Выбрать главу

Злез з сядла i паліцыянт, паправіў на плячы карабін, падсунуў яго пояс бліжэй да шыі — каб не спаўзаў. Плячо шыняля, дзе дагэтуль цёрся пояс, блішчала: вышмальцавалася.

Паліцыянт i стары немец падаліся сюды, у двор, на міг схаваліся за дрывотняю — ішлі да брамкі. Матацыкліст, сярэдняга росту пажылы мужчына, застаўся ля матацыкла, прысеў, закасаў вышэй рукавы i пачаў корпацца ў маторы.

— Гаспадар? — падышоўшы да бацькі, які стаяў на двары, не вітаючыся, сурова запытаў стары немец, пад вузкімі вачыма якога i ля доўгага, крыху дзюбаватага носа былі вялікія чорныя ўпадзіны.

— Гаспадар, — чамусьці не сваім гучным голасам, а амаль шэптам хутка адказаў бацька, ведаючы, што стомленыя, суровыя людзі вельмі злосныя.

Лысы немец прайшоў побач, падаўся ў хату. Там ці то са стомленасщо, ці то з абыякавасцю зморшчыўся, агледзеў невялікі пакой, калыску i босага Казіка, які ўслед за бацькамі зайшоў у хату. Пасля скінуў шынель, згарнуў яго, паклаў на калені i сеў на лаве. Падняў са свайго боку сурвэту i закрыў ёю сняданак. У адным месцы сурвэта абвісла i пачала мокнуць, чырванець ад буракоў. Лысы здзьмухнуў перад сабою на голым стале крошкі, дастаў з нагруднай кішэні зложаны папалавіне, абшмальцаваны з сінімі вокладкамі тоўсты сшытак i аловак. Аловак быў без дзюбкі.

«Будзе нешта пытацца, — падумаў Казік. — Але я нічога не скажу, хоць чуў, як прыходзіў той ноччу барадаты партызан, бачыў, цікуючы з-пад коўдры, як маці завешвала акно, паліла газоўку i давала начному госцю есці… Цяпер няможна нічога нікому гаварыць… Цяпер трэба маўчаць, а то за язык…»

— Зваць як? — перапыніў Казікавы думкі стары немец, зірнуў на бацьку, нахмурыўшы бровы. — Цяляты язык аджавалі, ці што? Ну, як назвіско ваша, фамілія?

— Хлябовіч, — зноў шэптам адказаў бацька. — Браніслаў Хлябовіч, бацька Янам быў.

— Вось што, Хлябовіч… — ні на кога не пазіраючы, прамовіў уладна немец, распраміў, прыгладзіў далонню сшытак, а пасля пачаў вастрыць ножыкам аловак; глядзеў толькі на свае вялікія рукі, на хвіліну пасля змоўк, калі хацеў яшчэ нешта сказаць, то паламалася дзюбка, i ён так не прамовіў нічога, зноў пачаў вастрыць.

Казік са страхам пазіраў на старога немца, чакаў, што ж ён запытае. Што той гаварыў па-польску i па-тутэйшаму, не здзіўляўся: амаль усе немцы, што заходзілі сюды, гаварылі па-свойму, але былі не раз i такія, што гаварылі i паруску, i па-польску i ўстаўлялі тутэйшыя словы. Хваліліся, што да вайны жылі разам з палякамі ці паблізу ix.

Стары немец здзьмухнуў ca стала смецце, падняў галаву — усе ca сполахам на яго глядзелі ды чакалі, што ж ён скажа, здзіўляліся, чаго ён марудзіць, не дапытвае. А можа, ён не марудзіў, можа, гэта толькі здавалася… Ён строга зірнуў на паліцыянта, што стаяў у парозе, прытуліўшыся да вушака, — i той не вытрымаў позірку, апусціў галаву. Раней, калі заязджаў, быў смелы: i кепікі ўсякія строіў, i на паліцу, дзе стаялі пустыя пляшкі, заглядваў, i хваліўся, як яго начальства паважае…

— Дык вот што, Хлябовіч, — пастукваючы пальцам па стале, надзьмуў тоўстыя губы, з халодным бляскам у вачах зірнуў на бацьку стары немец. — Маем загад з Івянца сёння ачысціць гэтую зону пад нумарам… Значыць, людзей трэба вывезці, а хутары i мястэчка спаліць…

Бацька, слўхаючы, здаецца, пабялеў з твару, маўчаў — ад нечаканасці i страху не мог вымавіць i слова.

— За што гэта? — нарэшце прашаптаў ён, сціскаючы ў руцэ бульбіну.

— Партызан корміце i адзяецё… — сказаў немец. — Ворагаў нашых, ворагаў новага парадку… Вось i маем загад зрабіць мёртвую зону…

— Не кормім мы нікога… — пачала апраўдвацца маці.— Самі во без хлеба, без сала ды без солі жывём. Што тут дасі, калі сам усяму жадзён. Ды i не ведаем мы ніякіх партызан…

— Дзесяць мінут вам на зборы… — больш не стаў яе слухаць стары немец, падняўся. — На каня — i ў Янковічы… А ты хадзі сюды… — прамовіў ён i хацеў узяць маці за плячо, але яна адскочылася. — Тады хадзі ты, гаспадар… — павярнуўся, падышоў да бацькі, узяў яго за кашулю i павёў на двор. — Зобач, паглядзі!

Зірнуў i Казік, куды паказваў немец, i ўбачыў неспадзяванае i не паверыў спачатку сваім вачам: гарэлі суседскія хаты. Высока ўверх над імі ўскідваліся чырвона-жоўтыя языкі, шугалі, аж чуўся шум ад ix. Даносіўся i пах гарэлай саломы.