Выбрать главу

Маці, калі ўбачыла гэта, i смяялася, i папікала, што лез да вядра: «Ужо, лічы, кавалер, а розуму ніякага няма…» — а пасля прытуліла, шкадавала, прасіла адкрыць рот. Глядзела на абадраны, з крывёю язык i бедавала, што ён, гэты язык, не дасць цяпер у рот ні халоднага чаго, ні гарачага ўзяць…

…Новую хату, дзе цяпер былі Казік i маці, тут, на хутары, бацька пачаў ставіць, як толькі вярнуўся з бежанцаў — калі адступілі немцы i прыйшлі сюды савецкія салдаты.

Бацьку ў войска не ўзялі: ён хварэў перад гэтым на жаўтуху. Спачатку бацька, яшчэ добра не паправіўшыся, тут, ля былога селішча, зладзіў зямлянку. У ёй яны жылі аж да першых маразоў, пакуль не перабраліся ў падладжаную новую хату.

Янковічы, хутары пуставалі. Нядаўнія суседзі ўсё яшчэ былі ў Нямеччыне, i ніхто пра ix нічога не ведаў — жывыя яны ці даўно ўжо на тым свеце. Тутэйшыя ix селішчы застылі, утапталіся, абмыліся дажджамі i снегам, зараслі палыном i сухадзяроўкаю — i ўсё навокал увогуле здзічэла, як тут i не жылі людзі.

Бацька i маці, як толькі зрабілі зямлянку, наслалі ў ёй замест пасцелі моху, пачалі цягаць з лесу бярвенне. Рэзалі там пілою стройныя сосны, валілі ix, разразалі, клалі на калёсы, без драбінак ды ляжанкі i цягнулі да свайго селішча. Каня не было: яго забралі ў абоз.

Да першых восеньскіх зацяжных дажджоў бацька зляпіў невялікі, на адну палавіну i з адным акном, зруб, накрыў яго трысцём, нашчапаў сасны, паслаў з гэтых плашак столь, на яе наслаў моху i нацягаў пяску, а пасля ўзяўся сам складваць печ. На яе выбраў цэглы з папялішча i зрабіў новай, накапаўшы гліны на Каменнай гары.

Аднойчы, калі майстраваў ложак-тапчан, да ix зайшоў барадаты партызан. Ён цяпер стаў старшынёй тутэйшага сельсавета. Павітаўся з бацькам i з ім, Казікам, за рукі.

— Ну, вось ужо ў Янковічах i ёсць людзі,— усміхнуўся ён. — Віншую! Значыць, будзе жыць веска… Можа, хутка вернуцца i астатнія янкоўцы, людзі з другіх вёсак — i будзем пачынаць пакрысе ладзіць новае, сацыялістычнае, жыццё… Пачнём з таго, — ён падміргнуў Казіку, — што зладзім школу… А пасля пачнём калгасы ладзіць, заворваць межы…

— Можа, ці вернецца ўжо хто адтуль?! — пабедавала маці.

— Вернуцца, — адказаў старшыня сельсавета. — Нашы ўжо вось-вось возьмуць Берлін… Але i ты, таварыш Хлябовіч, папрацаваў! — здзівіўся госць, пазіраючы на новую хату. — Так можна змоладу падарваць здароўе… Столькі працы… I што ж вы тут ясце, людзі?

— Булён по сны, зацірку, — адказала маці,— сушым трысцёвае карэнне, таўчом яго i варым каву, варым жалуды, робім павідла з лопухавага карэння… А вопратку мыю сабачым мылам…

— Так… — пацмокаў барадач. — Выцерпелі не такое, дык неяк выцерпіце i гэта… Усё хутка перайначыцца… Ну, а што вы кармілі мяне i маіх сяброў тут, на гэтым хутары, што правілі нам хамуты, шылі боты там, у Ружэвічах, я вам дам даведку, што вы памагалі партызанам, дам карову…

Назаўтра бацька з раніцы пайшоў у сельсавет i прывёў чорна-белую былую партызанскую карову. Маці гладзіла галаву каровы, а ж плакала ад шчасця, гаварыла, што цяпер, маючы карову, яны ўжо напраўду зноў выжывуць.

Бацька адразу ж узяўся касіць старую, нікім за гэтае лета не чапаную, здзічэлую траву. Хлява, канечне, хутка не мог зрабіць, адклаў гэтую работу на вясну. Дык прыставіў да шчыта хаты высокіх жэрдак, абклаў ix мохам, зноў, каб не сарваў моху вецер, наставіў наверх моху жэрдак i ў вузкім, але высокім катушку знайшлося месца карове, якую нанач прывязвалі за рогі пастронкам да ўбітага ў сцяну вялікага цвіка.

…Бацька ў вераснёўскі сонечны дзень паблізу хаты, на поплаве, касіў, a Казік з маці грэблі скошаную яшчэ пазаўчора траву i насілі яе да азяроду.

Працавалі моўчкі; бацька махаў i махаў касою; маці i Казік, вяртаючыся ад азяроду да поплаву, яшчэ ўсё чуючы салодкі пах сена, ішлі з апушчанымі галовамі, пазіралі долу: калолася ў босыя ногі.

— Зірні, сын, у цябе вочы маладыя… — неспадзявана сказала маці, штурхнула Казіка ў бок локцем i кіўнула на здзічэлае, зарослае парыжэлаю свірэпаю, асотам, асветленае цяпер жаўтаватым святлом невысокага сонца поле. — Ці не чалавек вунь ідзе…