Выбрать главу

Як ужо зазначалася, калі згадваліся клады, Мір быў населены людзьмі рознай этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці. Акрамя беларусаў было шмат яўрэяў, палякаў, татар, рускіх. Але, што характэрна: нацыянальныя ці то рэлігійныя адметнасці ў школе зусім не адчуваліся. Ды ў той час пра якіясьці рэлігійныя прыхільнасці асабліва ніхто не выказваўся. Мы, як прыехалі ў Бербашы, нейкі час хадзілі ў царкву ў Мір - бацька зноў спяваў у царкоўным хоры, маці ў святочныя дні абавязкова наведвала царкоўную службу. Мы, дзеці, хадзілі на ўсяночную. Аднойчы на Вялікдзень у царкве людзей было шмат, мяне так заціснулі, што я аж заплакаў. Дзесьці пасля гэтага больш і не стаў хадзіць. Тым больш, што пачаліся піянеры, камсамол. Усе сталі атэістамі...

У вёсцы ішло сваё жыццё. І, відаць, больш, чым дзе, адчувалася грубая, бесцырымонная атэізацыя. Асабліва духоўнага, маральнага ўзроўню. Атмасфера ў грамадстве стала як бы разрэджанай, з нейкімі праваламі. У чалавека парушылася ў значнай ступені ва ўзаемаадносінах з іншымі "тармазная сістэма". "Барані Бог!", "Памілуй, Божа!", "Не баішся ты Бога", "Не гняві Бога", "З Богам", "Не грашы", "Бог усё бачыць" - у жыцці чалавека, у сям’і, у грамадстве то былі моцныя абярэгі. Яны стрымлівалі ад маральнага падзення, ад уседазволенасці, дапамагалі годна трымацца ў свеце. Здарылася, што чалавеку як бы перасталі напамінаць, як яму паводзіць сябе ў свеце, у грамадзе, з іншымі людзьмі. Такія з’явы, як зладзейства, хамства, распуста, непавага да старэйшых, хлусня, грубасць, не сустракалі асаблівых перашкод, адчувалі пэўную вольніцу.

Вёска, у якой мы пасяліліся, была неаднародная. Карэнных жыхароў у канцы 40-х, было ўсяго мо дзесяць сем’яў. І тыя ў большасці жылі на хутарах.

Асноўныя насельнікі былі партызанскія сем’і, чые сядзібы былі спалены ў час нямецкай акупацыі. Жылі ў пустых хатах жанчыны з Расіі: яны прыехалі на заробкі. Працавалі і ў Бербашах, і ў суседніх вёсках. У нашай сям’і было зямлі, відаць, не менш, чым у Польшчы, дзесьці таксама каля 15 гектараў. Але зямля была горшая, менш урадлівая, параскіданая па розных месцах. Працаваць даводзілася шмат і ўсім. Засталося адчуванне, што працавалася неяк нудна. Не было таго ўнутранага задавальнення, той радасці, што раней. Жылося напачатку ў плане матэрыяльным быццам і нядрэнна: на два гады нас вызвалілі ад усялякіх падаткаў. Як ужо адзначалася, бацька быў трохі пісьменны. Нейкі час быў як бы старастам у вёсцы. З раёна нярэдка прыязджала начальства. Запомніліся падпіскі на пазыку дзяржаве. Дзяржава ўзамен давала аблігацыі. Лічылася, што ўсё гэта робіцца добраахвотна. На самай справе зараней вызначалі, каму колькі трэба аддаць, прапаноўвалі і патрабавалі. Спачатку мясцовае насельніцтва, потым раённае: пакуль чалавек не аддасць належную суму грошай.

Запомніўся выпадак. Адзін карэнны жыхар вёскі, хутаранец, ніяк не хацеў плаціць выдзеленую яму суму, падпісацца на яе. І вось аднойчы прыязджае з раёна начальнік КДБ. Запрашаюць хутаранца. Усё гэта адбывалася ў нашай хаце. Угаворвалі яго, пагражалі, трымалі дзесьці да гадзін дзвюх ночы. Мне, малому, шкада было глядзець на ўсё гэта, слухаць. І не адпусцілі, пакуль чалавек не падпісаўся. То была добраахвотная падпіска на пазыку.

Не прайшло пасля вайны некалькі гадоў, як паўсюль пачалася арганізацыя калгасаў. У нашай вёсцы ў 1948 годзе, дзесьці пад восень, быў створаны першы ў наваколлі калгас імя Ракасоўскага. Працавалі ўсёй сям’ёй, працавалі дружна, зладжана. Я ўжо хадзіў касіць, жаць, грэбці сена, у копы складаць. Паступова калгасы пачалі ўсё больш аб’ядноўвацца. Парушылася зладжанасць у працы, у жыцці наогул. Усё больш пагаршаліся адносіны да зямлі, да вынікаў працы; ат, гэта не маё - калгаснае. Працаваць пачалі ўсё горш. Касіць ездзілі за Нёман: там былі галоўныя калгасныя сенажаці. Дык вось, раней туды ездзілі з начлегам. Касіць пачыналі з усходам сонца - з расою. Днём адпачывалі. Сонца схілялася на захад - зноў касіць. Было ў такой працы нейкае ўнутранае задавальненне. Хаця стамляліся добра-такі. Ды побач быў Нёман: акунешся колькі разоў - і стома знялася. Усё гэта было ў вольны час ад школы - пераважна на летніх канікулах.