I гранату, i патроны дадому яны не прынеслі, а закапалі ix у сухім пяску на ўзлеску.
— Казя! — пачуў ён з-за хаты матчын мяккі, амаль пявучы голас. — Дзе ты там дзеўся? Хадзі сюды!
Ён перастаў думаць пра туман, пра Стасіка i гранату, падаўся ля глухой сцяны хлява ў двор.
Невысокая, тонкая, дробная на твары, маладая яшчэ, гадоў трыццаці двух, яна на днях сама так гаварыла, але ўжо вельмі сівавалосая маці стаяла ля расчыненых сянец, мяшала секачом у ражцы едзіва свінням — у ражцы было поўна, i з яе лілася долу белая ад бульбы вада.
— Дзе ты прапаў? — зірнула на яго, высакаватага, але тонкага i худога, здаецца, са злосцю спытала маці.— Стаяў, мусіць, разявіўшы рот, i глядзеў на поле… А тут хоць разарвіся: у гаршках кіпіць, Вэрця хлімкае…
Казік прамаўчаў.
— Даб’ешся нешта ад цябе! — з крыўдаю сказала маці, выцерла рукавом упацелы лоб. — Такі ўжо маўчун, у каго толькі ўдаўся?! Трэба дзесяць разоў папытацца, каб слова выцадзіў… Ідзі, папільнуй свіней… — прамовіла яна і, не пазіраючы на яго, адставіла ўбок накарэлы i мокры знізу сякач i панесла, нагінаючыся налева, ражку ў блізкую, за плотам, загарадку, дзе нылі падсвінкі, бачачы едзіва.
Казік ішоў за маці, а пасля пералез за ёю ў загарадку, добра ведаў, што гэта такое — папільнаваць свіней. Гэта трэба пастаяць з дубчыкам ля карыта i паглядзець, каб большы падсвінак не адпіхаў меншага. Хоць доўгае карыта i падзелена пасярэдзіне палачкаю, але большы парсюк грызе меншага, адпіхае, стане з нагамі ў карыта i глытае адзін. Сам адсунецца, калі вылавіць усю гушчу, пакіне на дне адзін шчолачак, крыху ляніва пацэдзіць яго праз зубы i адыдзе.
Як маці, злуючыся на свіней, якія наступалі ёй на ногі, выліла ў карыта з ражкі едзіва, вярнулася ў хату, з яе адразу выйшаў бацька — высокі, на галаву вышэй за мaцi, плячысты, русявы, у лапцях, палатняных штанах i зрэбнай кашулі з белым кужэльным каўнерыкам.
Бацька, здаецца, гэтаксама пастарэў за гэтую зіму: сагнуўся ад працы i ўсякіх хвароб, ад страху, адпусціў рыжаватыя густыя вусы i бараду, стаў вельмі сур’ёзны, хмурны, больш маўчыць, чым гаворыць. Ходзіць, сядзіць i ўсё думае ды думае, пра нешта часта шэпчацца з маці. Употайкі ад яго, Казіка, яшчэ вясною закопваў у полі, сярод маладой бульбы, кадушку з жытам, a гэтымі днямі амаль не бывае дома, а недзе ходзіць. Праўда, гэтую ноч спаў дома.
Калі Казік запытаецца часамі, дзе ён, бацька, быў, дык i той, i маці засыкаюць, пачнуць вучыць, што трэба гаварыць, калі зойдуць «чужыя дзядзькі» i запытаюць, дзе «гаспадар». Казіку тады трэба адказваць, што «няма таты дома, пайшоў у Івянец i не вярнуўся яшчэ…».
Бацька, здаецца, гэтаксама з дзівам пазіраў на густы туман. Ён нёс з сянец дошчачку з прысохлай зверху каламаззю i невялікую трэску. Падаўся да калёс, што стаялі ля дзвярэй гумна.
Казік ведаў, што бацька будзе зараз ладзіць воз, бо збіраецца вечарам з суседзямі ехаць у млын. Казіку вельмі хацелася гэтаксама паехаць з ім — ад’ехацца хоць ад свайго двара, паглядзець дарогу, лес, паслухаць, пра што будуць гаварыць мужчыны, паглядзець млын, раку, камень, што трэ зерне, меле муку, захацелася з’есці хлеба. Хлеба ўжо не пяклі даўно, з пачатку лета — не было мукі: тая, закапаная, дзежачка ўсё роўна прапала… З астатняй гаркаватай i пратухлай мукі, якую маці выкалаціла з вялікай кадушкі, што стаяла ў кладоўцы, варылі яшчэ ў чэрвені зацірку, якую трэ было есці праз сілу…
Казік падумаў, што пастаіць яшчэ крыху ля свіней, папільнуе ix i падыдзе тады да бацькі ды папросіць узяць з сабою, бо вельмі ж хочацца паглядзець «свету». Ён, не хочучы быць тут, у загарадцы, з абыякавасцю зірнуў на сцены хаты. Яна са старога дрэва, з падгнілымі падрубамі, з глыбока паточанымі бярвеннямі. Пад адною саламянаю страхою — хата, праз сцяну хлеў, гумно, дрывотня. Самая новая, жоўтая, з рудымі сучкамі дрывотня — яе бацька збіў сёлета з аполкаў i расшчапаных камлюкоў. Летась, як i сёлета яшчэ, даўно ўжо складзеныя дровы ляжалі, летавалі ля сцяны пад страхою — па той i па гэты бакі хаты.
З коміна выплываў лёгкі бела-сіні дым, пахнуў сажаю i сасною, не слупіўся ўгору, a слаўся па страсе, ападаў долу, рассцілаўся па двары, ад яго, ад дыму, завільгатнеліся сцены, плот, i з ix абвісалі i падалі на зямлю кроплі вады.
Большы парсюк, як бачыў ля сябе Казіка з дубчыкам, глытаў з карыта гушчу, аж трэсліся ў яго вушы, i не адганяў меншага. I Казіку зусім надакучыла пазіраць на свіней, на брудную ix шэрсць ды парэпаныя вялікія вушы, на стаптаную загарадку i саламяную страху хаты. Ён паглядзеў уверх, бачыў, што ўзнімаецца за Шабуневым лесам халоднае i зусім не яркае сонца, жаўцее праз туман, што там увачавідкі радзее, спаўзае, гусцее ў лагчынах i ля лесу — вісіць, як белае воблака. Пакрысе становіцца відаць сонечнае неба над туманам, i ў ім праз шэрань усё гусцей паказваецца далікатная, празрыстая сінь, i гэтая цяпер лёгкая блакітнасць паказвала на добрае надвор’е, якое мусова павінна было быць: Казікаў бацька збіраўся ехаць вечарам у млын змалоць мукі, каб спячы хлеб. Такі дзень мусіць быць сонечны i цёплы.