Неспадзявана ў расчыненае акно высунуўся светлавалосы, рыжаваты камісар Васюкоў, махнуў ім рукою: зайдзіце сюды! I пасля, калі яны зайшлі ў пакой, дзе Васюкоў сядзеў са сваімі таварышамі, пачулі прысаромліванне:
— Эх, Васіль! Эх, Яніна! Усё па-старому, па-даўнейшаму робіце. A ў нас тут ужо, як бачыце, новая, Савецкая, улада. Нават да прыходу Чырвонай Арміі. Дык i трэба ўжо рабіць усё па-новаму. Тут, у сельсавеце.
Тут, у старшынёўскім пакоі, абабітым выцвілымі, яшчэ нямецкімі бела-рудымі, у палосачкі сям-там ададранымі шпалерамі, але ўжо не ca старым, а з новым партрэтам на сцяне (з партрэтам Сталіна), стаяў моцны дубовы стол, накрыты зялёным сукном i шклом, абапал сцен прыхінуліся крэслы з зялёнымі, сцёртымі сядзеннямі. На бліжэйшым да стала крэсле сядзеў таварыш Васюкова, Казлоў.
— Зараз мы вас абчалавечым як след, — усміхнуўся Васюкоў, дастаў з верхняй шуфляды стала тоўсты сшытак з цвёрдымі сінімі вокладкамі, закрэсліў на верхняй вокладцы нейкі нямецкі надпіс, пасля вырваў у сшытку некалькі спісаных першых старонак, сунуў ix у адну з шуфляд. — Назавём так: «Кніга рэгістрацыі грамадзянскіх шлюбаў». Так, пры сведках, — назваў сваё i таварышава прозвішча, — 5 ліпеня 1944 года пад нумарам адзін зарэгістраваны шлюб грамадзян Ружэвіцкага сельсавета Грыгарцэвіча Васіля Уладзіслававіча i Чапроўскап Яніны Іосіфаўны, — а пасля, калі запісаў год, месца, дзе яны нарадзіліся, колькі скончылі класаў школы, іхнюю нацыянальнасць, новае Янініна прозвішча i павіншаваў ix з «законным шлюбам», усміхнуўся Казлову: — Федзька, давай марш Мендэльсона.
Спакойны, нават марудлівы, русявы масквіч Казлоў дастаў з кішэні афіцэрскіх штаноў новенькі, белы, з карычневым дрэвам трафейны губны гармонік, прыклаў да вуснаў i зайграў. Незвычайна ўрачыста, лічы, у прывыклых да нямецкіх маршаў i адвыклых за вайну ад сваёй ці вось такой музыкі вушах пачулася гэтая незнаемая, але шчырая, узнёслая мелодыя, здаецца, запаланіла, узвысіла ўсіх, i ў Васіля ў гэты момант аж сціснулася ў горле ад нахлынутай радасці i затоенай трывогі. Яніна, як заўважыў, не вытрывала, моўчкі заплакала.
— Сапраўды, аж усё ў душы перавярнулася… — калі аціхла музыка (праўда, узнёслы дух яе па-ранейшаму быў у пакоі), усхвалявана прамовіў Васюкоў. Відаць, гэты нечакана мірны, пасляваенны ўжо, сціплы i ў той жа час велічны абрад таксама ўразіў, расчуліў яго мужнае сэрца, што абнемагло ўжо ад вайны i яе суровага жыцця. — Усё будзе добра. Нашы вызвалілі ўжо Мінск. На днях будуць тут. Дык i правільна, трэба дбаць пра жыццё, пра будучыню…
Паціснуў ім рукі, пацалаваў у шчокі.
— Віншую! — усміхнуўся i — мужчына, баец — не выцерпеў, сцёр даланёю буйную слязу, што выплыла i хутка пакацілася па выгаленай шчацэ. Стукнуў кулаком у сцяну, гукнуў: — Вольга! Нясі свае ягады.
Тут жа зайшла сюды радыстка Савельева — высокая, светлавалосая, у зялёнай спадніцы i гімнасцёрцы, падпяразаная салдацкім рэменем маладая дзябёлая дзяўчына. Перад сабою несла поўны кацялок спелых суніц. Высыпала ix на стале, на падрыхтаваным Васюковым чыстым лісце паперы. Суніцы запахлі лесам, сонцам, гарэлі на белым лісце чырвоным цяплом дабрыні i сардэчнасці.
Васюкоў у гэты час дастаў з-пад стала нямецкую паўтарачку з ромам, з ніжняй шуфляды — зялёныя кубкі.
— Грэх не замачыць такую падзею, — усміхнуўся, наліваючы пакрысе пітво ў пасуду. — Падарунак, праўда, уручыць цяпер не можам. Не ўдасца выставіць i шчодрых ласункаў. Затое шчыра, ад усёй душы пажадаем хуткага заканчэння вайны, міру, трывалай сям’і, любові, шчасця! — Патрымаў міг кубак з пітвом у руцэ, а пасля сказаў усміхаючыся: — Горка!
Услед за ім, ляскаючы далоньмі, загаркавалі i ўзнёслыя Казлоў ды Савельева. Яніна i Васіль злёгку пацалаваліся.
Яніна дагэтуль яшчэ не піла ні гарэлкі, ні віна, дык памачыла толькі вусны, зморшчылася; Васіль пасля хваробы-жаўтухі таксама не ўжываў ніякага спіртнога пітва, але цяпер не мог ад яго адмовіцца.
Ром быў цёплы, адмыслова, не зусім прыемна, пахнуў, дык піўся з неахвотаю. Але Васхль, уздрыгваючы, лічы, пакрываючыся пупырышкамі, нібы ад холаду, апаражніў усё, адчуваючы, як апякло горла, нутро, пайшла па жылах цеплыня i сёння — ці не без прывычкі — тут жа шыбнула ў галаву лёгкім хмелем.