Выбрать главу

Мы зблізіліся не адразу. Але паступова пачалі сустракацца. І ўсё. Мяне запаланіла яе шчырасць, душэўная адкрытасць, дабрыня, яе жыццерадаснасць, яе юная абаяльнасць. І вось 24 кастрычніка 1959 года пайшлі мы ў сельсавет і там, як кажуць, юрыдычна замацавалі нашу сувязь. Не было ні рэстарана, ні картэжу машын, ні шматлікіх гасцей. Знешне было, на жаль, усё звычайна. Радасць, узнёсласць, душэўнасць, сонечнасць. Яны былі ў нас, з намі.

Пачалося новае жыццё. Як сёння, з вышыні столькіх пражытых гадоў, падумаеш: Божа ж мой, якім нялёгкім было яно! Але дзіўная рэч: у сэрцы, у памяці засталося, па сутнасці, толькі светлае, прыемнае, добрае. Сапраўды, відаць, усё ў нас, у нашым лёсе вызначае жыццё ўнутранае, жыццё душы.

Жылі на кватэры ў сярэдніх гадоў сям’і Машукоў. Гаспадары былі добрыя, уважлівыя. Не засталося ніводнага цёмнага ўспаміну. Нарадзілася дзіця. Мы на той час ужо пераехалі жыць у Палажэвічы. Тут быў сельскі савет, працаваў спіртзавод, была бальніца, дзіцячыя яслі, садок. Жонка стала працаваць у бальніцы. Жылі спачатку зноў жа на кватэры ў пажылых Казябаў. Прыемныя людзі, добрыя, сардэчныя. Потым нам неяк удалося выпрасіць маленькую аднапакаёвачку ў доме, які належыў спіртзаводу. Самы памятны ўспамін тут - пацукі. Летам спіртзавод не працаваў, есці не было чаго, і яны дружна шукалі пажыву ў суседніх дамах. Не было ад іх ніякага паратунку. Адчуў, убачыў, што такое пацучыны позірк, які проста абязбройваў цябе. У школу ў Крываносы (гэта кіламетраў 5-6) ездзіў на ровары, хадзіў пешшу. Жыццё як бы ўвайшло хоць у нейкую каляіну. З’явіліся новыя знаёмствы, завязваліся сяброўскія адносіны. Тут спрыяла асабліва жончына адкрытасць, сардэчнасць у адносінах да людзей. Некаторыя сяброўскія сувязі захаваліся па сённяшні дзень.

Але запрашэнне Юльяна Сяргеевіча не-не ды згадвалася. Прымушала думаць, не давала супакоіцца. Не помню ўжо, на першым годзе настаўніцтва ці мо на другім быў у Мінску. Зноў жа не помню, па якой прычыне зайшоў у Інстытут да Юльяна Сяргеевіча. Было ў яго сектары вакантнае месца малодшага супрацоўніка. Пайшлі з ім да дырэктара В. В. Барысенкі. Пагаварылі. Без прапіскі мінскай не магло быць ніякіх размоў. Дамовіліся з маім настаўнікам, што буду рыхтавацца да паступлення ў аспірантуру.

На жаль, не заўсёды ўсё робіцца так, як ты хочаш і мяркуеш. Зімою выклікаюць у ваенкамат і загадваюць рыхтавацца ў час летніх канікул ісці на вайсковыя зборы. Усё. Я кінуў і думаць пра аспірантуру. Прайшло лета. Ні на якія зборы ніхто не выклікаў, але ж і пра аспірантуру я кінуў думаць.

І вось позняй восенню атрымліваю я ад Ю. С. Пшыркова ліст. Ліст не захаваўся. Але дакладна запомніліся словы: "Не думаў, што ў нашай моладзі такі халопскі дух". Яны закранулі за жывое. Напісаў адказ. Патлумачыў, чаму так здарылася. Зазначыў штосьці такога зместу: адносна халопскага духу пастараюся даказаць, што гэта не так.

Здавалася б, сямейнае жыццё, дзіця нарадзілася - якая тут аспірантура?! Але ж нешта ўнутры турбавала, чагосьці хацелася. Жонка праніклася маімі гэтымі турботамі таксама. Заахвочвала, падштурхоўвала. Стварала ўмовы. У 1960 і 1961 адаслаў два лісты, звязаныя з выкладаннем літаратуры ў школе, у газету "Літаратура і мастацтва" - "Каму верыць?" і "У хрэстаматыю - творы хрэстаматыйныя". На апошні атрымаў ухвальны невялікі ліст ад Ф. М. Янкоўскага, вядомага, паважанага мовазнаўцы. І вось дзесьці ў канцы 1961 года я наважыўся паступаць у аспірантуру. У пачатку 1962 у "Маладосці" была надрукавана аповесць В. Быкава "Трэцяя ракета". Я напісаў па ёй рэферат. Паслаў у Інстытут літаратуры. Чытаў яго Бугаёў Дз. Я. Ухваліў. Пачалася падрыхтоўка да экзаменаў. Жонка стварыла ўсе ўмовы. Інстытут набіраў 2 адзінкі. Заяў было 4: У. В. Гніламёдаў, В. А. Чамярыцкі, А. А. Майсейчык і я. Экзамены здалі паспяхова ўсе. Адразу залічылі Гніламёдава і Чамярыцкага. Праз нейкі месяц дадаткова далі яшчэ адну адзінку і залічылі мяне. А пад канец года і Майсейчыка.