Васіль i Яніна паныла маўчалі.
— Вацічак, сыночак, — нечакана толькі да яго загаварыла Чапроўская, — я цябе папрашу як сына… Яня сёння мне сказала, што Янак яшчэ ў вас не быў. Але я ведаю: ён прыйдзе сюды, не ўтрывае, каб не ўбачыць вас. Дык ты, сыночак, як мужчына пагавары з ім. Ты ж сталейшы, разумнейшы. Як кажа Яня, наш гаспадар ужо… Папрасі, змусь, каб адумаўся, не цягаўся з тым бандзюгам. Загубіць жа той яго…
Замаўчала, выцерла канцом белай хусткі слёзы.
— Канечне, пагаворым, мама, — падакляравала Яніна, таксама выціраючы слёзы. — Толькі ці паслухае ён i нас…
— Божачка мой родненькі,— забедавала Чапроўская, — ці ж трэба быць такім нелітасцівым? Як толькі нарадзіўся Янка, дык i маю з ім клопаты. Ды не толькі клопаты — бяссонныя ночы, слёзы, боль. Хіленькі, слабенечкі быў, доўга не мог падняць галоўкі, потым — на ножкі стаць, пайсці… Думалі: не выжыве. Але выжыў, акрыяў патроху, але доля яго ўсё роўна была няўдалая. То шкоду якую зробіць, то скалечыцца без дай прычыны: спатыкнецца на гладкай дарозе, са страхі ці з дзерава ўпадзе, нагу ці палец рукі куды падсуне — пад серп, пад касу, над якое кола… Пайшоў у школу — зноў бяда ды гора. То яго наб’юць смялейшыя дзеці, то настаўнік без дай прычыны прычэпіцца, то нешта паб’е ці перакуліць… Мы i вучылі, i крычалі, нават i білі з нябожчыкам Юзем — нічога не памагае. Ці маўчыць, ці плача… Думалі, гаварылі не раз: перарасце, паразумнее — зменіцца, талкавейшы стане. Аж ён i хлопцам не такі, як усе, стаў. Усе вясёлыя, гаманкія, борздкія, а ён усё задумлівы ды задумлівы, сцішлівы, а то нават нейкі i адрачоны. Як сам не ведае, чаго жыве, што робіць… Вот цяпер аднагодкі, маладзейшыя на фронт ідуць, хто рады, хто плача, а ён маўчыць… А я ж, маці, павінна была ведаць, што ён думаў, чаго хацеў, чаго баяўся… А я не ўведала, не пагаварыла добра… — Залілася слязьмі,— I ён ні разу не захацеў пагаварыць, усё таіўся… А цяпер, божа мой, каму — Вяршку даверыўся…
Чапроўская панаракала на вайну, на сваю жаночую i матчыну долю, паплакала, выяўляючы ўвесь свой боль.
Пасля, калі пахадзіла па дварэ, агледзела студню, вычышчаны склеп, выпаланы Янінаю гародчык, мальвы, луг, а таксама i блізкае поле з жытам, пшаніцай i бульбаю-самасейкаю, пачала збірацца дадому.
— Я ж вам, здаецца, казала, што Брэсце ўжо на нашым баку, вайна пайшла далей, — загаварыла на развітанне Чапроўская, — але зімаваць, будзьце пэўныя, будзеце тут адны. Людзі нашы яшчэ не скора вернуцца. Дык смела потым жніце з усяго янковіцкага поля жыта, пшаніцу, ячмень, выкопвайце картофлю — зімою як знойдзеце… Праўда, усё, што само насеялася, мізэрнае, але, што ні кажы, дабро… — Схамянулася: — Ага, ледзь не забылася. Дошчачка наказаў, каб сабаку яго прывяла.
Мурзік якраз, стоячы паблізу, залівіста гаўкаў на поле. Дарэчы, ужо каторы дзень, якую ноч запар ён на некага ўсё брэша. Спачатку думалі, што ён цяўкае на немцаў ці на Вяршка з шайкаю, але калі тыя не заяўляліся, дык рашылі, што, можа, брэша на вожыка якога альбо на ваўкоў. Шкода было Васілю аддаваць Мурзіка, бо i прывык да яго, i не ведаў, як заставацца тут, на хутары, без сабакі, без ніякай жывёлінкі. Але нічога не зробіш, мусіў паклікаць таго i ўзяць на вяровачку.
— Я, як сказаў мне пра гэта Дошчачка, хацела знайсці вам хоць якое шчаня, — прамовіла Чапроўская, бачачы, як Васіль i Яніна спахмурнелі, нібы сіроты. — Але не знайшла. Хто i мае, дык не дае. Трымае на развод, думае за гэта нешта ўзяць. Бо не кожны цяпер мае сабаку. Самі ведаеце, павыбівалі ix за вайну…
I калі, яшчэ раз наказаўшы, каб шанаваліся, не знясільваліся, не стараліся зрабіць за адзін дзень столькі, што трэба рабіць тры дні, падалася з хутара, дык Мурзік паплёўся з ёю нехаця, упіраючыся.
Яніна i Васіль доўга пазіралі ім услед са шкадаваннем ды са скрухаю.
Самотныя яны былі ўвесь астатні светлы дзень. Васіль моўчкі, прыцягнуўшы скінутае на дарозе бервяно, плазаваў камлюкі, Яніна таксама на адзіноце тупалася каля зямлянкі, гатавала вячэру. Толькі ўжо ў цёмны вечар, калі ляжалі на тапчане, парушылі затоенасць, разгаварыліся.