— Добрая зямляначка! — спусціўшыся ўслед за ўсімі, Васіль пачуў Вяршкоў голас. — Лепшая, чым у нас. Утульнейшая.
Пры святле цяпер Васіль пазнаў незнаёмага чалавека: Крушынскі, сын панскага ляснічага. Усе лічылі, што ён яшчэ з трыццаць дзевятага года паехаў з сям’ёю на сваю бацькаўшчыну — у Познань, а ён, бач, туляецца тут. Як i Янка ды Вяршок, пахне сіверам, аж зрывае нос. Толькі тыя ў бушлатах, а ён у шынялі. Усе прыкідваюцца чырвонаармейцамі: Янка з пагонамі радавога, Крушынскі — яфрэйтара, а Вяршок — старшыны.
— Што — не красіф, брудны? — крыўляючыся, ухмыльнуўся Вяршок Яніне, бо яна, седзячы ўжо на палку, не зводзіла позірку з няпрошаных гасцей, — I не толькі цяпер не красіф, але i пасівеф ды палысеф, — шчыльней зацягнуў на акенцы цёмную фіраначку, зняў ca спіны досыць пакоўны вайсковы пляцак, сеў справа на лаўцы, апусціў перад сабою долу пляцак i аўтамат. Калі сцягнуў з галавы пілотку i паклаў яе на калена, дык сапраўды было відаць, што паглыбелі на яго галаве залысіны, памаршчынеў лоб, a скроні ды густая шчэць на шчоках сіваватыя. У чорных невялікіх вачах яшчэ выразней застыла непрыязнь, i ад ix выпраменьваўся жудасны холад.
За апошнія гады змяніўся i Крушынскі. З гонкага хлопца стаў мажным мужчынам, таксама палысеў i пасівеў, a тонкі яго нос завастрыўся нібы ў піку, чамусьці скрывіліся тонкія нервовыя губы — ці не быў ён паранены ў левую шчаку. Крушынскі сеў каля стала, аўтамат свой паставіў пры вушаку дзвярэй.
Янка, яшчэ дзяцюк пры мужчынах, быў схуднелы, з запалымі вачыма, з доўгаю драпінаю на шчацэ, быццам ад удару нажа ці кінжала. Ён сеў на палку, але воддаль ад сястры. Васіль апусціўся на саступкі пры ганку.
— Прыткія! — хітнуў галавою Вяршок. — Яшчэ зямля, лес пахнуць порахам, нідзе нікога, а вы ўжо гоп на гаспадарку! — Пасля нібы ўзрадаваўся: — Але не соладка, бачу, жывецца. Скура ды косці толькі на абаіх. Ці думалі, як кажуць, што пры вялікай любові i ў шалашы рай?
Васіль нічога не гаварыў у адказ, але адчуваў: не варта маўчаць. Набірае моц напружанне, гнятлівасць, i гэта можа неўзабаве выбухнуць.
— Не рады нам, такім гасцям, — зноў пахітаў галавою Вяршок, калі яму ніхто нічога не адказаў.— А мы ж на наваселле зайшлі. Павіншаваць. Ca шлюбам, з зямлянкаю. I не з пустымі рукамі заявіліся, а з падарункамі i пачастункамі. Прыйшлі не браць, а даць. Гасцей, што не абіраюць, а прыносяць добрыя падарункі, трэба ласкава прывячаць. Такія госці — божы даір…
Янка, адчуваючы няёмкасць за свайго верхаводу, за сваё хаўрусніцтва з ім, узяўся прыпальваць новую лучыну. Вяршок у гэты час нагнуўся, развязаў пляцак, дастаў з яго сінюю, з белым гарошкам хустку, сінюю сукенку з белым каўняром i з белымі манжэтамі на рукавах, чорныя, a ўсярэдзіне жоўтыя, з нейкімі белымі штампамі жаночыя туфлі на высокіх вузкіх абцасах, згарнуў усё у скрутак i шпурнуў на палок Яніне.
Тая несвядома злавіла ўжо на падоле ўсё, але трымала, здаецца, нібы палаючую галавешку, вось-вось могучы выпусціць яе з рук.
— Не бойся, не з цыпы якой садранае. З крамы, — ухмыльнуўся Вяршок, — Прыгодзіцца не цяпер, дык у чацвер… Голыя во абое, аблатаныя. Была б мая — дык не тое падарыў бы, увабраў бы як арцістку. А так лепшае аддаў адной цытры, каб хоць раз у месяц да мяне ў лес прыйшла… I табе, сапернік, прынёс тое-сёе, — вывалак з пляцака i падаў цывільны клёшны касцюм, здаецца, сіне-карычневага колеру, цёмную брылёўку i шэрую, у цёмныя клетачкі, кашулю. Усё адзенне было з падвешанымі на нітках цэтлікамі. Паклаў яго Васілю на калені,— Бяры. Таксама ўсё новае, няношанае. Меў злосць на вас, а цяпер, перагарэўшы, не маю. Не пайшоў ca мною, аблапашылі мяне — ладна, не тое прападала ці прападзе… Наце i яшчэ тое, чаго цяпер не знойдзеце з агнём… — Гаворачы, дастаў з пляцака два кавалкі цёмнага мыла, некалькі карабкоў запалак, пачак солі. Гэта не падаў ні Яніне, ні Васілю, a паклаў побач, на лаўцы. — Перастанеце зыркаць спадылба, будзеце трымаць язык за зубамі, памагаць калі — дык яшчэ не тое прынясу… Я не галяк, а маю тое, што вам, можа, i не снілася. У мяне ляжаць закопаныя яўрэйскія сталовыя сервізы, сярэбраныя нажы i відэльцы, пярсцёнкі залатыя… Гэтае дабро — заўсёды дабро…
Падышоў да стала, адсунуў конаўку ca снараднай гільзы, драўляныя лыжкі i выклаў два боханы чырвонаармейскага хлеба, тры бляшанкі кансерваў, колца вэнджанай кілбасы, салдацкую новую зялёную флягу.
— Вось як мы жывём! Як каралі! — пахваліўся, сеў на другі бок стала, загадаў: — Давай, гаспадыня, шыкуй усё. Папіруем. А ты, — навёў калючыя вочкі на Васіля, — падай вады, каб разводзіць спірт. I варушыцеся вы абое! Не чэрці ж мы ўрэшце! З адной плоці ды крыві! Хоць вы чысценькія, а мы — заплямленыя, але ўсё роўна на адной зямлі ходзім…