Выбрать главу

Жонка ўсё гэта мужна цярпела. Ды не проста цярпела, а ўсяляк спрыяла, дапамагала, падбадзёрвала, сілкавала сваёй энэргіяй. А энэргіі ў яе казацкай натуры хапала. Усе хатнія і сямейныя клопаты ўзяла на свае плечы. І мужна, цярпліва, проста выдатна з імі спраўлялася. Пры такіх адносінах, пры такім стаўленні да маёй працы, майго занятку я проста не мог не працаваць упарта, самааддана.

Праца дала вынік. Дысертацыю я зрабіў. Дарэчы, як і іншыя мае калегі. Аспіранцкі тэрмін закончыўся. Тры гады як праляцелі.

Здавалася б, усё выдатна. Трэба было б толькі радавацца. Але ў жыцці так бывае рэдка. Ва ўсякім разе ў маім. Заўсёды падсцерагаюць нейкія непрыемнасці - калі не ў галоўным, дык абавязкова ў чымсьці другарадным. Праўда, на гэты раз усё было якраз не другараднага зместу.

Закончыць аспірантуру то я закончыў. Дысертацыю зрабіў. А што далей?.. Кіраўніцтва Інстытута быццам і не супраць пакінуць на працу, ды няма вакантнага месца. Трэба пачакаць. Колькі?.. Ніхто не можа нічога сказаць. Ды і прапаноў ніякіх ніадкуль не было. Амаль два месяцы я не меў ніякай працы. У сярэдзіне студзеня быў залічаны на пасаду бібліятэкара інстытуцкай бібліятэкі. Працаваў на гэтай пасадзе каля чатырох месяцаў. Хаця якое там “працаваў”! Займаўся сваімі справамі - рыхтаваўся да абароны дысертацыі: пісаў аўтарэферат, артыкулы дысертацыйнай тэматыкі.

І якраз у гэтыя часы працоўнай неўладкаванасці, няўстойлівасці і няпэўнасці па-сапраўднаму бацькоўскую падтрымку адчуваў я з боку майго кіраўніка Юльяна Сяргеевіча Пшыркова. Як кіраўнік ён быў выдатны, адметны. Адметны, можа, не так сваімі якасцямі вучонага, як чалавека. Ён, як кіраўнік, не навязваў сваіх ідэй, сваіх ацэнак творчасці ці твораў асобнага пісьменніка, не імкнуўся спяшацца за асвятленнем якіхсьці на той час актуальных грамадска-літаратурных пытанняў. Юльян Сяргеевіч заўсёды імкнуўся найперш зразумець свайго вучня-суразмоўцу, штосьці ўдакладніць, праясніць, часам засцерагчы. І ўсё гэта тактоўна, спакойна, добразычліва. Яго аспіранты заўсёды былі ў полі яго зроку. Не заставаліся па-за яго ўвагай і тады, калі ўжо выходзілі і на самастойную творчую дарогу. Было ў гэтым штосьці па-бацькоўску прыгожае і добрае.

Дык вось, што датычыцца майго тагачаснага падвешанага жыццёвага і навуковага становішча, то менавіта Юльян Сяргеевіч, мой настаўнік, найбольш прымушаў мяне працаваць, не паддавацца часовым нягодам: усё праходзіць. Так і здарылася. У маі 1966 года я быў нарэшце залічаны на пасаду малодшага супрацоўніка ў сектары беларускай савецкай літаратуры. Загадваў сектарам доктар філалагічных навук Івашын Васіль Уладзіміравіч. Вылучала яго моцная партыйная загартоўка, уважлівыя адносіны да напісанага яго супрацоўнікам, спакойнае стаўленне да дысцыпліны. Увогуле працаваць у сектары было нядрэнна.

Ужо да гэтага, у час майго бібліятэкарства, я ўвайшоў у творчы калектыў; ён прыняў мяне. Ва ўсякім разе, так мне здавалася тады, так уяўляецца і сёння. Пасада малодшага навуковага супрацоўніка фармальна, па сутнасці, усё гэта замацоўвала. Жыццёва і творча я адчуў сябе больш пэўна, устойліва, дзесьці такім, як і іншыя.

У хуткім часе пасля залічэння на пасаду ма­лодшага навуковага супрацоўніка, а менавіта 2 ліпеня 1966 года на аб’яднаным савеце Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР адбылася абарона маёй кандыдацкай дысертацыі “Сучасны беларускі раман (1954-1965)”. Дыплом быў зацверджаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй у Маскве толькі ў студзені наступнага года. Такая тады была практыка.

Чалавек я ўнутраны, увесь час у сумненнях, дзесьці няўпэўнены ў сваіх сілах і магчымасцях. Таму і паспяховая абарона, і атрыманне дыплома нямала пасадзейнічалі маёй жыццёвай устойлівасці, большай творчай смеласці і пэўнасці. Тым больш, што ў гэты час я ўжо друкаваўся ў галоўных перыядычных літаратурных выданнях - “Полымя”, “Маладосць”, “Літаратура і мастацтва”.

Якраз у гэты час (канец 60-ых - пачатак 70-ых) пісаў я шмат - пра самых розных аўтараў, на самыя розныя тэмы. Пісаў так, як я разумеў, як я адчуваў. Імкнуўся пісаць сумленна. Увогуле жыццё той вёскі, у якой я рос, гадаваўся, мела, як глядзіш сёння, моцныя маральныя асновы. Чалавек, хоць сацыяльна-эканамічна лічыўся аднаасобнікам, жыў усё ж сярод людзей, адкрыта. Пра якісьці жалезны ці то бетонны глухі плот і думаць ніхто не мог. І не таму, што гэта ў тыя часы каштавала страшэнна дорага. Гэта было непрыгожа, не па-людску. Жыццё чалавека, ён сам былі адкрытыя для іншых, як і іншыя для яго. Усё дрэннае, няшчырае, хлуслівае, жорсткае ў характары чалавека, у яго паводзінах заўважалася хутка. Зразумела, атрымлівала належную ацэнку. Нічога нельга было надоўга схаваць, затаіць. Правілы ўзаемаадносін паміж людзьмі, правілы паводзін асобнага чалавека дыктаваліся гісторыяй, мелі аснову больш духоўную, чым юрыдычную. Не толькі страх пакарання, але і чалавечая сумленнасць мелі тут першаступеннае значэнне.