Гэткае ж, узнёслае, пачуццё было ў яго i сёлета. Цяпер, праўда, у яго яшчэ быў i вялікі клопат. Усе яго думкі былі найперш пра Яніну; кожны яе адчайны енк, крык ці стогн болем адклікаўся ў яго душы, i заадно ён з нецярпеннем чакаў той хвіліны, калі зямлянка, іхняе жыццё азорацца святлом вялікага жывога поклічу, радасці ды шчасця, калі пасля гэтага зменіцца іхняя доля, зменяцца яны самі, калі сцвердзіцца вялікая i магутная загадка прыроды, свету i род чалавечы павялічыцца, каб не звясціся, а яшчэ болей i далей доўжыцца.
Вось Яніна надзвычай адчайна i доўга закрычала, здаецца, з усёй сілы, i ён, заміраючы, не мог выцерпець гэтага крыку, гэтага болю, заткнуў вушы пальцамі — хоць на хвіліначку нічога не чуць, думаць, што Яніне не толькі палягчэла, але i добра. Цяжка было адчуваць, што ты нічым не можаш памагчы любімаму чалавеку, які цяпер, рыхтуючыся даць новае жыццё, сам, бадай, развітваецца з гэтым светам. Без Янінінага крыку, таксама без ціхай песні капяжу, далікатнай мелодыі марозна-сонечнага паветра зазвінела ў вушах ці ў галаве, i ад гэтага настойлівага, неадчэпнага звону ці, можа, i ад хвалявання задрыжэлі пальцы, рукі. А можа, яны закалаціліся па нейкай іншай, нават невядомай яму прычыне.
«Божа, памажы ёй», — маліў ён у думках. Пасля не вытрываў адлучанасці, адклаў пальцы, каб зноў чуць тое, што робіцца ў зямлянцы, а таксама як ціхенька пяе прырода. I ў гэтую хвіліну аж скалануўся: замест Янінінага крыку пачуў тоненькі адчайна-патрабавальны піск. У яго памлелі ногі ды сэрца аблілося гарачынёю не то ад радасці, не то ад разгубленасці: нарадзілася дзіця! У яго ёсць сын ці дачка! Яны з Янінаю ўжо не маладыя хлопец i дзяўчына, а тата i мама!
Дзіця, паддаючыся нейкаму магутнаму вечнаму клічу, усё надавала i падавала свой голас, нібы сцвярджаючы: я — Чалавек, жыву, раз мне было суджана прыйсці на гэты свет! Перапаўняючыся радасцю, хваляваннем, Васіль з нецярпеннем чакаў таго шчаслівага моманту, калі яму можна будзе зайсці, зірнуць на яго, гэтага Чалавека, у якім пульсуе i яго кроў. Як бацька, ён адчуваў, што першае іхняе дзіця нарадзілася i ў цяжкі, i ў шчаслівы час — у год, калі скончыцца доўгая, шматпакутная ды шматкроўная вайна, прыйдзе Вялікая Перамога, усталюецца на роднай зямлі мір, хоць немаўляці разам з імі, бацькамі, прыйдзецца нямала сербануць ліха, пагараваць, пасніць перададзеных ад ix трывожных сноў… Нават аж сам здзівіўся, што да яго ў гэтыя хвіліны прыходзіць нейкае новае, узмужнелае, пачуццё, нейкая новая — ці не мудрэйшая — развага, нейкі новы, ужо бацькоўскі клопат.
Урэшце, калі ён ужо знемагаў ад нецярпення ўбачыць Яніну i дзіця, адчыніліся дзверы i з зямлянкі вызірнула Чапроўская.
— Заходзь, бацька, — усміхнулася яна і, калі Васіль уваходзіў, пазіраў на палок, на даўгаватую, бледную, з заплюшчанымі вачыма Яніну i невялікі скрутачак каля яе, дадала шчасліва: — Сына маеш… Так што не звядзецца род…