Выбрать главу

Пачалася новая старонка жыццёвага лёсу.

ІІ

22.11.1962 года быў вызвалены ад працы настаўніка ў сувязі з паступленнем ў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР па спецыяльнасці “Гісторыя беларускай літаратуры”. Так пазначана пад №№ 2 і 3 у маёй “Працоўнай кніжцы”. Як паглядзіш сёння: позна ўсё гэта пачалося. Але што зробіш: такі быў час, такое жыццё. Гады вайны як бы дзесьці запаволілі рух і развіццё пакалення. Хаця, з другога боку, духоўнае і жыццёвае пасталенне было паскорана. Так сёння здаецца.

Пачалося новае жыццё. Новыя абставіны, новыя людзі, новыя мэты. Быццам студэнтцкае, але больш самастойнае, мэтанакіраванае. Гэта - з аднаго боку. З другога - унутрана нейкае няўстойлівае, журботнае. Была праца, асноўны занятак. Але ж была ўжо сям’я - жонка, дачушка. Яны жылі ўва мне, са мною. Ды яны былі фізічна далёка ад мяне - у нашых Палажэвічах. На Старадарожчыне.

Жыў пэўны час у аспіранцкім інтэрнаце. Адначасова шукаў у прыватных драўляных дамах пакойчык для сям’і. Было не дужа проста: дзіця яшчэ малое. Аднак праз нейкі час такі пакойчык знайшоўся па вуліцы Арлоўскай. У хуткім часе пераехала ў Мінск і жонка з дзіцем. Дачушку ўладкавалі ў дзіцячы садок. Жонка таксама там пачала працаваць. Зразумела ж, я з інтэрната пайшоў. Сямейна-дамашняе (хоць і ў чужым доме) жыццё пачало паціху быццам усталёўвацца, прымала як бы нейкі рытм.

Аспіранцкае жыццё, вучоба ўсё больш набывалі свой акрэслены характар. Была вызначана тэма дысертацыі - “Сучасны беларускі раман”. Кіраўніком стаў, вядома ж, Ю.С. Пшыркоў. Ужо адразу ні пра якую творчую работу над дысертацыяй і размовы не магло быць. Спачатку трэба было здаць аспіранцкія экзамены - па спецыяльнасці, г. зн. па беларускай літаратуры, па марксісцка-ленінскай філасофіі і па замежнай мове. Звычайна ўсё гэта рабілася за год, рэдка калі за два: найчасцей гэта было звязана з замежнай мовай. Так здарылася ў мяне. Першыя два экзамены здаў я паспяхова. А вось з замежнай мовай атрымалася ўсё неяк вельмі недарэчна. У школе вывучаў нямецкую мову, ва ўніверсітэце - французскую. Вядома ж, веды былі даволі слабенькія і па адной, і па другой. У аспірантуры вырашыў займацца французскай. Спачатку ўсё ішло быццам як трэба: заняткі, пераклады, здача знакаў. Усё - як і ў іншых з нашай групы. Праз нейкі час ўсё сапсавалася. І тут, напэўна, не толькі была віна асабістая. Бо ўся група выглядала не лепшым чынам. Ва ўсякім разе так нас падавала наша выкладчыца. Абыходзілася яна з намі як са шкадлівымі сямі-васьмікласнікамі. У мяне дайшло да таго, што я ўжо хацеў кідаць аспірантуру. Але куды ты дзенешся?..

Дапамог Юльян Сяргеевіч, мой настаўнік і кіраўнік. Ён меў гаворку з загадчыкам кафедры замежных моў. Пасля гэтага ўсё пайшло больш-менш нармальна і закончылася паспяховай здачай экзамена.

Можа і не варта было б пра гэта гаварыць. Але ўнутрана для мяне гэта быў выпадак, які ў душы пакінуў гаркату пэўнай прыніжанасці, знявагі, нейкай як бы разгубленасці. Згадваць пра гэта заўсёды непрыемна. Але ж згадваецца. І не толькі мною, але і некаторымі з тых, хто разам быў у групе. Разам з тым, гэта быў урок - урок адмоўны - адносін да іншых, да чалавека.

Усе гэтыя экзамены, найперш па замежнай мове, забралі у мяне, па сутнасці, два гады з трох аспіранцкага часу. Заставаўся адзін год. За гэты год трэба было зрабіць дысертацыю. Нельга сказаць, што дагэтуль я не займаўся дысертацыяй. Чытаў мастацкую літаратуру, тэарэтычную, кнігі па гісторыі літаратуры нацыянальнай, рускай, замежнай. З апошніх, што тады можна было. Былі пэўныя накіды, занатоўкі, блукалі думкі, не заўсёды яшчэ, праўда, дастаткова выразныя, лагічна ўзаемазвязаныя. Аснова фактычная была. І не бедная. Як на факты, ідэі гісторыка-тэарэтычнага зместу, так і на факты непасрэдна літаратурна-мастацкія - творчасць пісьменнікаў, творы. Зараз трэба было выпрацаваць нейкую сістэму, якая б гэты багаты, складаны матэрыял аб’ядноўвала, узаемазвязвала, падпарадкавала галоўнай думцы - ідэі, садзейнічала яе абгрунтаванню і выказванню. Матэрыял літаратурны, багаты, даваў шырокую магчымасць для абагульненняў, для больш-менш значных высноў тэарэтычнага характару. Упарта, настойліва я і займаўся гэтым апошні аспіранцкі год. Усе дні (ды і вечары) праседжваў у Ленінскай (як тады яе называлі) бібліятэцы, у беларускай зале.