Выбрать главу

— Дык што табе сказала маці, калі я цягнуў калёсы, а вы ішлі ўслед? — запытаў ён.

— Ты што, чуў, што мама нешта мне гаварыла? — здзівілася Яніна. — Яна ж, лічы, шаптала…

— Не чуў, але здагадаўся. Яна, здаецца, гаманіла за нешта якраз на цябе.

— Бач, які здагадлівы, — прытулілася да яго. — Але жывы будзеш, калі i не ўведаеш. Яна мне пра мяне гаварыла…

— Пра што?

— Спі,— чамусьці не хацела прызнацца яна. — Ты ж натаміўся, адпачні.

— Лаяла, што выйшла за мяне замуж? Ці за тое, што згадзілася ca мною ехаць без часу сюды?

— Ну i зяць! Цешча з усёю душою да яго, а ён, бач, які недаверлівы! — папікнула. — Кажу ж, мне пра мае гаварыла… Ну, па-жаночаму…

— А ты скажы, каб я ведаў,— настояў, не разумеючы, чаму Яніна штосьці недагаворвае.

— Ну i ўпарты! — лагодна прамовіла яна. — Ну, казала, што мне ўжо няможна ні цяжкае падымаць, ні саскокваць зверху, ні рэзка нагінацца… Іначай… ці мне што, ці яму, ну, казала, бывала, што кабеты i паміралі ад гэтага альбо вось так губілі тое, што насілі…

— Больш не будзеш ні бярвён падымаць, ні зямлі варочаць…

— Хочаш, каб я жыла? Сына табе нарадзіла?

— От кажаш! — падакараў.— Нашто ж тады гэтая зямлянка, калі… Я жыць без цябе не захачу…

— Ты праўда кахаеш мяне? I моцненька? — запытала яна з радасцю.

— Я ж табе казаў.

— А ты яшчэ раз скажы.

Ён таксама ад радасці ўсміхнуўся: ну i гэтыя кабеты! Вось дык любяць лагодныя, пяшчотныя словы, прызнанні ў каханні!

— Чаму ты маўчыш? Не кахаеш?

— Не, — зноў усміхнуўся.

— Які паганы! — прытворна пакрыўдзілася. — Я ведаю: ты, можа, ужо i каешся, што ўзяў мяне, можа, цяпер думаеш пра Данусю-пястусю. Хіба з ёю ты гэтак пакутаваў бы!

— Канечне, не гэтак…

— От бачыш! — цяпер, здаецца, пакрыўдзілася па-сапраўднаму ўжо. Яна, як i кожная маладая жонка, была вельмі раўнівая.

— З ёю пакутаваў бы ў дзесяць разоў больш… — прамовіў ён. — А з табою мне ўсякія накуты не страшный…

— Каб жа ты праўду казаў…— адпусцілася, але не спяшалася дараваць яму яна. Папікнула: — Скупец! Шкадуеш добрае слова лішні раз сказаць… Ты — мужчына, табе, можа, i не трэба тыя словы, а я ж — кабета, мне хочацца i гаварыць, i чуць ласкавае, далікатнае…

Дагаварыла i замерла; у гэтую ж хвіліну наструніўся i ён: здаецца, на дварэ штосьці піснула жывое. Прыслухаліся. Цяжка было даць веры, але мяўкаў кот. Жаласна, нібы просячыся ў хату. I адкуль ён тут узяўся?

Васіль устаў, адчыніў дзверцы i зірнуў у цемень. Спачатку нідзе не згледзеў ніякага ката, а пасля паблізу аплазаванага бервяна ўбачыў пару светла-карычневых вачэй. Напружыўшы зрок, абмацаў вачыма i невялікі камячок. Кот! Няўжо іхняя Мурка, якая была ў ix да блакады? Калі яна, дык як уцалела адна тут?

— Мурка! — паклікаў ён. — Гэта ты?

Агеньчыкі мільгануліся, камячок варухнуўся i падаўся насустрач, увайшоў у зямлянку, зацёрся аб ногі i зноў жаласна замяўкаў, нібы заплакаў.

— Мурка! — узрадаваўся ён, падняў кошку на рукі.— Жывая! I не здзічэла, не забылася на нас! Дык гэта на цябе ўсе гэтыя дні брахаў Мурзік, адганяў цябе, бедную, ад нас? — Пагладзіў па спіне, а Мурка, шчаслівая, замурлыкала, тулячыся да грудзіны. — Жыві, Мурка, з намі, усё ж жывая душа. А па-другое, i твая тут дамоўка…

7

Мурзік (ён на трэці дзень збег ад свайго ружэвіцкага гаспадара i прымчаўся сюды, на хутар Амшарок) Hiяк не хацеў прымірыцца, што заявілася тут яшчэ адна жывая істота, знайшла прытулак i ласку. Ён пры першым жа выпадку нападаў на кошку, змушаў яе ці ратавацца бегам, несціся з усіх сіл ад зямлянкі ў поле, ці ўзабрацца i сядзець гадзінамі на бярэзіне альбо на грушы. Яніна i Васіль спрабавалі памірыць ix, прывучыць, што можна тут жыць ім абаім i што яны абаім ім рады, але скончыўся ліпень, пачаўся жнівень, a іхняя

прымірэнчая спроба не ўдавалася. Каб паспачуваць Мурцы, мусілі навязаць Мурзіка каля склепа, пасяліць яго ў будцы, дазволіць кошцы хадзіць там, дзе яна хоча, без ніякай перашкоды заходзіць у зямлянку. Мурка, ці то засумаваўшы за год без людзей, ці то баючыся ix зноў страціць, лічы, не адступала ад Яніны i Васіля ні на крок: ідуць яны на поле, у лес альбо вяртаюцца, заходзяць у зяМлянку — яна пляцецца ўслед за імі. Лягуць спаць — i яна сцюцюрыцца ў іхніх нагах, ціхенька мурлыча ад шчасця. Мурзік панерваваўся колькі дзён — ліслівіў перад імі, гыркаў на кошку, — а пасля здаўся, падпарадкаваўшыся сваёй долі, хоць, канечне, затаіў прыкрую злосць на кошку.