Выбрать главу

— А як іначай уратаваць Янку? — запытаў ён ужо ў цемені, бо лучына патухла. — Бачыш, нават пагаварыць з ім не далі, не адпускаюць яго ад сябе ні на крок.

— Каб жа я ведала, як яго можна ўратаваць, дык… — усхліпнула, прытулілася да яго. — Адно толькі душа чуе: загубіць ён калі не нас, дык сябе… У такія маладыя гады, у такі час… Не пацешыцца, можа, ні сваёю хатаю, сямейкаю, а будзе змоладу сырую зямлю парыць…

— Дык утрая, я лічу, трэба паспрабаваць выратаваць яго… — ужо цвёрда сказаў Васіль, — Можа, удасца як адарваць яго ад шайкі, вярнуць да розуму. Будзем маўчаць, а ён рана-позна пападзецца, загіне — усё жыццё тады сябе не апраўдаеш, сабе не даруеш…

8

Засада трое сутак цярпліва чакала Вяршка, але дарма. Той ці вылежваўся ў сваёй бярлозе, ці недзе рабаваў альбо, можа, па-звярынаму i насцярожыўся — сюды ні ўдзень, ні ўночы не патыкаўся. Ад бяссоння ды напружанасці выбіліся з сіл i Яніна ды Васіль i Васюкоў з людзьмі.

На чацвёртыя суткі апоўначы Мурзік падаў перасцерагальны голас — спачатку гаўкнуў раз-другі ціха, нібы будзіў, а пасля трывожна забрахаў. I калі пачуў неспакой сабакі, i калі ўжо на цёмным дварэ адной рукою гладзіў яго па галаве i шыі, a ў другой, запацелай, сціскаў пісталет, Васіль аж дрыжэў: па-вар’яцку часта i шалёна закалацілася сэрца. Сама душа адчувала: хуткая сустрэча добра не скончыцца, акрывяніць хутар, i адзін бог ведае, хто ўцалее, а каго неўзабаве i падкосіць куля. Па рыпу дзвярэй пачуў, што высунулася з зямлянкі Яніна: ёй там адной, відаць, вельмі страшна. Засыкаў — яна зноў схавалася, хоць, канечне, не супакоілася, таксама — а можа, яшчэ i больш — не магла суняць дрыжыкі.

Цёмная, амаль без зорак ноч, глухое наваколле, хутар застылі ў трывожным чаканні. Настала такая цішыня, што аж звінела ад яе ў вушах i, здаецца, не адчуваўся, а якраз чуўся стук сэрца.

Але вось у вушах нібы забухала: на пагонцы пачуліся крокі. I яны ўсё прыбліжаліся ды прыбліжаліся, скарачаючы шлях да няўмольна трагічнай хвіліны. На поплаве крокі заціхлі, а пасля ўзнавіліся: нехта ішоў сюды, да зямлянкі. I не адзін.

Васіль зусім разгубіўся: бурыўся іхні першы план, на які ён так спадзяваўся, i ўсё далейшае станавілася непрадбачанае. Па тым, па першым, плане Васіль павінен быў затрымаць, абяззброіць Янку i зацягнуць у зямлянку, каб выратаваць ад кулі, калі той зноў, як i мінулы раз, падыдзе адзін, a Васюкоў са сваімі людзьмі ў гэты час меўся ўзяць жывымі альбо знішчыць астатніх — адпетых злачынцаў. Цяпер, па іншым плане, Васілю трэба аглушыць альбо страляць у чужака, спадзеючыся, што Янка на яго, сйаяка, зброі не падыме. На словах, можа, усё выходзіла i гладка, але ці будзе ўсё так на самай справе?

Васюкоў з людзьмі затаіліся, i Васіль па постацях што набліжаліся, убачыў: ідуць сюды двое. Мурзік загірчэў, чуючы пагрозу, i Васіль наўмысна падаў голас: «Ціха, ціха, Мурзік», каб тыя яго пачулі.

— Гаспадар? — за крокаў пяць запытаў незнаемы.

— Я, — адказаў Васіль, хаваючы ў кішэню пісталет. — Сабаку во суцішваю.

— Чужых няма?

— Не, — прамовіў Васіль, баючыся, што сваім цяперашнім, здрадлівым голасам можа насцярожыць прышлых.

Постаці прыблізіліся. Адзін, крышку ніжэйшы, быў Янка, другі, высокі, ці не ў расхінутым шынялі, быў незнаемы. Па абліччы падобны на таго, што ў той прыход стаяў на варце.

— Чаго так смярдзіць бензінам? — ужо зусім блізка запытаў незнаемы. — На машыне тут быў хто?

— Я знайшоў i прынёс дадому пустую каністру. Вот яна i пахне, — ледзь не заікаючыся ад хлусні ды напружанасці, замармытаў Васіль, здзіўляючыся, які чуйны ў прышлага нюх.

Пакуль Янка падаваў Васілю руку, незнаемы зазірнуў у зямлянку, засвяціў туды, усярэдзіну, ліхтарыкам — ад святла, што адбілася ад сцен зямлянкі, у праёме дзвярэй Васіль убачыў сагнутую постаць незнаёмца — сапраўды ў расхінутым шынялі, з аўтаматам у правай руцэ, у ботах. Патушыўшы святло, відаць сам на свае вочы ўбачыўшы, што чужых людзей няма, той гукнуў савою. Тут жа з пагонкі пачуліся жвавыя крокі.

Стоячы ля Янкі, Васіль адчуў: той падвыпіўшы. Значыць, недзе пілі i рашылі зайсці сюды. Васіль засунуў руку ў кішэню i намацаў пісталет, каб неўзабаве ціха дастаць альбо выхапіць яго i смалянуць рукаяткаю незнаёмца па карку. Але ці зваліш з ног, аглушыш такога спрактыкаванага, асцярожнага бугая?

У гэтую ж хвіліну нечакана ля лугавіны, за былым садам i плотам, успыхнуў агонь i, робячы вогненную дугу, упаў на поплаве, узвіўся слупам i высвеціў дваіх, Вяршка i Крушынскага, што спакойна ішлі да зямлянкі. Тыя аж аслупянелі ад нечаканасці, на міг у адзін час закрылі твары рукамі. Крушынскі нават трымаў у руцэ аўтамат. Пасля адскочыліся: загарэлася над імі зямля. Факел, намочаны ў бензіне i цяпер падпалены, удала ўцэліў у загадзя аблітае бензінам сена на поплаве.