Выбрать главу

Чалавек з ліхтарыкам падышоў бліжэй. Высокі, з аўтаматам у руцэ, у афіцэрскім мундзіры.

— Зброю сюды! — закамандаваў.

Васіль дастаў з-пад падушкі пісталет (калі ткнуў туды, не запомніў), падаў. Той выцягнуў руку, забраў, сунуў пісталет сабе ў кішэню галіфэ.

— Яшчэ маеш што? — запытаў і, калі Васіль адказаў, што цяпер абяззброены, ужо больш паспакайнела: — Тэта — Янковічы? Так?

Пачуўшы адказ, пачапіў аўтамат на плячук, дастаў з афіцэрскай сумкі карту, разаслаў на коўдры, на іхніх нагах і, накіраваўшы на яе святло, тыцнуў брудным пальцам у кружок.

— Тут — Пруды? Лявей — Налібакі? Так?

— Так, — пацвердзіў Васіль.

— Чырвонаармейцаў вось тут, у налібацкім лесе, бачыў? — загарнуўшы карту, запытаў яшчэ.

— Мы тут толькі першую ноч: i ехалі сюды крычатоўскім лесам, у налібацкім лесе не былі.

— A ў крычатоўскім лесе чырвонаармейцаў бачыў?

— Не.

— Калі бачыў, дык гавары. Заманіш у пастку — вернемся i расстраляем.

— Праўду кажу. Далібог.

— А з мілкай, як кажуць у вас, i ў шалашы рай? Га? — нечакана перамяніў гамонку перакладчык, хапнуў Яніну за грудзі.

Яна, у начной белай кашулі, з распушчанымі валасамі, віскнула ад болю i страху, схавалася за Васіля. Няпрошаныя госці ўсцешна зарагаталі.

— Можа, i варта было б, смяльчак, пацешыцца з тваёю мілкаю, пакінуць пра сябе памяць… — ухмыльнуўся высокі. — I наш афіцэр, i салдаты даўно ўжо не мелі ўцехі… Бач, ён тубылец, ужо пра дамашні прытулак дбае! Каму вайна, а каму ўжо i мір, уцеха…

Васіль змаўчаў. Няхай абы-што балбочуць, рагочуць, абы не чапалі.

— Ладна, лічыце, пашанцавала вам. Няма часу… — нібы даючы ім міласціну ці шчасце, прамовіў той, — Але водкуп возьмем: дайце нам паесці, папіць.

— Вада ў студні, але старая, нясмачная, а яды мы не маем самі…— адказаў Васіль, — Кажу ж, з бежанцаў мы, ды ўдзень нас аграбілі. Усё забралі.

— А чым жа харчуецеся? Травою?

— Мы яшчэ…

— Ладна, маўчы. Бачу: маніш, выкручваешся, — абарваў перакладчык і, павярнуўшыся да сваіх, сказаў ім па-нямецку, каб ішлі па каня.

— Пан, ён стары, паранены… — запаліўся, не зважаючы на асцярогу выратаваць Рыжага, Васіль. — Вам з яго толк малы…

— Гэта мы самі ўбачым, — буркнуў той. Нагнуўся, здаецца, адпіхнуў нагою баязлівага Мурзіка, выцягнуў з-пад калёс клунак, развязаў, выкуліў усё долу. Свецячы ліхтаром, выбраў не новыя, але яшчэ моцныя Васілёвы суконныя порткі, кашулю; сёй-той з хаўруснікаў высокага таксама нагнуўся, пачаў нешта выбіраць сабе.

Васіль моўчкі душыў у сабе злосць, бо ведаў: не варта храбрыцца.

Меў ужо горную, прыдбаную за акупацыю, навуку: брыкацца перад людзьмі са зброяю не трэба. Пастраляюць, паб’юць — і, не міргнуўшы вокам, не зашкадаваўшы, пойдуць далей сваёю дарогаю. Ім забіць чалавека — тое ж, што забіць i муху. 3 болем пазіраў толькі, як перабіралі іхнія транты, забіралі лепшае, як двое ці трое пайшлі па каня.

— Ладна, — зноў «міласціва» паўтарыў высокі, набраўшы сабе адзення, — брыкаліся, не хацелі мець Генеральбэцырк Беларутэнію, жыць у Остландзе, знацца з культурнаю нацыяй, дык жывіце далей з бальшавікамі-азіятамі ды з крывадушнымі яўрэямі… Яны зробяць вам тут «рай». Паплачаце, не раз пашкадуеце…

Пасвяціў на студню — туды пабрылі прышэльцы. Выцягнулі бадню вады, паспрабавалі піць, але, не засмакаваўшы, злосна шпурнулі бадню ў калодзеж, залаяліся i палапаталі праз поле на Налібакі — відаць, ідучы ўслед за фронтам, імкнуліся лясамі ды палявымі сцежкамі да Гродна. Павялі з сабою i Рыжага.

— О божачка! — толькі цяпер азвалася, застагнала

Яніна. — Ну i ночка! Гэта ж маглі і забіць, i павесці з сабою… I паздзекавацца…

Васіль не адказаў. ГІераадольваў сам i страх, i шкадобу па Рыжым, бо меў на каня вялікія надзеі. Які ж ён цяпер, без каня, гаспадар? Як стане на ногі? Што — на сабе будзе араць, вазіць з лесу дровы?

Больш у гэтую ноч i раніцу яны не спалі, праляжалі да світання, не заплюшчваючы вачэй.

4

Па апоўдні, як капалі яміну i раз за разам выкідвалі на бакі жоўты пясок, Васіль i Яніна, нібы i не азіраючыся, амаль разам заўважылі: з крычатоўскага лесу, прыгінаючыся, выйшлі два чалавекі — сярод жыта i асоту замільгалі іхнія галовы. A прыкмецілі таму, можа, што цяпер, напалоханыя ўночы, былі падобныя на птушак ці звяркоў: рабілі сваё, але ні на хвіліну не забывалі, не выпускалі з поля зроку наваколле.

На пагонку вымкнуліся знаёмыя людзі. Васюкоў i Казлоў. Нізка прыгінаючыся, ішлі якраз сюды, да папялішча.