Янінін i Васілёў лёс рашыўся сёлета ўвесну, калі пацяплелі ночы, пырснула маладзенькая, кволая зелянота на дрэвах.
У адзін з такіх позніх майскіх вечароў яны сядзелі на лаўцы каля Янінінага гаспадара і, як у ранейшыя вечары, шапталіся, па-маладому гарэзавалі. Абое аж уздрыгнулі, калі нечакана з ганка пачулі строгі голас Янінінай маці, старой Чапроўскай:
— Яня, ідзі ў хату! I ты, Вацік, зайдзі…
Паслухалі. Сціхлыя, наструненыя, пайшлі на кліч. Васіль тупаў з насцярогаю: ён, прызнацца, пабойваўся Янінінай маці — невысокай, худой, кульгавай старой кабеты. Яму які ўжо час i тады, калі хадзіў разам з Янінаю ў Янковічы ў старую, польскую, школу i, бывала, крыўдзіў яе, дробненькую, паглядную дзяўчынку (крыўдзіў нават па невядомай яму самому прычыне), i цяпер, калі прыйшлося разам ратавацца, шукаць прытулку ў Ружэвічах, паразумецца — здавалася: старая Чапроўская (хоць якая яна была старая?! Ёй ішоў яшчэ ўсяго толькі сорак другі год!) недалюблівае яго, зыркае спадылба, нібы на воўка, стараецца ні сустрэцца з ім, ні загаварыць. A калі спаткае выпадкова на дарозе ці мусіць пры людзях сказаць слова, дык не пазірае ў вочы, буркне нешта толькі для адчэпнага. Пагэтаму i ён намагаўся не трапляць ёй на вочы, не заходзіў у хату, дзе кватаравалі Чапроўскія. Хоць яна, старая, канечне, ведала, што яе Яніна «любіцца», як казалі ў Ружэвічах, з маладым бежанцам, сваім земляком. Цяпер Чапроўская, відаць, клікала ix на нейкі суд.
Яніна i Васіль зайшлі ў невялікую, на адзін пакой, хату, дзе на вокнах віселі цёмныя фіранкі, а на камінку тлела лучына. Чапроўская сядзела ўжо пры стале, абапіраючыся на гладкую ядлоўцавую кавеньку; на другі бок стала прымайстраваўся светлавалосы Янка; на тапчане сядзелі гаспадары, Кажушкі.
— Садзіцеся, галубэ, — не то сярдзіта, не то лагодна прамовіла Чапроўская i паказала ім месца на лаве — паблізу сябе.
Яны паслухмяна селі. Нібы вінаватыя ці нібы сапраўды на нейкім судзе.
— Скажыце вы мне: праўда гэта ці не, што людзі гавораць? — рашуча запытала Чапроўская. — Што вы хадзілі да ксяндза i дамаўляліся, каб ён даў вам шлюб?
Васіль з трывогаю апусціў галаву: Чапроўская супраць таго, што яны «любяцца», думаюць пажаніцца? Па-другое, чаму яна пытаецца пра гэта не ў адной Яніны, але i ў яго? Што надумала яна? Разлучыць?
— Хадзілі, гаварылі…— нечакана смела прызналася Яніна.
Яе маці, бадай, разгубілася i з адчаем зірнула на ix абаіх. Васіль не падымаў галавы, але душою адчуваў гэты гіільны разгублены i адчайны позірк. Калі ж на міг асмеліўся падняць вочы, дык аж здзівіўся: сярдзітая кабета была цяпер зусім не сярдзітая, а разгубленая i нібы хацела заплакаць, чамусьці найбольш пазіраючы на яго рукі. Ён, бянтэжачыся, нібы які рабаўнік, не ведйў, дзе дзець ix, гэтыя свае рукі — вялізныя, з шырокімі, па лапаце, далоньмі ды з ёмкімі пальцамі. Ад ix, таксама i ад шырозных плячэй ён здаваўся здаравідлам, мядзведзем, a Яніна побач з ім выглядала зусім дробная, кволая, як лань. Аж сцяўся ад адчування гэтай сваёй велічы, дужасці і, здаецца, няўклюднасці ды ад Янінінай кволасці. Адчуваў: з-за гэтай жа прычыны, мусіць, хоча цяпер i заплакаць Чапроўская, — бачыце, на яе дзіцятка квапіцца гэткі велікан.
— Каб не такі час, дык я не замінала б, не стаяла на вашай дарозе… — урэшце ціха i чулліва i, галоўнае, здаецца, сапраўды лагодна да Васіля сказала Чапроўская. — Няхай бы сыходзіліся i жылі сабе на здароўе, калі ўпадабалі адно аднаго. Я пра цябе, хлопец, нічога благога не скажу…
Ён, пачуўшы гэта, усцешыўся, здзівіўся: няўжо гэтая, як здавалася, вельмі строгая кабеціна не вастрыла i не вострыць на яго зуб?
— Як не скажу нічога благога ні пра тваіх дзеда i бабу, пра бацьку-нябожчыка. Гаспадарлівыя, талковыя, паважаныя ў вёсцы былі людзі. I на маці ні злосці, ні крыўды не маю. Гаротніца яна. На далёкім свеце цяпер недзе з дзецьмі пакутуе… Але ж… — гаворачы, Чапроўская адну руку пакінула на кавеньцы, другую прыклала да ўпалых грудзей, — Хіба цяпер, дзеці мае, думаць пра вяселле? Кажуць жа, скора Саветы наступаць пачнуць, будзе непадалёку вялікая бітва… Хоць бы жывымі застацца… Людзі янкоўскія вывезеныя, вёска спаленая, пустая, дзікая… Мы яшчэ тут… Ці да галавы, кажу, ігрышча?! — I, бачачы, што нішто ix, моладзь, не палохае, папрасіла: — Пачакайце хоць крыху, дзеці мае, няхай усё ўтрасецца, уляжацца. Бо цяпер я вам i вяселля ніякага не зраблю. I няма з чаго, i няма дзе…
— Не трэба нам вяселля, — абзыўнулася Яніна, — Шлюб возьмем — i ўсё, жыць будзем…
— Што ты гаворыш, дачка?! — усклікнула маці.— Як жыць без вяселля?
Чапроўская з надзеяю i з мальбою зірнула на Янку: ты ж, сын, за гаспадара ў нас, дык памажы! Але той, малады, Васілёў сябрук, яшчэ ніжэй угнуў галаву, відаць, не ведаючы, што парадзіць у такой важнай справе.