— Ды толпе гэшыхтэ, ды фон гойтэ, ляст айнэн цум ідыётэн вэрдэн[8]… — як агрызнуўся, крыўдзячыся за гэтыя крыкі, стары немец, пакутліва зморшчыўся.
— На, на, Хойзер! Хальт ды фрэссе, зонст кналле ix дых ві айнэн фэррэтэр аб! — грозна, у злосці сказаў яму прыезджы афіцэр, а пасля ўжо — як угаворваючы ці падбадзёрваючы: — Унд ix бін ззр кранк. Унд кан ніхт… Абэр вір зінд дойчэ зольдатэн… Фэрштэст ду?.. — і, павярнуўшыся да бацькі, загукаў: — Шнэль![9]
Стары немец нічога не адказаў, пайшоў у гумно i хутка разам з маладымі салдатамі пачаў выносіць адтуль мяшкі з жытам.
Бацька дрыжачымі рукамі запрог каня, пайшоў у хату i вынес дзяругу з адзеннем, з цяжкасцю, зморшчыўшыся ад болю ў жываце, падняў яе i паклаў на воз. Клунак заняў шмат месца, здавалася, што не будзе дзе i сесці.
— Вэг! — закрычаў афіцэр, падбег i тыцнуў бацьку кулаком у грудзі.— У Янковітшы…[10]
Бацька пачаў разварочвацца, выязджаць з двара.
У гэтую хвіліну сюды, да ганка, падышоў матацыкліст з вядром, плюхнуў з яго нешта вільготнае на сцяну, запаліў запалку i кінуў туды — тут жа ўспыхнула полымя, пашугала да страхі, што пачала ўгарацца спадыспаду, трашчала, як нешта ў ёй лопалася, задымелася i ўсхапілася чырвонымі языкамі. Ужо неўзабаве паваліў дым з самага верху — i страха ўся ўспыхнула, загула, апаліла жарам.
Матацыкліст у гэты час нешта закрычаў па-свойму, кінуў вобземлю вядро, пабег да матацыкла i вярнуўся адтуль з фотаапаратам, замахаў усім немцам рукой, паказваючы ісці да хаты. Тыя ахвотна падышлі, сталі побач, адзін ля аднаго, спіною да агню, усміхаліся (стаяў ля афіцэра i стары немец, толькі не ўсміхаўся) — матацыкліст укленчыў на адно калена, закінуў за галаву тонкі паясок, прымяркоўваў фотаапарат на ахопленую полымем хату i пстрыкаў, пасля падняўся, шчасліва ўсміхнуўся i падняў уверх вялікі палец: — Фэрціг! Унд шэн![11]
Як выехалі за хлеў, Казік зірнуў на суседскія хаты: яны былі ўжо без стрэх, з чорнымі кроквамі i латамі, што густа дымеліся, a мясцінамі, дзе былі на ix сучкі, гарэлі чырвона-жоўтымі агеньчыкамі. Чорныя, як галавешкі, стаялі i сцены, сіне дымелі. Дрыжала вакол ix нагрэтае паветра. Казік пазіраў i бачыў, як абрынуліся кроквы дома Навіцкіх, паехалі долу, задымелі i пырснулі іскрамі.
За лесам у чыстае блакітнае неба поўз чорны дым — гарэў увесь хутар. А можа, дымеліся яшчэ i Пруды ды Крычаты.
— Хатачка мая! — зноў не вытрывала, дала волю слязам маці.— Кароўка мая, жытачка наша!.. Дзе-е-э-тачкі мае!..
Заплакаў за маці i Казік, адчуў: згарыць вось-вось іхняя такая ўтульная хата, а ix некуды звязуць. Стаяць вунь на дарозе ў мястэчка нагружаныя клункамі падводы суседзяў. Сталыя мужчыны самотна пазіралі на ix i на іхнюю палаючую хату, стаялі ля вазоў, а кабеты i дзеці сядзелі на клунках. Сядзеў на звязанай вузлом дзяружцы i светлавалосы Паланевічаў Стасік, але ён быў цяпер маўклівы, заплаканы i на Казіка, здаецца, нават не зірнуў.
Ля калёс на траве, гаворачы i моцна смеючыся, сядзела трое маладых немцаў-салдат, трымаючы між ног аўтаматы, i ля ix — моўчкі двое паліцыянтаў. Ba ўсіх былі да каленяў аброшаны боты i спацелыя, з цёмнымі рагамі твары…
Цяпер, як выехалі на дарогу, было відаць, што гарэлі i Янковічы: вісеў над імі дым аж да неба. Спачатку паднімаўся слупкамі ад кожнай хаты, а тады — вышэй — зліваўся ў вялікую чорную хмару, што распаўзалася па ўсім небе, захіляла сонца.
Бацька пад’ехаў да Грыгарцэвічавага воза — немцы i паліцыянты паўсхопліваліся, закрычалі пярэднім ехаць. Невялікі абоз крануўся. Немцы паўскоквалі на першыя вазы, распіхваючы дзяцей, пазвешвалі ногі, трымаючы ў руках аўтаматы. Калі памкнуўся ўсесціся на пярэдні воз паліцыянт Шыдлоўскі, то два немцы, смеючыся, сапхнулі яго з калёс, штурхнулі ў паясніцу нагамі. Шыдлоўскі паляцеў долу, на абочыну, упаў на калені, хуценька падхапіўся i ўсміхнуўся. Але смяяўся не хочучы, з сорамам. Болей ні на які воз не палез, пачакаў старога немца, які гэтаксама падышоў да дарогі, i пасунуўся побач за ім ззаду калёс, на якіх сядзеў Казік.
Нечакана ляснуў кароткі стрэл — i запішчаў парсюк, як стрэлілі яшчэ раз, завішчаў i меншы падсвінак тонкім голасам. Што там на двары болей рабілася, не было відаць з-за хаты.
Тут, з гэтага боку, бачылася, як ухапілася агнём страха не толькі на хаце, але ўжо i на гумне ды на дрывотні, пацягнулася ўвысь доўгімі агнянымі языкамі, бачылася, як адыходзіць далей ад хаты афіцэр, адкочваюць ад платоў матацыклы салдаты. Як адапхнулі ix, падскочылі да каровы, якая ўцякала, скачучы пярэднімі снутанымі нагамі. Але салдаты, абапёршыся на яе поўныя бакі, хутка злавілі яе за рогі.
9
— Ну, ну, Хойзер! Сціхні а то застрэлю, як здрадніка! I я хворы. I стаміўся... Але мы нямецкія салдаты... Разумееш? Хутка!