Сказанае высвятляе і сутнасць заключнай фразы разгледжанага намі летапіснага паведамлення: «Рюрику же княжаще в Новегороде». Гэта значыць, што Полацк быў адабраны ад Рурыка і апошні павінен быў задаволіцца толькі Ноўгарадам. Як бачым, Полацк быў уключаны ў сферу ўплыву Кіева яшчэ Аскольдам і Дзірам. Гэтым і тлумачыцца, чаму нічога не гаворыцца аб заваяванні Полацка ў пазнейшы час, у прыватнасці Алегам у 882 г.
Такім чынам, кароткі запіс Ніканаўскага летапісу, пацверджаны і ўдакладнены іншымі крыніцамі, паказаў, што ўжо ў сярэдзіне IX ст. склаўся палітычны трохкутнік Кіеў — Ноўгарад — Полацк.
Але сказаным не вычэрпваецца ўсё значэнне разгляданай намі падзеі. 3 ёю, відаць, быў звязаны і далейшы лёс дрыгавічоў. Яшчэ С. Салаўёў звярнуў увагу на тое, што ў Іаакімаўскім летапісе (у іншых крыніцах пра гэта нічога не сказана) дрыгавічы разам з крывічамі ўспомнены ў ліку тых плямёнаў, якія ўдзельнічалі ў прызванні Рурыка165, што можа сведчыць пра іх уваходжанне ў саюз паўночных плямёнаў і іх даўнія шчыльныя сувязі з крывічамі, пра што мы ўжо гаварылі. Відаць, у сярэдзіне IX ст., пасля таго як у ім быў пасаджаны «муж» Рурыка, Полацк, абапіраючыся на Ноўгарад, мог далучыць да сваіх уладанняў і прыпяцкую частку дрыгавічоў. Гэта не магло не стварыць непасрэднай пагрозы Кіеву і, трэба думаць, з’явілася непасрэднай падставай для паходу Аскольда і Дзіра на Полацк і даволі жорсткай расправы іх менавіта з палачанамі («шмат зла зрабілі», зазначыў летапісец). Тацішчаўскі тэкст сведчыць, што Аскольд і Дзір перамаглі палачанаў, а гэта значыць, што апошнія аказалі моцнае супраціўленне кіеўскім князям.
А. Грушэўскі тлумачыў адсутнасць сведчанняў летапісаў аб уключэнні дрыгавічоў у склад кіеўскіх уладанняў тым, што гэта прайшло параўнальна спакойна, без вялікага напружання сіл з боку Кіева і без упартага супраціўлення дрыгавічоў166. Але спакойна адбылося і заваяванне Алегам радзімічаў, аднак яно ўсё ж адзначана ў летапісе, гэтак жа як і пазней другое, ужо зусім не спакойнае заваяванне іх Уладзімірам. Як бачым, летапісы адзначалі і спакойныя (калі яны толькі былі такія) і неспакойныя заваяванні, і таму думка А. Грушэўскага не можа быць прынята ў разлік. Лепш будзе пагадзіцца з У. Завітневічам, які бачыў прычыну адсутнасці звестак у летапісе пра падначаленне Кіевам дрыгавічоў у тым, што іх заваяванне адбылося разам з палачанамі. Думка гэта тым болей слушная, што без заваявання дрыгавічоў нельга было б і заваёўваць палачанаў. Той жа акалічнасцю У. Завітневіч тлумачыў, чаму дрыгавічы наогул зніклі на доўгі час з летапісаў, і лічыў, што іх трэба падразумяваць у сюды, дзе ўпамінаюцца крывічы11'7. Сапраўды, шырока рассяляючыся па Дрыгавіцкай зямлі, крывічы фактычна станавіліся пануючым племем, і іх назва магла абдымаць і дрыгавічоў. Але трэба прымаць пад увагу і магчымасць таго, што Дрыгавіцкая зямля была адарвана ад Полацка і ўключана ў непасрэдныя ўладанні Кіева і яго летапісцы палічылі непатрэбным прымаць дрыгавічоў за асобнае племя.
Такім чынам, паход Аскольда і Дзіра не быў «нязначнай падзеяй», як лічаць некаторыя даследчыкі І68. Апроч усяго іншага, тэта падзея дэталізуе працэс утварэння Кіеўскай дзяржавы. Мы бачым, што Аскольд і Дзір, заваяваўшы Полацкую і Дрыгавіцкую землі, гэтым самым намнога ўмацавалі пазіцыю Кіева ў яго збіральніцкай дзейнасці. Звяртаем увагу і на тое, што Полацкая і Дрыгавіцкая землі, як і Палянская і Драўлянская, знаходзіліся на правым беразе Дняпра. А гэта паказвае, што Кіеў спачатку падначальваў сабе правабярэжныя тэрыторыі. Нездарма ж пасля Лісцвіцкай бітвы 1023 г. Кіеўская дзяржава часова распалася на левабярэжную і правабярэжную часткі. А з гэтага, на думку некаторых даследчыкаў, і пачаўся распад «імперыі Рурыкавічаў».
Паход Аскольда і Дзіра на Полацк і заваяванне імі палачанаў і дрыгавічоў не толькі пашырылі ўладанні Кіева, але і намнога ўзмацнілі яго, што і дало магчымасць кіеўскім князям у 866 г. (гэта дата ўказана ў «Аповесці…» і ў Ніканаўскім летапісе, што прымушае даверліва аднесціся і да яе і да самой падзеі) зрабіць паход на Візантыю. Ужо гэты прыклад красамоўна паказвае, што падначаленне племянных тэрыторый для Кіева найперш было патрэбна для таго, каб прадпрымаць свае ваенныя паходы на Візантыю, якія, як ужо зазначалася вышэй, былі бадай што галоўнай мэтай першых кіеўскіх князёў.
ПАДЗЕІ 80-х ГАДОЎ IX СТАГОДДЗЯ I ПАХОДЫ НА ВІЗАНТЫЮ
Даследчыкамі адзначалася, што той раздзел «Аповесці…», які апавядае пра падзеі IX ст. да з’яўлення варагаў, моцна скарочаны і перароблены. Многія часткі аказаліся проста выкінутыя, а замест іх была ўстаўлена рэдактарамі XII ст. наўгародская легенда аб прызванні князёўварагаў у Ноўгарад. Нам здаецца, што з гісторыяй утварэння Кіеўскай дзяржавы адбылося тое, што пазней адбылося з гісторыяй утварэння Вялікага княства Літоўскага: яна была пастаўлена з ног на галаву. Як жамойцкія феадалы прыдумалі ў XVI ст. байку пра заваяванне іх князямі ў сярэдзіне XIII ст. Новагародка, які яны нібыта зрабілі сваёй сталіцай, так і наўгародскія феадалы ў XII ст. прыдумалі байку пра заваяванне іх князямі Кіева ў 882 г., у якім яны і аселі, зрабіўшы яго сваёй сталіцай. На вялікі жаль, дзве гэтыя грубыя фальсіфікацыі пакуль што прымаюцца нашай гістарыяграфіяй за праўдзівыя факты. Вельмі добра, што ў апошні час даследчыкамі бярэцца пад сумненне летапіснае сцверджанне, што Ігар быў сынам Рурыка і такім чынам паходзіць з Ноўгарада. Мы, з свайго боку, падтрымліваем такую думку і выказваем свае меркаванні наконт гэтага. На наш погляд, Аскольд і Дзір таксама не былі варагамі па паходжанні, а з’яўляліся князямі карэннай кіеўскай дынастыі. Ва ўсякім выпадку, у Ніканаўскім летапісе, у якім утрымліваецца найболыд звестак пра гэтых князёў, нічога не гаворыцца пра тое, што яны былі ў дружыне Рурыка і прыйшлі ў Кіеў з Ноўгарада, а ў Наўгародскім летапісе сказана, што яны прыйшлі з Ноўгарада, але перад «прызваннем» Рурыка і яго братоў 172. Такія супярэчнасці — паказчык таго, што гэтыя факты маюць на сабе адбітак тэндэнцыйнай апрацоўкі.
Магчыма, што Ігар па паходжанні быў кіеўскім князем, пасаджаным у Ноўгарадзе ў малалетнім узросце, і таму знаходзіўся пад апякунствам свайго блізкага родзіча Алега, накшталт таго, як пазней Уладзімір Святаславіч, таксама малалетні, княжыў у Ноўгарадзе пад апякунствам свайго дзядзькі Дабрыні. Цалкам дапушчальна, што каля 882 г. узнікла барацьба паміж кіеўскім і наўгародскім князямі, як у 70-х гадах X ст. паміж Яраполкам і Уладзімірам Святаславічамі, і яна закончылася перамогай наўгародскага князя Ігара і яго апекуна Алега над кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам. Гэтак жа сама пазней перамогай закончылася барацьба наўгародскага князя Уладзіміра над яго братам кіеўскім князем Яраполкам. А яшчэ пазней мела пераможны зыход барацьба Яраслава Уладзіміравіча, што княжыў у Ноўгарадзе, над Святаполкам Акаянным, які захапіў у ладу ў Кіеве. Усе гэтыя прыклады могуць гаварыць пра першаступеннае значэнне Ноўгарада ў вызначэнні гістарычнага лёсу дзяржавы, якая па праву павінна была б называцца КіеўскаНаўгародскай. Толькі тады, калі ў Кіеве садзіўся ранейшы наўгародскі князь і гэтым самым ствараліся ўмовы для забеспячэння ў Кіеве інтарэсаў Ноўгарада, у краіне ўсталёўваліся палітычная раўнавага і мір.
Цалкам магчыма, што Ігар быў роданачальнікам новай дынастыі. Нездарма ж у шэрагу летапісаў пералік кіеўскіх князёў пачынаўся з яго, якога называлі Старым173. Не выключана таксама і тое, што Ігар і Алег з самага пачатку былі ў Кіеве і ім удалося ў міжусобнай барацьбе перамагчы і забіць Аскольда і Дзіра, і толькі пазней наўгародскія летапісцы прыпісаді ім варажскае паходжанне, пра што мы будзем гаварыць ніжэй. Як бачым, у пытанні ўтварэння КіеўскаНаўгародскай дзяржавы і дасюль шмат незразумелага і нявысветленага. Адзначанае намі хоць у нейкай ступені можа вытлумачьщь, чаму такое супярэчлівае паве дам ленне пра захоп Алегам Смаленска ў 882 г.