— A ў вёсцы ці ў вас, на хутары, калі былі танцы, дык уцякала ад мяне альбо сярдзітая была…
— Дурненькі мой, — пагладзіла далонню па яго грудзіне. — I не ўцякала, i не была сярдзітая. Я не хацела, каб ты i на другіх дзяўчат пазіраў, усміхаўся ім ці танцаваў з імі… I ў Ружэвічах не хацела, каб ты на каго зыркаў… Баялася, наварожвала, каб ты не прыстаў у прымы да гаспадаровай дачкі. Яна ж, як кошачка на смятану, на цябе пазірала, як сыч надзімалася, калі ты ca мною танцаваў альбо мяне дадому падводзіў… I я дабілася свайго. Узяў мяне — я i шчаслівая. Не бяда, што цяпер цяжка, гаротна, няўтульна. Век так не будзе. Паспрыяе бог — i людзі нашы вернуцца з чужыны, i веска адбудуецца, i жыць будзем добра. Абы мы любілі, шанавалі адно аднаго. Дасць бог — i вайны больш ніколі не будзе. Бо ўжо ўвесь свет убачыў, колькі пакут, гора, страт прыносіць вайна. Людзі захочуць жыць у спакоі, у згодзе ды ў дастатку…
Яна шаптала — то расказвала, то пыталася пра нешта, што яе непакоіла, — а ён адказваў адным-двума словамі ці маўчаў. Таму абое нават i не заўважылі, як да ix падкраўся, змарыў сон.
Спалі яны ў першую ноч на сваёй бацькаўшчыне, напрацаваўшыся, на свежым паветры, соладка, але, мусіць, нядоўга: пабудзіў сабака. Ён улёгся нанач пад калясьмі, ляжаў ціха, але вось чагосьці заліўся брэхам.
Васіль падхапіўся. Не ўбачыў, a толькі пачуў у цемені-гушчэчы: Мурзік стаяў паблізу калёс i гаўкаў на пакрытае чарнатою поле.
— Што тут? — падхапіўшыся, ca спалохам запытала Яніна.
— Нічога не відаць, — адказаў ён.~ Можа, цяўкае на зайца альбо на вожыка. Ці на якую аўчарку, што адбілася ад свайго гаспадара.
— Ваўкі! — усклікнула Яніна i ca страхам прытулілася да яго.
Васіль таксама згледзеў: бліснулі непадалёку, відаць, ужо на пагонцы, агеньчыкі. Можа, i нейчыя іншыя — дзе тут разбярэшся ўночы ды спрасоння.
— Не бойся, — хутка апомніўшыся, супакоіў Васіль i дастаў з-пад падушкі падораны Васюковым пісталет. — Маем чым абараніцца.
— Кажуць, не надта цяпер ваўкі ды аўчаркі баяцца чалавека ці стрэлаў,— бліжэй тулячыся, ціха сказала яна.
Агеньчыкаў на пагонцы скупілася шмат. Ваўкі, здаецца. Можа, беглі па іхніх учарашніх слядах, вымкнуліся на пагонку — вынюхаць, хто тут заявіўся жывы, ці пачакаць новай важаковай каманды, што рабіць: нападаць ці не? Мурзік, адчуўшы страх, сцяўся, баязліва шуснуў пад калёсы; Рыжы на поплаве, здаецца, падхапіўся, таксама падаўся сюды, шукаючы ў ix, людзей, абароны.
— На нас ідуць… — задрыжэла Яніна.
Васіль падняў руку i стрэліў — туды, на пагонку, панёсся пагрозны агонь. Залажыла ў вушах ад гучнага стрэлу. Агеньчыкі замітусіліся, а пасля раптоўна зніклі ваўкі, здаецца, пашыбавалі па пагонцы ў вёску. Мурзік выскачыў з-пад калёс i ўжо смела загаўкаў услед пераможным брэхам.
— О божа! — уздыхнула Яніна. — Як б’ецца сэрца. Здаецца, выскачыць з грудзей… Не, я тут уночы адна ніколі не застануся… — i неўзабаве зноў насцярожылася, тузнула яго за руку. — Чуеш: тупат?!
Сапраўды, па дарозе ад крычатоўскага лесу хтосьці бег. I якраз сюды. Можа, яшчэ ваўкі перлі перад сабою ласіны статак. Але, кажуць жа, цяпер ласёў вельмі мала: выбілі за вайну людзі, нямала парвалі ваўкі ды аўчаркі.
Здаецца, тупат быў ужо на пагонцы. Бліснула адтуль святло. Доўгім яркім промнем. З ліхтарыка. Значыць, беглі сюды людзі. Здаецца, яны ўжо згледзелі іхнія калёсы, Рыжага, запаволіліся i закрочылі марудней, высвечваючы папялішча. Падыходзіла, здаецца, не меней дзесяці чалавек. Мурзік зноў шуснуў над калёсы. Ён быў хітры i навучаны за вайну сабака, не на кожнага чалавека брахаў.
— Хто такія? — за крокі два да ix запытаў пярэдні нечаканы госць. Загаварыў па-руску.
— Бежанцы, — адказаў Васіль, амаль нічога не бачачы: сляпіла вочы нацэленае на твар ліхтарнае святло.
— Хто страляў? — зноў пачуўся той жа строгі голас. — Каму быў сігнал?
— Я страляў,— прызнаўся Васіль, — Адганяў ад калёс ваўкоў ці аўчарак.
Чалавек, што пытаўся, тут жа загаварыў па-нямецку — прышэльцы заварушыліся, загергеталі. Васіль, крыху ведаючы нямецкую мову, нават тое-сёе зразумеў.
— Чую па гутарцы: тутэйшыя, беларусы, — сказаў перакладчык. — Кажуць: бежанцы.
— Відаць, бежанцы, — прамовіў нехта іншы, здаецца, стары ўжо чалавек, — Не падобна, каб былі ў засадзе ці за сігнальшчыкаў…
— Для ix вайна скончылася ўжо? — здзівіўся хтосьці іншы. — Вярнуліся сюды жыць? На пустэчу?!
— Чалавек, дружа, такі: жывы — пра жывое i думае… — зноў пачуўся старэчы голас. — А тутэйшыя людзі тым больш… Яны жывушчыя i трывушчыя, як жывёла… Зарыецца, як крот, у зямлю, будзе галодны, голы i босы, але выжыве… Пра іхнюю трывушчасць мне яшчэ бацька гаварыў: ён быў тут у тую, першую, вайну, нагледзеўся ўсяго…