Выбрать главу

Тады, у пасляваенныя гады, помніцца, летам былі частыя і страшныя навальніцы, з моцнымі грымотамі, маланкамі, ліўнямі. Аднойчы дзесьці ў абед усчалася такая навальніца. Праўда, былі мы ўсе ў хаце. Не было толькі самага меншага брата Колі, ён пасвіў каровы. Маці была ў страшнай трывозе, месца сабе не знаходзіла ў хаце. Бацька стараўся супакоіць. Дарэмна. Яшчэ не сціх дождж, як у двор зайшлі каровы. Але пастушка не было. Маці, не дачакаўшыся, пакуль канчаткова сціхне дождж, выскачыла з хаты і пабегла за вёску. Мы таксама выскачылі на вуліцу. Зусім скора пачуўся страшэнны плач, маленне. Мы ўсе кінуліся туды. Убачылі - на дарозе ляжаў наш хлопчык, нерухомы. Забіты маланкай. Чаму? Ад чаго? Для ўсіх нас было вялікае гора, асабліва для маці. Яно яе страшна падкасіла. Жыццё на доўгі час страціла для яе свой сэнс і хоць якую радасць.

Выбіты быў з каляіны і я. У гэты час ужо вучыўся ў школе ў Міры. Да гэтага ж адзін год вучыўся ў пачатковай школе ў нашай вёсцы. Вучняў было мала. Вучыліся па два класы: 1 і 3, 2 і 4. Было два настаўнікі. У тыя галодныя, цяжкія гады пытанне ўкамплектаванасці класаў і школ не ўзнікала. Трэба было вучыць. У 3 класе, у які я прыйшоў, нас было тры вучні. Прайшло паўгода: дваіх перавялі ў 2 клас, мяне - у 4. Пасля заканчэння здаў экзамен і ў пяты клас пайшоў у Мірскую сярэднюю школу. Школа была драўляная, размяшчалася на ўсход ад замкавых валоў. Вучыліся ў дзве змены. У школу хадзілі пешшу - кіламетраў было з сем. Хадзілі ў любое надвор’е. Зімой выходзілі яшчэ цёмначы. Часта даводзілася ісці аднаму. Па дарозе былі відаць збоку толькі дзве хутарскія сядзібы. Аднаму было страшна. Але што зробіш: трэба было вучыцца. Па лясах яшчэ бадзяліся бандыты, было шмат ваўкоў. Ды, дзякуй Богу, нічога гэтага мне не давялося спаткаць. Вучыўся ахвотна. Асабліва падабалася руская літаратура. Настаўніца была ў нас выдатная (яна ж і дырэктар школы) - Марыя Паўлаўна Багамазава. Пазней ёй было нададзена ганаровае званне Заслужаная настаўніца БССР, узнагароджана ордэнам Леніна.. Яна была спакойная, вытрыманая, голасу не павышала. Расказвала цікава, даходліва, з унутраным хваляваннем. Слухалі яе ўважліва, стараліся добра рыхтаваць урокі. Заахвочвала да чытання. Помню, з якім хваляваннем чытаў я том са Збору твораў А. С. Пушкіна (яго паэмы), які настаўніца дала мне. Чытанне гэтай кнігі было сапраўдным святам. Яна яшчэ больш заахвоціла маё імкненне да чытання. Якраз у гэтыя гады з’явілася ў мяне нейкая сапраўдная прага да чытання. Кніг было мала і ў школьнай, і ў раённай бібліятэцы. Перачытаў я іх шмат. Вучоба з цягам часу стала справай звычайнай, штодзённай. Поспехі былі нядрэнныя - адзнакі ў асноўным 4 і 5. Усё больш пачынаў як бы прывыкаць да навакольнага свету, уваходзіць у гэты свет, пазнаваць яго. Часта перабіраліся праз вал, заходзілі ў замак. Ён быў увесь разбураны. Даху на вежах не было, вакон таксама. Знайшлі там прыстанішча 2 ці 3 сям’і, у каго згарэлі хаты. Лесвіц не было: высока падняцца нельга было. Расказвалі, што ў вайну ў замку немцы трымалі яўрэяў - было гета. Недалёка ад школы на ўсход, ля самай дарогі (гасцінца) на Стоўбцы знаходзілася вялікая яма, дзе былі пахаваны расстраляныя фашыстамі яўрэі. З даўніх часоў Мір быў вядомы як адзін з культурных і рэлігійных цэнтраў яўрэяў у гэтым рэгіёне. У гістарычных даведніках паведамляецца, што, напрыклад, у 1886 гозе тут было 7 сінагог. Зноў жа гістарычныя даведнікі сведчаць, што пад канец XVIII - пачатак ХІХ стагоддзя ў Міры было 76 крамаў. А крамы былі ў асноўным у руках яўрэяў. Была свая школа. Былі ў горадзе могілкі праваслаўныя, каталіцкія, яўрэйскія і татарскія. У тыя гады па плошчы, здавалася, яны былі дзесьці аднолькавых памераў. Этнічна, рэлігійна, напэўна, шмат у чым і побытава жылі вернікі па-рознаму, захоўваючы свае традыцыі і законы. Найбольш адносілася гэта да яўрэяў і татараў. Зноў жа, у ранейшыя гады была тут і мячэць. У той час, калі я вучыўся ў Міры, а гэта былі 1946-1952 гады, працавала Троіцкая царква, якая была заснавана яшчэ ў XVI стагоддзі. Мікалаеўскі касцёл, пабудаваны таксама ў XVI стагоддзі, быў напаўразбураны і прыстасаваны да нейкіх гаспадарчых патрэб. Недалёка ад замку ў парку знаходзілася высокая капліца - пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, пабудаваная недзе ў 1911 годзе. Яна ўражвала выдатным, вялікім вобразам Ісуса Хрыста. Здзіўляў парк. Здаецца, жылі мы ў лесе, розныя дрэвы бачылі. Але тут сустракаліся зусім нам не вядомыя. Усё гэта - і замак, і царква, і касцёл, і капліца, і пейзажны парк - узбуджала наша ўяўленне, абуджала фантазію, выклікала якуюсьці ўнутранную трывогу. Штурхала да роздуму, не пакідала месца для абыякавасці.