Рыпнулі намёрзлыя, з белымі галоўкамі цвікоў дзверы, напусцілі халоднай пары — зайшоў у хату бацька, ужо з месяц такі ж, як i раней, худы, скура ды косці на ім, але, здаецца, памаладзелы: згаліў вусы i бараду. Цяпер ён быў чырвоны, шчокі яго ад марозу яшчэ больш сцягнула, i ён выглядаў зусім худым. Ён скінуў нацёрты чырвонаю цэглаго кажушок (адзін на дваіх з маці), на чорнай аблямоўцы якога набілася дробнага сена i мякіны, паклаў на край пліты рукавіцы.
— Ідуць, — сказаў бацька, зірнуў на маці, якая збіралася ўжо высыпаць на стол бульбу.
— А мы во… — прамовіла яна, — запазніліся, не паснедалі яшчэ…
Бацька прамаўчаў, зірнуў толькі на гаршчок з бульбаю, што стаяў на краі пліты, пракаўтнуў сліну, i Казік убачыў, што i ён вельмі хоча есці, бо кожнага дня з’есць, што дасць маці, i не раз кажа, што ён яшчэ столькі з’еў бы. Казік ужо сёння, як толькі маці адцадзіла ваду з гаршка, ухапіў пару гарачых бульбін i, перакідваючы ix з рукі ў руку, астуджваючы, з’еў, распаліў голад да таго, што аж забалеў жывот. Хочучы есці, ён як пра сон, што спіцца, але ніколі не спраўджваецца, успомніў пра даваенпыя нядзелі, у якія маці пякла смачныя бліны, смажыла катлеты, варыла мачанне i ячменную каву, а да яе пякла салодкія сухарыкі, намазаныя зверху жаўтком i пасыпаныя цукрам…
Стары немец ужо на двары, калі ўбачыў Казіка, шырока заўсміхаўся бяззубым ротам, прывітаў рукою. Малады немец зірнуў на акно i на Казіка з нейкаю зайздрасцю i тут жа зноў са стомаю звесіў галаву.
Гучна прарыпеў ля хаты ад крокаў снег, i госці пастукалі ў дзверы: яны, дзверы, адразу выходзілі на двор, бо не было яшчэ ні сянец, ні плота вакол хаты.
— Можна, — сказала маці.
Дзверы адчыніліся — i спачатку напаўзла панізе белая пара, за ёю ўвайшоў дзяцюк, тады ўжо ўсунуўся стары. Ён i прывітаўся, пачаў адразу адвязваць зледзянелыя матузы вушанкі.
— Ну i зіма! — закрактаў ён, пацёр далонню шчокі.— Такі мароз перад узыходам сонца… Агонь!
Маці i бацька слухалі i маўчалі.
— Не першы тут год, i не першая тут такая зіма… — гаварыў стары ўсё адзін. — Як вы толькі i жывяце… Мне холадна. Можа, i таму, што стары… А пра яго, — ён паказаў рукою на маладога немца, — няма што i гаварыць. Мерзне i мерзне… У бараку, у лесе з пілою… Сюды ледзь даплёўся, садзіўся колькі разоў на снег i гаварыў, што не ўстане… О, сын мой, ды ў цябе шчокі i нос белыя… — затрывожыўся стары, хуценька падаўся на двор, прынёс жменю снегу і, скінуўшы з галавы ў таго шапку, пачаў церці ім шчаку.
Рыжы падлетак — рыжы на твары ад рабаціння, на галаве ад валасоў — моршчыўся, шморгаў носам, спрабаваў адшпіліць гузікі шыняля, але ніяк не мог зрабіць гэта адубелымі нальцамі. Бела-пасінелая дасюль шчака чырванела, амаль на вачах налівалася ружовасцю. Ён моршчыўся (снег раставаў на шчацэ i цёк па шыі на грудзі), а пасля нечакана загаласіў на ўсю хату: мусіць, запалымнеў твар.
— I ў салдаты во ўзялі…— цёр падлетку шчокі, а тады i пальцы рук i гаварыў стары. — Дзіця ўзялі… Ён жа яшчэ зусім малады, шаснаццаці няма… Ці во я — салдат… Шэсцьдзесят на той год будзе. Але не паглядзелі на гэта, прыгналі: ваюй, стары, ваюй, малады… Ваюй за Гітлера. A Гітлер — ды якая трасца цяпер яму?! А мы…
Падлетак пачаў угравацца, расчырванеўся, але яму, як відаць, усё яшчэ балела ад гэтай цеплыні. Ён перастаў плакаць i з сорамам выціраў рукавом слёзы, забруджваючы шчокі.
— Рускі афіцэр гаварыў сёння, што рускія ўзялі Кольберг, Кезлін, — гаварыў стары. — Дык, можа, да вясны будзе канец такой доўгай i цяжкой вайне?.. Вашы людзі вернуцца, i мы паедзем дадому, паедзем, апусціўшы галовы… А! — ён махнуў рукою. — Якая яшчэ трэба слава! З мячом прыйшлі, ад мяча i галовы пагублялі… Скарэй бы да жонкі, да дзяцей!..
— Нашы людзі альбо вернуцца, альбо не, — азваўся бацька, — ніхто ж не ведае, чаго ix звезлі, што з імі…
— Так, пан, так, — заківаў у згодзе стары, — Гітлер наш вельмі нядобры, ён i ў нас сваіх праціўнікаў бязлітасна караў. Ад яго можна ўсяго чакаць… I вайну з Paсіяй ён толькі… А потым тут, — ён паківаў галавою, — так з людзей здзекаваліся.
— Божа мой, як нам абрыдзелі гэтыя войны… — уздыхнула маці. Яна сядзела ля стала, збіралася есці.— Гэта ж не месяц i не год нават, а запар гэтулькі гадоў ішла такая калатнеча… Гэта ж у каждую мінутку страх быў… Цяжка во цяпер, немаведама як дажыць да вясны, але няма страху, што прыйдзе нехта i ці абярэ, ці спаліць…
Малады немец падсунуўся да напаленай пліты i грэўся. Раз за разам шморгаў носам i кашляў. Бухаў неяк надта суха i цяжка — аж чырванеў на твары.