Выбрать главу

Я вельмі хацеў схадзіць у магазін i сам выбраць касцюм, які, як думаў, будзе харошы, самы лепшы на свеце, паможа мне стаць дарослым, цікавым, у ім я буду лепш вучыцца, даб’юся, чаго захачу, ды i людзям можна паказаць: ужо i мы можам купляць новае i пекнае адзенне, быць не горшымі за іншых… I я не мог дачакацца, калі настане такі дзень.

Маці пабурчала на мяне ды сціхла, падышла да люстэрка, надзела светленькую блузку, завязала ружовую хустку, паглядзелася i перамяніла адзенне — дастала з шуфляды другую, сіненькую, блузачку, з маленькімі, як мак, кропелькамі. Пасля ўзяла з-пад шафы туфлі, якія носіць толькі па нядзелях ці вялікіх святах, абмахнула ix ад пылу i абулася. Як ні гавары, трэба прыхарашыцца: ідзём мы ў Налібакі — там сельсавет, пошта, магазіны, жыве многа настаўнікаў…

Гляджу я на маму i любуюся: пекная яна. Невысокая, чорненькая валасамі i бровамі, кругленькая ў твары, вясёлая, паглядаю я на яе i радуюся, што ні ў кога няма такой красуні мамы, ёсць адна такая на свеце, i тая толькi ў мяне… Падумаў я так i адчуў, што няма ў мяне ні злосці, ні крыўды, што ні ў чым яна не вінаватая, не прыдзіраецца да мяне, нядобрым стаў я сам i часамі гэтага не бачу.

— Ці не на дождж збіраецца? — калі мы выйшлі на двор, занепакоілася мама, зажмурылася i паглядзела на вадкае, нельга было глянуць, расплаўленае сонца, якое абложвалі маленькія чорненькія хмаркі.

— Не будзе дажджу, — заспакойваю я, стараюся вывесці маці з двара. — Пайшлі хутчэй!

— Можа, i раскалышацца, не будзе марасі,— сказала яна i падалася на брукаванку, азірнулася, глянула на новую нашу хату, якую паставілі тут, у вёсцы, толькі пазалетась — дасюль жылі на хутары ў цеснай дзедавай перасыпанцы. Сёлета перавезлі ў вёску i бацькаву кузню, калгас аплаціў нам за інструменты, i кузня стала калгаснай. Але бацька застаўся ў ёй кавалём, толькі цяпер ужо амаль не робіць нажоў ды сякер, а куе калёсы, правіць жняяркі i машыны…

Я пачыльгікаў за маці i весела засвістаў: хацеў, каб цяпер мяне ўбачыў Антонік — не часта i ён бывае ў мястэчку, хоць трапіць туды хоча, бо ўсе малыя дзеці стараюцца пабываць у чужой вёсцы.

Антонік, белавалосы, высокі i тонкі, як дубец, гэтаксама ўжо вымыты i пераадзеты, стаяў у сваім гародзе, нагінаў вялікую жоўтую галаву сланечніка i выбіраў з яе зярняты. Згледзеў нас, памкнуўся спытаць, куды іду, але ўспомніў, што мы цяпер «злуём», i не затрымаў мяне, адвязаў хустку з шапкі другога сланечніка (абвязвалі, каб не вылушчвалі зярнят вераб’і), адвярнуўся, як не ўбачыў, пачаў скручваць недаспелую шапку. I я не зачапіў яго, адвярнуўся, узняў галаву i моўчкі прайшоў ля іхняга частаколу. Калі, выходзячы з вёскі, я не сцярпеў i азірнуўся, то ўбачыў: Антонік выйшаў са свайго двара на дарогу i глядзеў нам услед. Згледзеў я яго — i пашкадаваў, што не загаварыў з ім: мы ідзём «далека», а ён будзе дома, не ўбачыць таго, што я ўбачу хутка. Памахаў яму рукою, i Антонік заківаў, аж падскакаў, каб я яго лепей бачыў.

Маці ішла, маўчала, i я не ведаў, пра што яна думала. Я ўглядаўся на дарогу, сабе пад ногі. Бачыў шматкі пабялелага сена, бітае шкло, згубленую некім сасновую галіну, цяпер ужо абабітую, высахлую, раздушаны яблык. Але гэта мяне не цікавіла, як не цікавіць i адзінокі падголены, цудам не зрэзаны жняяркамі высокі асот на аўсянішчы. Я нічога не заўважаю ў гэтым новага, бачу такое штодня, я глядзеў, ці не трапіцца на дарозе якая жалезіна, бо Антонік знайшоў тут учора гаечны ключ, а днямі раней — вялікую адвёртку з касцяною ручкаю: сюдою праходзіць за дзень многа машын, і, бывае, што-небудзь вытрасецца з ix. Вось i цяпер паблізу камбайн жне авёс, разварочваецца ля дарогі. Каб я пахадзіў там, то нешта знайшоў бы.

Я даваў Антоніку шапку салодкіх яблыкаў, але ён не прадаў мне адвёрткі, хваліўся, што аддасць суседу-шафёру, i той пакатае за гэта, нават дазволіць «пакіраваць».

Антонік любіць хваліцца, я… Я гэтаксама хачу, каб у мяне ўсё добра выходзіла, але мне неяк меней шанцуе, хоць сёння i я дачакаўся радасці, магу пахваліцца, як надзену неўзабаве новы касцюм.

Нечакана ў мяне ёкнула сэрца: убачыў у пыле абцугі. Я з радасцю падхапіў ix i — тут жа затрывожыўся: былі яны ў салідоле, i я адчуў, што вымазаў рукі.

Згледзела гэта маці, загневалася i не магла нічога сказаць ад нечаканасці, хацела раззлавацца, але не знаходзіла сярдзітых слоў.

— Выкінь! — спрабавала крычаць, але злосці ў яе так i не было. — Ну, чаму ты такі?.. Чысценькі, у людзі ідзём, а ты ўсялякае жалеззе бруднае паднімаеш. Будзь ты ўжо разумнейшы крыху.