— Ara, — згаджаюся я.
— Мы адзяём, кормім, а ты вучыся… Цяпер вучыцца можна: хочаш на настаўніка падавайся, хочаш на лётчыка старайся. Ты шчаслівы, што нарадзіцца ведаў калі…— кажа маці, задумваецца i як бы сумуе аб нечым. — Ну, стала далека грымець, то падаліся, сынок. Не з цукру, не растанем.
Мы выйшлі з-пад елкі, пабеглі па сцежцы, цёплых мутных лужынах, i я чуў, як дробна, гулка шалясцяць па маім пакунку празрыстыя чыстыя кроплі дажджу.
1973
Новы свет
Спечаныя яблыкі на галінках
За чатыры гады вайны
Нябёсы ўдосыць нагрэліся…
…I гэтая раніца была надта золкая: сцюдзёніла густая, кроплістая, сівая ад холаду раса. Ад яе аб’інелі за ноч сцены ды платы i нібы лёдам пякло ў босыя ногі. Было яшчэ холадна i ад настылага, высокага, аж да неба, густа-белага сырога туману, што напоўз на хутар, у Амшарок, з рэчкі i з Раўка — блізкай вялікай лагчыны.
Казік стаяў за хлявом i — яшчэ амаль сонны — пазяхаў i пазіраў удалечыню, але ні поля, ні Раўка, ні блізкіх, за вярсту, Янковіч, у якіх некалі, да польскай камасацыі[1] жылі яго дзед i бацька, не было з-за туману відаць. Бачыліся толькі зусім побач, за крокаў дваццаць, на выгане іхнія рыжаватай масці даўганогі конь i бела-жоўтая карова, навязаная вяроўкамі за ўбітыя ў зямлю калочкі: цяпер, вайною, усе гаспадары тут, на хутары, пасуць быдла ля дому. Шэрсць у каровы i каня была гэтаксама аб’інелая, a вяроўкі, што цягнуліся па зямлі, дык зусім змакрэлі, абабілі расу вакол калкоў.
Казік павярнуўся i зірнуў на хутар, дзе павінны былі відаць уроскідку тры нізкія, накрытыя саломаю суседскія хаты, але i ix цяпер схаваў белы, перамяшаны з дымам туман. Ля самога Казіка, здаецца, не было ніякага туману, a імжэла нешта сырое i дробненькае — ні то дожджык, ні то імглістая морась, — сеялася, халадзілася i ліпла да твару, як мокрае павуцінне.
Як пастаяў некалькі хвілін, Казік зусім адышоў ад сну i чамусьці не захацеў вяртацца ў цёплую, душнаватую пасля ночы хату, стаяў, пазіраў на туман i гадаў: адкуль ён бярэцца? Чаму такі густы i белы, куды пасля, калі прыгрэе сонца, дзенецца? Бо ўжо добра ведаў, што пасля такіх туманоў бывае вельмі цёпла, суха, сініцца i здаецца бяздонным, надта ж высозным неба…
Каб не гэты туман, не такая яшчэ рань, дык Казік цяпер пабег бы да свайго сябрука, Паланевічавага Стасіка. Яны ўчора ўдвух употай хадзілі ў блізкі Шабунеў лес, да Ям, дзе на тым тыдні ішоў вялікі бой — дзе, як гаварылі сталыя, партызаны зрабілі засаду на немцаў i паліцыянтаў, якія ехалі з Івянца ў Налібацкі гарнізон.
Ля Ям, як было добра чуваць, стралялі ад полудня да вечара, запалілі лес, i ён, высока ўскідваючы агонь i задымліваючы неба, гарэў некалькі дзён, пакуль полымя не зжэрла Кавалёў бор i не выскачыла на сенажаць, прабегла па казянюсе — сівых бародках, — ды па маладой атаве, прычарніла яе i не атухла. Зачапілася толькі на сухім балоце, на торфе, задымелася, пайшло пад зямлю. Адтуль усе гэтыя дні, а надта раніцамі i вечарамі цягнуўся бела-сіні дым, пахнуў едкім, гарэлым смуродам. Гаварылі, што там, на балоце, праваліўся пазаўчора ў выгаралую яміну конь — бег i шуснуў у прысак. Але агню ніхто чамусьці не тушыў. Перад вайною калі аднойчы сухі торф упалілі крычатоўскія пастухі, дык збівалі i залівалі агонь усім мястэчкам.
Вечарамі i ўночы, калі гарэў Шабунеў лес, страшна было не толькі выйсці на светлы ад недалёкага агню двор, але i спаць у хаце, у якой на сценах блішчалі, трымцелі чырвоныя водсветы, было жоўта-чырвона; каб не бачыць гэтага святла, гэтых колераў, бацька завешваў акно ад лесу дзяругаю, якая ружова свяцілася i ўсё роўна прапускала ў хату бурае святло, i маці, не могучы заснуць, бедавала, што гэта каторы ўжо год робіцца на свеце, што далей будзе, калі нарэшце настане спакой…
Казік i Стась учора змовіліся i хадзілі туды, да Ям, шукаць патроны, без якіх у ix не абыходзілася ні адна гульня. Сам Казік, можа, не падаўся б, пабаяўся, каб не ўспароцца на міну, паасцерагаўся б i бацькі, бо той крычаў за яго «гульні ca смерцю», але яго падгаварыў i звёў старэйшы на гады чатыры сябрук: ён меў нямецкі пісталет i хацеў знайсці да яго патронаў.
У свежых акопчыках i паблізу ў шыгаллі яны набралі з шапку жоўценькіх, з вострымі i тупымі дзюбкамі патронаў; задымленых гільз, што пахлі гарэлым порахам i былі чорныя ў сярэдзіне, не бралі: яны, Казік i Стасік, былі ўжо завялікія для такіх «цацак». Казік выпараў яшчэ з ігліц гранату з драўлянаю ручкаю, але Стась забраў яе сабе, сказаў, што ён ужо ведае, як разбіраць i складваць гранаты, кідаць ix, каб узрываліся, але з гэтай гранатай яны сходзяць заўтра на рэчку, на Сядзіўную, — раскладуць на беразе агонь, усунуць яе — во бабахне i рыбы наглушыць.