Выбрать главу

Паехаў на канікулы ўвесь нейкі разгублена-задуменны, поўны суцэльнай невядомасці. Не помню: хадзіў у калгас на працу ці не, хутчэй - не. Прайшло лета. У канцы жніўня паехаў у свае (цяпер ужо) Старыя Дарогі. У райана накіравалі ў Крываносаўскую сярэднюю школу. Было гэта ад Старых Дарог не менш за 20 кіламетраў. Тут ужо, можна лічыць, пачыналася Палессе - балоты.

У школе паступова ўсё ўладкавалася. Жыў на кватэры ў сям’і маладых палешукоў. Разам з выкладчыкам матэматыкі. Тут мы і карміліся. Нідзе ніякай сталоўкі паблізу не было. Школа знаходзілася далекавата ад хаты, дзе мы кватаравалі. Восенню ці вясной не прайсці - гразь страшэнная. Абыходзілі недзе гародамі. Электрасвятла на вуліцах не помню. Са школы ідзём вечарам. Жах. Гэта было горш і страшней, чым калісьці з Міра ў Бербашы.

Гадзін на поўную стаўку не хапала. Даводзілася працаваць у самых розных класах: ад 5-га да 10-га. Выкладаць і рускую, і беларускую мовы. Але гадзін да нормы ўсё адно не набіралася. Вёў урок спеваў. Пазней нават кіраваў школьным хорам. Выступалі не толькі ў школе.

Пачалося звычайнае жыццё школьнага настаўніка. Што адчувалася адразу, дык гэта (тут трэба шчыра прызнацца) слабая мая, як настаўніка, практычная падрыхтоўка. Усё элементарнае (правапіс, знакі прыпынку) давялося не проста згадваць, засвойваць нанова. Практычна больш грунтоўна. Даводзілася перажываць і хвіліны непрыемныя.

Дзеці чыталі мала. Школьная бібліятэка была даволі сціплая. Паступова неяк удалося выпрасіць у дырэкцыі выпісаць некалькі тоўстых літаратурных часопісаў: "Новый мир", "Юность", "Полымя".

Настаўніцкі калектыў быў працавіты, сумленны, адданы сваёй працы. За ўсе 5 гадоў я сёння не магу прыгадаць якіхсьці сур’ёзных звадак, непаразуменняў. Працавалі самааддана. Дадатковыя заняткі па матэматыцы, па рускай мове - то было не выключэнне, а, хутчэй, правіла. Даводзілася школе супрацоўнічаць і з калгасам, адміністрацыяй. Бывала, што вучні старэйшых класаў дапамагалі капаць бульбу. Настаўнікі пастаянна ўдзельнічалі ў розных агітацыйна-прапагандысцкіх мерапрыемствах, чыталі лекцыі. Усё гэта рабілася строга ў межах афіцыйна дазволенага. Якіясьці адхіленні былі недапушчальныя. Ды яны, па праўдзе кажучы, і ў галаву нікому не прыходзілі. Такім было звычайнае тагачаснае школьнае жыццё. Якіхсьці значных больш-менш школьных пробліскаў у памяці не захавалася. У самога настаўніка паступова выхоўвалася самастойнасць, упэўненасць у сабе, паціху знікала скаванасць, няўпэўненасць.

Разам з тым штодзённасць аднастайная, фармальнаабавязковы характар працы, адсутнасць выхадаў у іншыя сферы дзесьці прытуплялі вастрыню ўспрыняцця жыцця, свету, скоўвалі ўнутраную актыўнасць. Садзейнічала гэтаму, вядома ж, у нейкай ступені ўсюдыісная чарка. Ды не проста чарка, а чарка славутай старадарожскай самагонкі. Што ж. Было трохі і такое.

Уразіла мова тых мясцін. І можа, не так яе лексіка, як своеасаблівы інтанацыйны лад, мелодыка яе. Сёння згадваеш мінулае - а гэта адбываецца пастаянна - і нібы чуеш і мову ранняга дзяцінства (мову Грэдэлёў), і мову юнацтва (мову Бербашоў), і мову гадоў настаўніцтва (мову Крываносаў). Але дзіўная рэч, зусім не чую мовы гадоў універсітэцкай маладосці. А тут жа яна гучала пастаянна. Больш, чым дзе. Тут іншыя і прыродныя, і цывілізацыйныя ўмовы: пастаянны рух, бесперапынныя змены. Змены, так падаецца, дэканструктыўнага характару.

Мовы Беласточчыны, Міршчыны, Старадарожчыны - усё гэта мова адна, беларуская, але са сваім гучаннем, дзесьці і са сваёй змястоўнай асновай. Цяпер вось згадваеш мінулае, пачынаеш уяўляць той свет і бачыш, адчуваеш, чуеш, нарэшце разумееш, што ў гэтых мясцінах, у гэтым краі, сярод гэтай прыроды можа натуральна гучаць, арганічна жыць толькі такая, толькі гэтая мова. Яна народжана, створана гэтай зямлёй, гэтай прыродай - яе людзьмі. Сёння гэты свет, такі свет скрозь, па сутнасці, рушыцца. Для мовы, нацыянальнай мовы, небяспека відавочная, можа, нават галоўная.

У нашай літаратуры, найперш у прозе, асабліва гарманічна, глыбока адзінства свайго кутка, яго прыроды, людзей і яго мовы (і як мовы герояў, і як мовы аўтара) выяўлена, увасоблена ў творчасці Кузьмы Чорнага, Максіма Гарэцкага, Івана Мележа (у яго "Палескай хроніцы"), Івана Пташнікава, Вячаслава Адамчыка. У паэзіі - Максім Танк, Ларыса Геніюш. У гэтым сэнсе Старадарожчына, як і Глушчына, Любаншчына, яшчэ ў чаканні свайго летапісца і мовапісца.

Для мяне асабіста Старадарожчына стала месцам незабыўным, светлым, важным ва ўсім маім наступным жыцці. Якраз тут я спаткаў, сустрэў тую, якая прынесла мне сапраўднае шчасце на доўгія гады майго жыцця. Сапраўды, гэта нейкая містыка: яна, васемнаццацігадовая дзяўчынка з берагоў Хапра, з славутага горада Урупінска, і я, дзесьці з Польшчы, старэйшы за яе на 8 гадоў, сустрэліся на ўскрайку Палесся, каб аб’яднацца назаўсёды. Яна, Тамара Клінава, рана засталася без маці. Бацька служыў у міліцыі, увесь час у раз’ездах. Была старэйшая сястра. У 14 гадоў паступіла ў Барысаўскае медвучылішча, якое ўзначальвала якаясьці яе сваячка. Закончыла вучылішча, яе накіравалі ў гэтыя ж, што і мяне, Старыя Дарогі. Адтуль накіравалі зноў жа ў тыя ж Крываносы ўзначальваць медыцынскі пункт. Там працавала яшчэ адна медсястра і санітарка. У сферу абслугоўвання ўваходзілі дзве вялікія вёскі. Хворых было шмат. Выклікалі і днём, і ноччу. Па самых розных прычынах. З якімі толькі захворваннямі не давялося сустракацца і разбірацца. Прыйшлося нават роды прымаць. Яна ішла на ўсё: адказнасць была вышэй за боязь. Вяскоўцы ну проста ўсе яе палюбілі. Звярталіся пастаянна.