Выбрать главу

Мяне здзіўляюць спробы некаторых "знаўцаў" савецкай літаратуры, якія зноў і зноў спрабуюць даказаць, што раман гэты не Шолахаў напісаў. Дзіўна, што ў якасці аргументаў вылучаюцца пэўныя моманты, звязаныя са зместам, жыццёвым матэрыялам. А зусім нічога не гаворыцца пра арганічнасць, натуральнасць, цэласнасць раманнага свету, пра яго духоўную, эмацыянальную напоўненасць, пра само слова, яго гучанне, мелодыку. Урэшце нічога не гаворыцца, як гэты твор суадносіцца з усёй творчасцю пісьменніка ў плане арганічнасці, падобнасці, можа, дзесьці і адзінства мастацкага свету, адзінства стылю. Адказ больш, чым відавочны. Твор напісаны адным чалавекам, адной рукой.

Кнігі, творы беларускіх пісьменнікаў у тыя гады у маім пазашкольным і школьным чытанні ў параўнанні з кнігамі, творамі рускай ці то замежнай літаратуры займалі меншае месца. Ды іх і ў бібліятэках было няшмат. І ўсё ж "Курган", "Бандароўна", "Паўлінка" Янкі Купалы, "Новая зямля", "Сымон-музыка", "У палескай глушы", "У глыбі Палесся" Якуба Коласа, "Трэцяе пакаленне" Кузьмы Чорнага, "Салавей" Змітрака Бядулі, "Міколка-паравоз", апавяданні Міхася Лынькова дзесьці аказаліся больш блізкія розуму і сэрцу. Яны як бы вярталі ў таямнічае, невядомае мінулае, адкрывалі прыгажосць роднага краю і нашай прыроды, паказвалі праўдзіва і паэтычна жыццё, якім ты сам жыў, жылі вакол цябе людзі. Яны хвалявалі душу. Узбагачалі цябе, прымушалі быць дабрэйшым і больш уважлівым да ўсяго свайго.

Дзесьці ў старэйшых класах пачаў купляць кнігі. Кнігарні тады ў Міры не было. Што-нішто часам з’яўлялася ў газетным кіёску. Помніцца, што адной з першых кніг, набытых асабіста, былі "Апавяданні паляўнічага" І. С. Тургенева. Зрабіла нейкае светлае ўражанне. У кнізе моцна адчувалася прыгажосць - жыцця, людзей, прыроды, мовы. Дзесьці тады набыў "Нёманскія казакі" Янкі Брыля. У нарысах і апавяданнях расказвалася пра тое, што адбывалася ў гэтых мясцінах. Мясціны, па сутнасці, усе былі на слыху.

Прываблівалі аўтарава шчырасць, сардэчнасць, душэўнасць інтанацыі. Напэўна, з тых канца 40 - пачатку 50-х гадоў Янка Брыль стаў для мяне і як для чытача, і як літаратуразнаўцы любімым пісьменнікам.

Са школьнага жыцця добра запомніліся яшчэ вось якія падзеі. У старшых класах настаўнікам па біялогіі быў нехта Якаў Ізральевіч. Тыповы яўрэй — шчыры, даверлівы, дружны з вучнямі. Дык вось ён арганізаваў у школе драматычны гурток. Я ў ім прымаў самы актыўны ўдзел. Выступалі не толькі ў школе, але і ў раённым Доме культуры. Пастаноўкі былі рознага зместу - ваенныя, з калгаснага жыцця, камічныя. Давялося мне выконваць ролю Івана Нікіфаравіча ў спектаклі, калі можна так лічыць, па аповесці М. В. Гогаля “Аповесць пра тое, як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам". Усплывае ў памяці, што адчуваў сябе я ў гэтай ролі даволі ўнутрана свабодна. Дзеці потым на вуліцы клікалі: "Іван Нікіфаравіч". Ад усяго гэтага застаўся прыемны для душы ўспамін.

Гэта быў нейкі адпачынак ад вучобы. А ўвогуле да вучобы мы адносіліся сур’ёзна. Помню, вельмі многія тады марылі вырвацца з калгаса. І гэта было мэтай вучобы. Пра сябе я такога не магу сказаць. Ды і ў сям’і не было такой мэты ў сувязі з маёй вучобай. Трэба было вучыцца - і вучыўся. Не будзем забываць на тое, што ў школе дзеці вайны былі, па сутнасці, пераросткі. Я, напрыклад, закончыў сярэднюю школу ў дзевятнаццаць гадоў. Гэтае пакаленне добра ведала рэальнае жыццё, ведала, што такое гора, бяда. Не баялася асаблівых цяжкасцей, ведала, як іх пераадольваць. І рабіла гэта, умела працаваць. Яно пазбягала сварак і боек, хаця ўмела браць чарку і брала. Разам з тым была ў ім нейкая нясмеласць, унутраная нейкая скаванасць, нерашучасць. Усё гэта, асабліва моманты апошнія, я адчуваў у сябе. Адчуваў, ды і сёння, напэўна, адчуваю.

Вучыўся нядрэнна: і па, так бы мовіць, навуках гуманітарных, і па дакладных. Да душы найбліжэй была літаратура. Але чамусьці лічылася, што гэта навука не мужчынская. Запомнілася, што на выпускным вечары выкладчыца рускай мовы і літаратуры, у якой я быў адным з лепшых вучняў, і тая раіла паступаць ці то ў політэхнічны інстытут, ці то на фізіка-матэматычны факультэт універсітэта. Бацькі тут мала што маглі парадзіць. Былі яны далёкія ад гэтага. Праўда, маці не раз гаварыла: вучыся за доктара. Але гэта было не маё.