Выбрать главу

Здаў выпускныя экзамены. Здаў нядрэнна. У атэстаце толькі дзве 4 - па беларускай мове і геаметрыі. Уручылі дыпломы - і авалодала нейкае дзіўнае адчуванне. Нібы апынуўся ў нейкай пустаце - не трэба нікуды рухацца. Ды і не ведаеш куды.

Але доўга не чакалі. Сабралася нас чалавека 4 і паехалі ў Мінск. Усе мы разышліся ў розных напрамках - у розныя ВНУ. Я пайшоў здаваць дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (тады) імя У. І. Леніна на філалагічны факультэт, аддзяленне рускай мовы і літаратуры. Так у заяве напісаў. Але сакратар прыёмнай камісіі пачаў угаворваць мяне, каб паступаў я на беларускае аддзяленне: маўляў, гэта вам бліжэй, конкурс меншы... І я заяву перапісаў. Набор на беларускае аддзяленне ў той год быў самы малы - 25 чалавек. Да гэтага года, а быў гэта 1952 год, і пасля набіралі 50 чалавек і больш. Пачалася падрыхтоўка - настойлівая, упартая.

Прыехалі здаваць экзамены. Пасялілі мяне ў спартыўнай зале ў будынку хімкорпуса. Было там нас не менш 20 чалавек. Спалі на падлозе. Матрацы нейкія былі. Усе былі паглынуты экзаменамі. Здаваў нармальна, толькі па гісторыі трохі "паплаваў". Прымаў Абэцэдарскі Л. С., выкладчык строгі аж занадта. Паставіў 4. Астатнія былі пяцёркі. Паступіў. Праўда, радаснага нейкага ўздыму не адчуваў. Была трывога, было чаканне: а як там пойдзе? Што чакае?

У такім чаканні прайшлі дні да першага верасня. Справы хатнія адышлі неяк на другі план. Бацькі хадзілі на працу, зараблялі працадні. Адчуванне было, што той хоць які энтузіязм у рабоце, які адчуваўся напачатку, знік. Паныласць нейкая як бы ахапіла ўсіх. Рабілі - інакш нельга. Былі і выдатныя працаўнікі. Але.

Хадзіў і я ў калгас на працу і ў часы школьных, і ў часы студэнцкіх канікул. Касіў, зграбаў сена, памагаў вазіць, тое ж і са збожжам. У пазнейшыя гады быў пастаянным грузчыкам зерня, якое здавалі дзяржаве. Ой, якая была гэта нялёгкая работа: мяшкі былі вялікія - пад 100 і больш кілаграмаў, ніякай механізацыі на складах не мелася. Мяшкі гэтыя трэба было цягаць на горы зерня па збітых з дошак лесвіцах. Рукі адвальваліся, ногі дрыжэлі і падгіналіся. Але што зробіш? Трэба. Гэтае разуменне-адчуванне ўвайшло, здаецца, не толькі ў галаву, а ва ўвесь арганізм, у кроў. І вось, калі згадваеш калгаснае жыццё, то што найперш бачыцца? Сенакос калгасны, які быў, як зазначалася, за Нёманам. Раней у час касавіцы там будавалі шалашы, начавалі на месцы працы. Яшчэ сонца не ўзыходзіла, пачыналі касіць. Касілі ў нейкім бадзёрым, жывым настроі. Прайшлі гады. Касцоў ужо на машыне возяць. Ніхто не начуе, ніхто не косіць з расою. Выязджаюць позна, па дарозе спыняюцца каля сельскай лаўкі. Купляюць, што выпіць. Пачынаюць касіць дзесьці каля адзінаццатай гадзіны. Самая гарачыня. Ніякага імпэту. Абы хоць як зрабіць. А можа, я тады ўжо далёка адышоў ад калгаснага жыцця, і ўсё гэта так успрымалася і так помніцца...

Прыйшоў верасень - і я ўжо ў Мінску. Далі месца ў інтэрнаце, на Нямізе. У пакойчыку было нас пяць ці шэсць чалавек. Хлопцы ўсе свае - з нашага беларускага аддзялення. Пазней былі іншыя інтэрнаты - па вуліцы Свярдлова, на Бабруйскай. Усюды ў пакоі было чалавек 4-5. Асноўная наша група не мянялася з першага да пятага курса. Ніякіх канфліктных сітуацый не было. Усе хлопцы вясковыя, сціплыя, дзесьці закамплексаваныя. Без ніякіх там прэтэнзій. Жылі ўсе, па сутнасці, на стыпендыю. Трохі што прывозілі з дому. Нейкую капейчыну часам давалі бацькі: працавалі ж яны на працадні, а не на рублі. Снеданне - чай з батонам. Абед - студэнцкая сталоўка. Калі жылі на Нямізе, то бегалі ў сталоўку, якая знаходзілася насупраць нашага інтэрната праз вуліцу. Набылі невялікія каструлькі і ў абед бегалі туды - куплялі першае: боршч ці суп. Там ужо ведалі нас: давалі нам ужо большую порцыю - паўтара, а то і два чарпакі. Хлеб быў свой. Вось і ўвесь абед. Быў нейкі перыяд, што ўзяліся па чарзе на абед варыць супы, баршчы, капусту. Гэта была ідэя студэнта рускага аддзялення Пісарэнкі Івана, былога вайсковага старшыны. Стыпендыі ўвесь час не хапала. Пастаянна ў канцы месяца даводзілася пазычаць. А пазычаць не было асабліва ў каго. Бывала, на шчасце, не так часта, што перад стыпендыяй даводзілася абыходзіцца толькі чаем з хлебам за ўвесь дзень. Было нас некалькі такіх, што час ад часу пачалі чарку браць. А яе без грошай ніхто не даваў. Спрабавалі зарабляць: хадзілі некалькі разоў на таварную станцыю разгружаць вагоны, працавалі на "халадзільніку". Але істотна гэта на грашовыя справы, скажу шчыра, не ўплывала.