— Мілая мая, харошая, — прасіў ён. — Ну скажы, дзе i што табе баліць.
— Жывот… — нарэшце прызналася яна. — Рэжа… Як агнём гарыць…
Як пачуў, дык стала лягчэй. Можа, сапраўды перасілілася, крышку адпачне — i зноў стане на ногі. Іначай i быць не можа. Бо што ж ён тут, на хутары, ёй парадзіць, як выратуе ад болю. I, на шчасце, Яніне, здаецца, начало лягчэць. Яна заціхла, прыўзнялася нават, абцягнула на калені лёгкую, некалі бела-жоўтую, а цяпер выцвілую сукенку. Калі Васіль, азірнуўшыся, убачыў ды сказаў, што з лесу выйшла i ідзе па дарозе Чапроўская, дык Яніна нібы зусім ачуняла, ажывілася, досыць рэзка паднялася, хоць i хіснуўшыся, абаперлася на бярвенне.
— Нічога маме не кажы… — папрасіла-загадала. — Няхай думае, што мы адпачывалі… I пра каня не гавары праўды. Запытае сама — адкажам, што ўцёк…
Неўзабаве Чапроўская, несучы карзіну, дачыльгікала сюды. Кульгала, абапіраючыся на кавеньку, але ішла досыць хутка.
— Якая ты белая… — не павітаўшыся, занепакоілася яна, не зводзячы позірку з Яніны. — Блажыць?
— Відаць, перагрэлася на сонцы, дык вот крыху i пабялела, — паспрабавала ўсміхнуцца Яніна, але ўсмешка яе была не зусім вясёлая i гарэзная, як звычайна бывав пры добрым настроі.
— Ці не на сабе цягнеце вы сырняк? — здзівілася Чапроўская. — А дзе ж ваш конь? Ды во i вупражы нідзе ніякай не бачу… — i з падазронасцю зірнула на ix абаіх.
— Уцёк ад нас Рыжы, — стараючыся не пазіраць матцы ў вочы, сказала Яніна. — Ведама, чуж-чужаніца, як толькі сарваўся з прывязі, дык i марсянуў дадому. Ці нават i ў свет белы.