Аж сшэрхла скура ад яе гэтых думак: праўда, калі раптам пагінуць на чужыне ўсе янкоўцы, дык яны застануцца тут адны, як сіроты ці як апошнія тутэйшыя насельнікі. Тады сапраўды Янковічы могуць i звесціся, калі раптам у ix, у яго i яе, не будзе дзяцей…
— Не. Душа чуо: i жывуць нашы людзі, i жывыя дадому вернуцца, — адказаў ён, цяпер ужо сам сябе падбадзёрваючы. — Іначай бог зусім ужо нелітасцівы… А мы першыя тут, як кажа Васюкоў, пачнем заводзіць новы, янкоўскі род…
— От кажаш… — папікнула. — Не гняві без дай прычыны бога, калі хочаш, каб спрыяў…
— Хіба я гняўлю яго? Я ж прашу, каб быў літасцівы. I да ўсіх янкоўцаў, i да нас. Што мы дагэтуль найболей бачылі? Лічы, адны толькі калатнечы, звады, рабаўйіцтва, знявагі ды гора…
— А недзе ж там, высока i далека, рай, — відаць, з таемнасцю пазіраючы ў цёмнае неба, прамовіла яна задумліва. — Там легка, шчасліва, без калатнечы, звад, рабаўніцтва, без зняваг i гора жывуць душы, што не грашылі, а шмат напакутаваліся на зямлі… Недзе там сядзіць i Ён i, можа, нават цяпер пазірае на нас. Бачыць вакол поле, лес, папялішчы, але адны шустрыя ды не зусім мудрыя маладыя ўжо тут… Відаць, хітае галавою ад нашай залішняй смеласці…
— Не, — да яго скрозь стому, непрыемныя ды горкія трывогу i розныя хвалюючыя прадчуванні нечакана пад’шшчыла гарэзнасць. — Ён хітае галавою па іншай прычыне: гэтыя маладыя — нібы старыя дзед i баба. Разважаюць, уздыхаюць, скардзяцца, наракаюць, баяцца ўсяго i зусім забыліся пра маладое…
Яніна на нейкую хвіліну замаўчала, здаецца, не чакаючы ад яго цяпер гэткіх гарэзных слоў, а пасля схамянулася, у яе быццам неспадзявана штосьці змянілася ў душы, прарвалася жывасЦь альбо гарэзнасць праз смутак, пакуты i боязь. Праўда, толькі яна была стражэйшая, затуліла яму рот пахкай ад дыму далонькай.
— Ты — што? — не то здзівілася, не то папікнула. — Хіба можна такія словы гаварыць?
Васіль хацеў адняць яе маленькую, але дужую далонь ад рота, каб яшчэ пажартаваць, пагарэзаваць нават дзеля нейкай палёгкі, а яна настойліва не паддавалася. Нават не заўважылі, як у гэтай нечаканай кароткай барацьбе палымяна ўспыхнула іхняя маладая кроў, апаліла ix гарачым, яшчэ амаль непарушаным маладым агпём. Паволі зніклі ca свядомасці ноч, неба, зямля з усімі яе бедамі i клопатамі — міжволі цвердаватая, пахкая дымам далонька адкрыла яму рот, апынулася, здаецца, на яго шыі. Яніна перастала супраціўляцца, аддана прытулілася, i яны абое заціхлі ў пацалунку, што быў усё болей i болей слодычны, хмяліў, змушаў часцей біцца іхнія сэрцы, траціць сталую ўжо разважлівасць, змушаў забыцца на стрыманасць i свядомасць, шпурляў у полымя, што было ўсёперамагальным поклічам кахання i жыцця. Супраць гэтага поклічу няможна ўстояць. Нават з усёй суровай рэчаіснасцю. Ён настойліва вабіў, клікаў у свае ўладанні.
— Мілы! Харошы мой! — праз хвіліну зашаптала Яніна. — Як я цябе люблю!
— I я цябе, — прашаптаў i ён, пасля, аддаўшыся ва ўладу таго поклічу, яшчэ нешта прамармытаў пяшчотнае ды заціх, бо, здаецца, яны абое адарваліся ад гэтага хутара, грэшнай зямлі i птушкамі памчаліся ўвысь, у неба ці нават туды, дзе быў загадкавы, недасяжны, як кажуць, для зямнога чалавека рай.
Але такі ўжо чалавек, такія яго пачуцці, каханне, узнёсласць, шчасце, што яму зусім ненадоўга даецца нешта звышпачуццёвае i звышрадаснае, нябеснае, ён застаецца зямным, каб не забываўся, што ён якраз чалавек са сваімі, зямнымі, пачуццямі, клопатамі ды адчуваннямі. Неўзабаве тое «звыш» спала, знікла, маладая кроў пачала ўтаймоўвацца, разлівацца спакоем, радасцю па ўсім целе, але пяшчота, праўда, затрымалася. I калі Васілю хацелася памаўчаць, ціха перажыць урачыстасць жыцця i кахання, дык Яніна мела цягу пагаварыць, яшчэ папяшчоціцца, выказаць тое цёплае, сардэчнае, што сабралася ў яе ўражлівай, добрай жаночай душы i чакала сваёй, адпаведнай для інтымнасці ды шчырасці, хвіліны.
— Васілёк, ты хочаш, каб у нас было дзіцятка? — ціха запытала яна.
— Хачу.
— I я вельмі-вельмі хачу, — узнёсла прамовіла. — Здаецца, аж бачу ўжо яго: маленькае, мілае, харошанькае… Малюсенькі носік, малюсенькія вочкі… А каго ты хочаш: дачку ці сына?
— Сына.
— Няхай першы будзе сын. Калі вырасце, ён стане гэтакі, як i ты: высокі, дужы, са светлымі валасамі, паглядны. А пасля яго будзе дачка. Можа, i надобная на мяне. А можа, i на цябе. Ты ж наглядны, дык няхай i яна будзе такая ж. Кажуць: калі дачка падобная на бацьку, дык шчаслівая. Я падобная на тату, дык i маю шчасце. Я даўно ўжо, яшчэ да вайны, хацела, каб якраз ты ўзяў мяне замуж, быў мой…