Выбрать главу

— Яны, пані Зося, яшчэ не думаюць пра тое, пра што вы ўжо са сваёю мудрасцю талкуеце, — уставіў слова гаспадар, лысы, таўсматы, спагадны, але жартаўлівы, часамi нават кплівы чалавек. — У ix пра іншае думкі. Маладому з маладою маладое ў галаве…

Кабеты збянтэжыліся. Засаромеўся i Васіль. 3-за свайго жаніхоўства. Нехта іншы, падумалася цяпер яму, нават маладзейшы, хірлявы, жаніўся да вайны ці ў вайну — рабіў усё па-чалавечаму, як i трэба, а вось падумаў ён пра жаніцьбу напрыканцы калатнечы — усё нібы дачасна, сорамна. Быццам спяшаецца, адно толькі грэшнае мае ў галаве.

— Божа ж мой! — пахітала сіваватаю галавой Чапроўская, — Hi двара ні кала, а думаюць сыходзіцца, жыць, сям’ю новую ладзіць…

— Можа, i не варта, пані Зося, баяцца ды наракаць, — зноў сказаў гаспадар. Але ўжо сур’ёзна, без кпінаў,— Абое маладыя, здаровыя, змалку навучаныя да работы. Па-другое, не такі ўжо i галец ваш зяць. Прыблукаў сюды летась з пустымі рукамі, голы як бізун. А цяпер мае свае калёсы, плуг, пілу, сякеру, косы. Мае каня. Не прапаў, адным словам, без бацькі ды маткі. Сам па сабе на ногі стаў. Малайчына! Парабкаваў, лічы, у Дошчачкі-скнары, быў малатабойцам у каваля, але сабраў, кажу, усё для гаспадаркі. Ca сваёй долі, што зарабіў за восень i зіму, увесну пшаніцу пасеяў, картофлю пасадзіў… Сталы ўжо, адным словам, гаспадар. Не прападзе i сам, i дачка ваша за ім не загібее… — Не вытрываў, усміхнуўся. — Праўда, я думаў: да багацейкі, да гаспадаровай Данусі-мілусі, прылепіцца ў прымы. Крышку касавокая, гугнявая, але затое вунь з якім загуменнем, адна ў бацькоў, з добрым пасагам. Дошчачка, гешэфтуючы з волаг. цю, за вайну яшчэ болей абжыўся… А ён, кажу, выбраў такую, як i сам — бежанку, сірату…

Усе змаўчалі. Можа, i з-за зразумелай усім няёмкасці: Дошчачка, можа, i меў нейкія скрытный намеры, калі браў Васіля-бежанца на кватэру, i тая Дануся-гультайка, здаецца, была б рада, каб малады кватарант хіліўся да яе, але вось Васіль выбраў іншую.

— Бог сірот любіць, але шчасця, долі не дае, — праз хвіліну-другую ўздыхнула Чапроўская.

— Не бойцеся, не бядуйце, кажу, нані Зося. Абое спраўныя, не прападуць, — супакоіў Кажушка. — Харошая

пара, аж люба паглядзець: ён — багатыр, а яна — каралеўна… Можа, усё i добра будзе. А шчасце, я вам скажу, само i не даецца, за яго трэба нямала папакутаваць…

— Шчасце ці бяда, пане мой, можа, яшчэ вызначана кожнаму на родзе… — зноў цяжка ўздыхнула Чапроўская. — Я дык бяды колькі хочаш пазнала, а шчасця, як вы кажаце, лічы, i не бачыла яшчэ.

Назаўтра, калі ўжо ўсе ў Ружэвічах ведалі, што будуць браць шлюб маладыя бежанцы, Дошчачкі пасварыліся.

Васіль не чуў, за што тыя не паладзілі, колькі i што сказалі адно аднаму, але, падыходзячы пад полудзень да двара з канём (абганяў дагэтуль гаспадарову бульбу), залавіў толькі з-за сянец апошнія Дошчачкавы словы: «…гэта вы, баб’ё, такога спраўнага хлопца ўпусцілі. Ты, старая скнара, баялася лішняй лыжкі смятаны ці лішнюю лусту хлеба даць, вечна наракала, што ён жарэ не ў сябе, а ты, маладая, дурная. Падкацілася б, прыгрэла — дык i быў бы твой… Звязала б рукі ды ногі — нідзе не дзеўся б…»

Янініны i Васілёвы бацькі некалі былі ў налібацкай парафіі, але Яніна i Васіль шлюб узялі ў тутэйшым, ружэвіцкім, касцёле (налібацкі касцёл разбурылі яшчэ летась, калі ішоў у Налібаках бой між партызанамі i нямецкім гарнізонам).

З халоднага касцёла i з-за строгай шэрай касцельнай агароджы Яніна i Васіль выйшлі на сонечны, цёплы i прасторны двор жонкаю i мужам. Урачыстыя, аспакайнелыя (скончыліся многія хваляванні), радыя, толькі крышку збянтэжаныя.

Спусціліся з касцельнай горкі, пайшлі па тупкай сцяжыне каля сухіх старых платоў, зялёных гародаў, садоў з густой крамянай завяззю i ціхіх, прымлелых ад яркага ліпеньскага сонца хат. Апроч дзяцей, лічы, нідзе нікога не было, але на ix, маладых, адхінуўшы фіранкі, пазіралі з кожнага акна. Гаспадыні, старыя дзяды i бабуль I, мабыць, усе яны не толькі здзіўляліся, што яны ў такую часіну ўзялі шлюб, але заўважалі, што на ім, Васілю, пазычаныя ў гаспадара хромавыя боты, гаспадаровага сына i чорны суконны касцюм — калі Васіль уцякаў у блакаду з абозу, што гналі немцы i ўласаўцы ў Стоўбцы да чыгункі, дык, як i казаў Кажушка, пабег у чым стаіць. Здаецца, не пазіралі на ix толькі з тых акон у канцы вёскі, дзе замест шыб у некаторых хатах была фанера — шыбы павыбівала ад узрываў упалых тут падбітых самалётаў.

Лічы, у самым канцы вёскі на іхняй дарозе была высокая i доўгая драўляная будыніна, накрытая чырвонаю чарапіцаю. Тут за панамі была гміна, у нямецкую акупацыю — воласць. Цяпер, пасля адыходу немцаў, трэці ўжо дзень тут быў сельсавет. Над дзвярыма сельсавета, сведчачы пра новую ўладу, віселі неварухлівыя ад спякоты два сцягі — чырвоны i чырвона-зялёны. Праўда, самі сельсаветчыкі ўдзень былі ў сельсавеце, а нанач (мусіць, да прыходу чырвонаармейцаў) ішлі ў лес. Цяпер на ганку сельсавета стаяў вартавы, з сярэдзіны чуўся вясёлы гоман.