Выбрать главу

— Для нас трагед ыя, i для вас трагедыя… Для ўсіх народаў гора… — заківаў галавою стары, патаптаўся, гэтаксама падышоў да пліты i апусціў над ёю чорныя ад хваёвай смалы рукі.— I для ix, дзяцей, — кіўнуў на Казіка i на падлетка, — трагедыя, гора… Дзецям вучыцца трэба, а яны… Ды што яны за вайну бачылі? Жах адзін… Не тую, што трэба, навуку бачылі…

Маці моўчкі, слухаючы гамонку, палезла на печ, нагнула дзежачку, наліла ў міску саладухі, вярнулася i паставіла яе на стол. Саладуха наздрылася, кісла запахла. Немец-падлетак зірнуў на стол, праглынуў сліну.

— Можна, пані, я залезу на печ i пагрэюся? — спытаў стары, як заўважыў гэты галодны позірк маладога.

— Лезце, — адказала маці.

Стары разуўся, павесіў на сагнутую трубу ад пліты анучы, усунуў у чаравікі па паленцу i паставіў ix па пліце, прыхіліўшы чаравікі да трубы. Анучы адразу ж запарыліся, запахлі потам. Стары пабраўся на печ, адсунуў лахманы, карчажку, сеў на голай ляжанцы. Але доўга не ўседзеў, пачаў падкладаць пад сябе смалякі. За старым ля сцяны ўсё яшчэ спала Вэрця.

Маці ўкінула ў саладуху драбочак сахарыну, размяшала, стараючыся лыжкаю расцерці яго. Бацька гэтаксама моўчкі дастаў з кішэні фрэнча ножык i пачаў ім абіраць бульбу — здзіраць тоненькую лушпінку. Пальцам узяўся чысціць сабе бульбу i Казік.

Падлетак пазіраў усё на стол. Казік разумеў, чаго той так з прагаю пазірае. Ад гэтага свайго адчування Казіку рабілася чамусьці вельмі сорамна, i ён апускаў галаву, адводзіў позірк…

— Не магу, калі так пазірае… — кажа шэптам бацьку маці. Яна наўмысна перасела, прымасцілася спіною да рыжага падлетка. — Дзіця ж…

— Адлі крыху яму… — гэтаксама шапнуў бацька.

Стары, відаць, не пачуў, пра што шапталіся маці i бацька, але неяк зразумеў, што яны перамаўляліся пра ix: паклікаў маладога грэцца разам на печы. Той з неахвотаю падаўся, сцягнуў з ног боты.

Маці паднялася з-за стала, узяла з паліцы гліняную місачку, адліла ў яе з вялікай місы саладухі, узяла пару бульбін i пайшла да печы. Стары пазіраў на гэта ca спакоем, нават неяк з журботаю, а вочы маладога, здаецца, успыхнулі, заўсміхаліся. Ён не мог стрымацца i раз за разам каўтаў сліну. Вочы яго пазіралі толькі на гэтую няпоўную міску, дзе была рэдкая i кіслая саладуха.

— Не трэба, пані,— падняў галаву, сам каўтнуў сліну стары немец, — вам самім няма чаго, не тое што нам яшчэ… Нас жа кормяць у лагеры, мы ўжо цёплай вады з травою напіліся б ды пагрэліся б. I на тым дзякуй вам вялікае…

— Пасёрбайце, — сказала маці.

— I ў вас, пані, i ў людзей вашых добрае сэрца… — прамовіў стары, беручы ў рукі міску i бульбіны. — Ён, малы, яшчэ не бачыў гэтага, як не бачаць i каторыя старэйшыя, кажуць, што цяпер нам помсціць будуць…

— Вы гаворыце пра нашу пом сту ды злосць… — азваўся бацька. — Каб вы прыйшлі не з вінтоўкамі, не біць ды паліць нас, a прыйшлі ў госці, па-добраму, дык мы б вас i пакармілі i напаілі б… I песні разам паспявалі б. А так — якая нам радасць ад вас? Гора ды бяда толькі…

— Так, пан, так, — са згодаю заківаў галавою стары, перавярнуў на трубе анучы, якія пачалі падгараць.

У хаце запахла гарэлаю адзежынаю. Даўка было i ад жалезнай трубы, што пахла не па-цаглянаму мякка i ўтульна, як пліта, а дыхала па-свойму — суха i дзярката. Трубу гэтую маці штотыдня бяліла мелам, але бель адразу, як толькі труба награвалася, рудзела, а праз дзень-другі i адвальвалася.

— Можна, пані, я вазьму самавар? — стары аддаў міску i бульбіны падлетку, а сам злез з печы.

— Бярыце, — адказала маці.

— Дзякую, — прамовіў ён i босы пайшоў па халоднай гліне да парогa, наліў з вядра ў «самавар» — невялікі пусты снарадны патрон — вады i паставіў яго, адкінуўшы ўбок верхні маленькі кружочак, на пліту, зноў палез на печ.

У гэтым «самавары» грэла сабе гарбату i маці. Гарбата гэтая, праўда, вельмі доўга пахла жалезам i порахам, але цяпер «самавар» добра абварыўся i больш пе гаркавіў вады.

Калі вада закіпела, стары ўзяў з кішэні свайго шыняля загорнуты ў сінюю анучку скрутачак, разгарнуў яго. У ім была нейкая сухая рыжая трава. Ён адарваў ад пучка пекалькі лапак, разламаў ix i апусціў у вар. Тады дастаў з кішэні пінжака-мундзіра маленькую шкляную бутэльку, заткнутую гумовым коркам, адкаркаваў яе i высыпаў на далопь белых «пігулак» — сахарыну.

Стары трымаў сахарын на далоні i чакаў, пакуль высербае саладуху малады i калі настоіцца навар. Малады немец трымаў у руках міску, бульбіны, еў i стараўся не выпусціць з лыжкі ніводнай кропелькі. Калі нёс лыжку да рота, дык пад яе падстаўляў далонь i кропельку, што падала на яе, адразу ж злізваў.

Казік ужо здаволіўся, стаміўся сёрбаць, хоць i адчуваў, што не вельмі прагнаў голад. Поўны жывот, бурчыць у ім, але есці ўсё роўна хочацца.