Выбрать главу

— Хіба мы старыя ці беларукія якія, што будзем баяцца работы? — адказала, ужо не з разгубленасцю, а з вераю ў яго i свае сілы.

— Ну, дык i пачнем прыжывацца, — сказаў ён, радуючыся, што Яніна паспакайнела. — Давай чысціць студню.

Неўзабаве Васіль спусціўся па зрубе ў калодзеж, узяўся падбіраць колле, звязваць, a Яніна вяроўкаю выцягвала наверх. Калі ачысцілі, тады па чарзе выбіралі драўляным вядром старую пратухлую ваду i вылівалі яе воддаль.

3

Сонца сёння, здаецца, зайшло зарана, нібы пашкадавала, каб яны не надарваліся: i Васіль, i Яніна не стаміліся, зусім не думалі пра стому — цягалі i цягалі ваду са студні, вылівалі, жадаючы, каб светлы дзень яшчэ доўга не канчаўся. Старой, нясмачнай вады вунь яшчэ колькі — амаль на цэлы круг.

Калі звечарэла, спахапіліся, пакінулі калодзеж у спакоі, пачалі дбаць пра начлег. Васіль насек паваленага абгарэлага частаколу (калі кратаў i сек, дык з большаю моцаю пахла гарэлым), расклаў паблізу калёс цяпельца. Пакуль ён напаіў Рыжага i перавязаў на новае месца на поплаве, Яніна прымайстравала каля агню саганкі з вадою: адзін, каб зварыць булён, другі, каб медь вар, памыць пасуду.

Пазней, калі са смакам пасёрбалі булёну — з маладой бульбы-самасейкі, са шчопаццю чырвонаармейскіх макаронаў, запраўленага чырвонаармейскаю тушонкаю, — пачалі рыхтавацца да сну.

Памыўшы пасуду, Яніна зладкавала на калёсах пасцель — падбіла ўзятае яшчэ ў Ружэвічах сена, дастала з клунка тое-сёе са свайго пасагу — дзяружку, падушкі i коўдру.

Васіль за тэты час схаваў у надзейным месцы торбу з харчам, патушыў цяпельца. Не варта, каб яно некаму — надта ліхому — кідалася здалёку ў вочы.

Без агню стала цёмна. З высі на ваколіцы адразу ж пала цемень, накрыла поле, блізкі лес, хутар, ix абаіх цішынёю. Гэтая цішыня была, амаль сказаць, нязвыклая. Бадай, страшнаватая. Здаецца, звыклыя, вабныя былі цёмнае неба, рэдкія далёкія зорачкі, а вось усё астатняе насцярожвала ды прыгнятала: па тым, што нідзе вакол не рьшалі вороты ці калодзежныя жураўлі, не чуўся чалавечы голас ці сабачы брэх, не тарахцелі калёсы альбо не даносіўся стук сякеры, адчувалася: вакол безжыццёвая, абязлюджаная прастора.

Вёска, хутар, калі яны з людзьмі, дык i цяпер, увечар, іншыя. Можа, таксама ціхія, але i ў цішыні ўсё роўна адчуваецца жыццё.

— Якая нямая ціш! — прашаптала Яніна, тулячыся да яго. — Нідзе ніякага гуку! Хоць бы кот дзе мяўкнуў ці нейчы крок пачуўся! Гэткая немата не меней страшная, чым гвалтоўная часіна, калі блізка страляюць ці паляць. Вусцішна.

— Вернуцца людзі з Германіі, асядуць — будзе ўсё па-людску, як i трэба, — супакоіў ён, — Зноў будзе гамана, смех, крыкі, песні…

— Калі яшчэ вернуцца! I ці вернуцца?

— Вайна скончыцца, усё ўляжацца, дык адразу i вернуцца.

— A ці адпусцяць ix? Ці тут прымуць? — у Янініным голасе пачулася трывога, — А можа, ix усіх там, не дай божа, замучаць ды паб’юць перад прыходам нашай арміі?

— Не можа быць, каб пазводзілі гэтулькі людзей, вёсак, — гэтая трывога нечакана перадалася i яму, кальнула шпількаю ў сэрца, але ён стараўся ёй не паддацца. Лягчэй нашмат жыць, калі сам сябе супакоіш, маеш моцны дух. — Яшчэ ж увесну, перад наступлением, присылал} каторыя ў Ружэвічы i ў іншыя вёскі весткі, пісьмы, пісалі, што маюць многа работы на нямецкіх заводах i фабрыках, у вёсках, бяспраўныя, але жывыя…

— Хіба дасі цяпер іхнім гаспадарам вялікую веру? Хіба тут, у нас, мала тыя пабілі люду? Каторыя вёскі, як нашы Янковічы i блізкія хутары, палілі без людзей, a ў каторых зганялі старых, малых у якое гумно, запіралі i палілі ўсіх… А на канец вайны… Адзін бог ведае, што яны могуць вытварыць ад вялікай злосці…

Васіль таксама адчуваў: вогненны віхор пранёсся ўжо на роднай зямлі туды i назад, памчаўся да кастра, адкуль выскачыў. Але праўда, як кажа Яніна, хто ж ведае, што там, у нелюдзевай бярлозе, будзе, хто выжыве, а хто i не ўцалее? Канечне, апошні бой будзе жорсткі, люты. Канечне, можа быць нямала ахвяр — наўмысных i ненаўмысных. Як сярод салдат з розных бакоў, так i сярод цывільнага люду — тамтутэйшага i вывезенага, — так, можа, i сярод янкоўцаў. А з янкоўцамі павезлі туды яго маці, сястру, трох братоў (ён, Васіль, уцёк па дарозе i ў Германію не трапіў). Бацька памёр яшчэ тут, у няспаленай хаце, да блакады. Лічы, у адзін час з Янініным бацькам. Каб на добры час, дык, можа, абодва i засталіся б жыць: адзін памёр ад нарыўнога зуба, a другі — ад запалення лёгкіх. Ix, канечне, загубіла не хвароба, а вайна, безурачоўе. Янініна маці засталася ў бежанстве, у Ружэвічах, а яе сына на тым тыдні ўзялі на фронт.

— Не дай бог, калі прыйдзецца адным жыць тут… — прамовіла Яніна. — Адным на ўсё хутарское i янкоўскае поле ці з чужымі, наезджымі, людзьмі…