Бацька дастаў загваздку, зняў шайбу, адцягнуў кола, трэскаю набраў з дошчачкі каламазі i тыцнуў яе на тонкую бліскучую вось, добра, з усіх бакоў, абцёр трэску, тады зноў падняў перадок калёс, запхнуў кола на месца, пакруціў яго за спіцы, засунуў шайбу, загваздку, падвязаў яе дротам.
Большы падсвінак задаволіўся, цохнуў яшчэ раз вады i адышоў ад карыта. Цяпер не трэ было пільнаваць, i Казік пералез цераз жэрдкі, падаўся да калёс.
— Ідзі ў хату, нагуляй з Вэрцяю, — сказаў бацька, адцягнуў другое пярэдняе кола, — няхай маці ўходжваецца, ды будзем з ёго веяць жыта.
Казіку i цяпер не хацелася вяртацца ў хату, гуляць з маленькаю сястрычкаю: яна яшчэ не ходзіць, а ляжыць у калысцы. Якая з ёю гульня?
Казік пазіраў на шырокую бацькаву спіну, загарэлую рудую шыю i падумаў, што нікога на свеце няма дужэйшага за бацьку. Ён раней адзін i тоўстыя бярвенні на калёсы клаў, i нагружаны задок воза паднімаў, i яго на назе, як пушынку, падкідаў. Бацька ўсіх мужчын на хутары дужаў: часта на якіх хрэсьбінах ці вяселлях барукаўся з імі — схопіцца накрыжкі i паваліць.
— Вось i дачакаліся, што ў млын паедзем, — неяк шчасліва ўсміхнуўся бацька, мажучы з’езджаную вось. — Хочаш хлеба?
Казік кіўнуў галавою, успомніў, што даўно ўжо не трымаў у роце i сухой скарынкі, забыўся пра яе смак.
— Будзеш на днях есці свежы хлеб, — кажа бацька. — Колькі захочаш, столькі i з’ясі…
Казік прыпомніў, як маці ў пачатку лета — у апошні раз — пякла хлеб. Размяшала загадзя муку з вадою ў дзежцы, паставіла яе на печ. Раніцаю рукамі мясіла цеста, клала на лапату, што была пасыпана мукой, апускала рукі ў вядро з вадою, пасля гладзіла цеста, аж яно блішчала, тыцкала наверсе яго пальцам, робячы крыжык, паабапал яшчэ торкала дзірачкі, сунула лапату ў гарачую печ, i турзаючы лапату да сябе, ссоўвала з яе цеста на падмецены пальтовым веткам под. I так яна паклала паблізу прычарнелага жару пяць булак. Апошні раз, як сабралася засунуць на под маленькую для яго, Казіка, булачку, прымусіла стаць ля прыпека i колькі раз дакранулася да яго галавы лапатаю i нешта шаптала. Так яна лячыла, каб ён болей у пасцелі «не лавіў рыбы». A пачаў «лавіць рыбу» ён таму, што спалохаўся паліцыянтаў. Тады, зайшоўшы днём у ix хату, адзін з ix, невысокі, тоўсты, як калодка, нібы жартам піхнуў яму, сцішанаму, руляй вінтоўкі ў жывот, пасміхнуўся: «Чаго баішся нас, малы заходнебеларусец?.. Скажы лепш, ці прыходзяць да вас парцізаны?..»
Хлеб хутка пачынаў пячыся, пах на ўсю хату соладдзю, што цяпер ад успаміну пра той хлебны пах у Казіка аж закружылася галава, a ў роце нагнала сліны…
— Ну, ідзіце снедаць! — адчыніла дзверы ў сенцах i паклікала маці.
Казік хуценька павярнуўся i падаўся ў хату: на сняданак яго не трэ было шмат клікаць. Убачыў, што на полі ўжо, пакуль ён пастаяў ля бацькі, амаль не стала туману, там цяпер рэдзенькая імжа, блішчыць раса, дзе-нідзе зіхаціць сіненькімі зорачкамі. Белае воблака густа ахутвае толькі лес i паўзе на Равок — там яшчэ надта бела, як зімою ў мяцеліцу.
Цяпер амаль добра відаць блізкія, праз вузкае поле-палосю, нізкія, абсаджаныя садамі i бэзам суседскія хаты, ix гароды i сады. Дым з комінаў уяга не сцелецца па зямлі, а падымаецца ўгору. Толькі комін Грыгарцэвічавай хаты не дыміць: яны штодня рана ўстаюць, выпальваюць у печы хутчэй за ўсіх.
Раніца на хутары. Такая раніца, як была i шмат дзён дасюль за жнівень. I астатняе ўсё такое ж: поле, неба, хаты, конь i карова, якія пасуцца на лужку, свінні ў загарадцы, бацька, маці, ix тупатня ля хаты. I ён, Казік, здаецца, гэтакі, які быў пазаўчора, надоечы i сёння. Толькі вось цяпер дзве новыя думкі ў яго галаве — пра гранату, якую яны са Стасікам пакладуць хутка ў агонь, i пра млын, куды вечарам паедзе бацька i, можа, возьме з сабою…
Зайшоўшы ў невялікую, у адзін пакой, хату, Казік убачыў на стале бульбу, міскі з буракамі, лыжкі. Ён сеў у кутку на лаве i пачаў абіраць гарачую бульбіну.
У калысцы-ночвах, што была падвешана вяроўкамі да столі, ляжала распавітая Вэрця. Яна радасна мармытала, паднімала ўверх маленькія ногі з малюсенечкімі пальчыкамі, гуляла. Матузок ад яе шапачкі пад барадою быў бурачковы, чырванаватай была i грудзіна: відаць, маці нядаўна карміла яе бульбай i буракамі.