Выбрать главу

А ўвогуле мноства знаёмстваў, добрых таварыскіх адносін дазволіла мне, калі я праз пяць гадоў паступіў у аспірантуру, лягчэй неяк увайсці ў гэтае нязвыклае асяроддзе - літаратурны свет. За гэты час многія ўжо добра прыжыліся ў гэтым свеце, актыўна ў ім дзейнічалі, у чымсьці вызначалі яго характар. У час вучобы ва ўніверсітэце на працягу ўсіх гадоў удзельнічаў у хоры. Цудоўны быў кіраўнік - Ілья Яфімавіч Кліонскі. Проста абагаўляў хор. Здаецца, ён больш нічога і не бачыў, як толькі хор. Шмат выступалі на розных вечарах. Ездзілі ў Вільнюскі ўніверсітэт, а ў 1957 годзе прымалі ўдзел і выступалі на Міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве.

Так вось і ішло студэнцкае жыццё, працягвалася студэнцкая вучоба. На зімнія і летнія канікулы ездзіў у свае Бербашы. Кожны раз абавязкова цягнуў добрую звязку кніг. З Міра заўсёды пешшу. Лічыў, эгаіст, што, апрача кніг, больш нікому нічога не трэба. Якія тут гасцінцы?! Галоўнае кнігі. У час канікул пастаянна наведваўся ў Мір, у гарадскі Дом культуры. Прыходзіў звычайна позна, пасля поўначы. Аднойчы, было гэта зімою, вяртаўся з Міра. Позна. У нармальным настроі, не было ніякага ўнутранага ўздыму. Пераходзіў мост праз Міранку. З аднаго боку дарогі быў вадзяны млын. З другога возера. Шырокае, не засыпанае снегам, але пакрытае лёдам. Мяне нібы штосьці штурханула. Я спыніўся. Глянуў на лёд. Месяц быў поўны. Стаяў над самым лёдам. Ад яго да лёду спускаліся промні-дарожкі, бліскучыя, розных колераў. Нібы радуга, але святлей і весялей. Нельга было адарвацца ад гэтай прыгажосці. Больш за тое, і лёд, і гэтыя промні-дарожкі, здаецца, выпраменьвалі якуюсьці боскую музыку незямнога гучання. Я доўга стаяў зачараваны. Ішоў дамоў як сам не свой. Нічога падобнага ні да гэтага, ні пасля мне не даводзілася ні чуць, ні бачыць, ні перажываць. На доўгі час адбылося як бы ўнутранае ачышчэнне. Што гэта было? Для мяне было і сёння ёсць штосьці незямное, боскае, што сведчыць пра вышэйшую гармонію ў нашым свеце.

Але вучоба закончылася. У 1957 годзе вясною абараніў дыпломную, здаў дзяржаўныя экзамены. Накіраванне атрымаў у Старадарожскі раён. Што гэта? Дзе гэта? Накіраваны туды быў я адзін. Як што там будзе - ніякага ўяўлення. Пабачым. З гэтым адчуваннем паехаў дадому - у свае Бербашы.

На жыццёвай дарозе, напэўна, кожнага з нас бываюць сустрэчы з людзьмі, якія неяк міжвольна моцна паўплываюць на ваш лёс. Для мяне такой была сустрэча з Юльянам Сяргеевічам Пшырковым.

Неяк ужо у час дзяржаўных экзаменаў падышоў ён да нас - гэта былі Аляксей Рагуля, Леанід Яроцкі і я. Пагаварылі трохі. Ён і кажа, маўляў, хлопцы, там доўга не заседжвайцеся. Пару гадоў адпрацуеце і прыязджайце сюды вучыцца далей. Навуцы патрэбны здольныя, працавітыя хлопцы. Ніякага набору ў аспірантуру на філфаку па беларускайй літаратуры ў той год не было. Сам Юльян Сяргеевіч у той час працаваў ужо ў Інстытуце літаратуры АН БССР. Загадваў сетарам дакастрычніцкай літаратуры. Туды ён нас і запрашаў. Тады, здаецца, ніхто з нас не надаў гэтаму ніякага значэння. Але пройдзе час.