Выбрать главу

У прыватнасці сцвярджалася і такое: “У раманах “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” стыль пісьменніка канчаткова акрэсліўся, праявіўся як мастацкая рэальнасць. Папярэдняя творчасць - гэта толькі пошукі арыгінальнага стылю, пошукі сябе. У ранейшых творах пры ўсіх іх больш ці менш значных вартасцях не заўсёды можна было ўбачыць закончанасць і ўзаемаабумоўленасць розных элементаў мастацкага цэлага. То жыццёвы матэрыял неяк рэзка выпіраў сваімі знешнімі абрысамі, то аўтарская думка праходзіла яркай стужкай па паверхні, падпарадкоўваючы сабе матэрыял, то багаты матэрыял жыцця неяк рассыпаўся, існаваў сам па сабе ў шматлікіх яго праяўленнях, нярэдка ў знешніх, выпадковых сувязях. Недастаткова адчувалася аўтарская перажытасць, асабістая далучанасць да падзей і характараў”. Магчыма, дзесьці гэта было рэзкавата, часам, просталінейна. Хаця пры абмеркаванні гэтай працы і ў сектары, і на вучоным савеце ніякіх заўваг крытычных у гэтым плане не было.

Але здарылася наступная гісторыя, згадаваць якую не дужа прыемна. Пасля ўсіх перыпетый, звязаных з маёй першай кнігай, у мяне з Іванам Мележам наладзіліся добрыя, прыязныя адносіны. Я адчуваў яго ўвагу. Ён знаў, што я пра яго пішу. Машынапісны тэкст папрасіў пачытаць. Я аднёс яму. Праз нейкі час Іван Паўлавіч запрашае да сябе. Ішоў я з трывогай, з унутраным неспакоем. Гутарка была, скажам прама, не дужа сардэчная. Адчувалася, што Мележ стрымлівае сябе. Пахваліў усё, што сказана было пра раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”. Спадабалася ўсё, ніякіх заўваг не было. Затое ўсё тое, што было напісана пра творчась да гэтых раманаў, асабліва пра раман “Мінскі напрамак”, ім практычна не прымалася зусім. Расказваў, што такое ў яго творчым лёсе гэты раман, як ён над ім працаваў, колькі аддаў часу, здароўя, чаго ён яму каштаваў. Гаварыў доўга. Я маўчаў. Ды і што я мог яму, у такім настроі, гаварыць. Злосці ў яго не было, было раздражненне і крыўда. Можна ўявіць, з якім настроем вяртаўся я пасля гэтай сустрэчы. Трэба сказаць шчыра, што якойсьці прыкметнай змены ў адносінах да мяне нашага тады ўжо класіка я не адчуваў пазней. Так, калі ў 1975 годзе выйшла яго кніга артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю “Жыццёвыя клопаты”, я атрымаў асобнік з дарчым надпісам аўтара: “Серафіму Андраюку - мае крытычныя клопаты, па-сяброўску Іван Мележ. 23.10.1975”.

Праходзіць час. Чытаю ў кнізе крытыка Дзмітрыя Бугаёва “Служэнне Беларусі”(2003) артыкул “Некалькі згадак пра Івана Мележа”, пазначаны 2001 годам. У гэтым артыкуле Бугаёў згадвае пра адну даволі запамінальную для яго сустрэчу з Іванам Мележам. Сярод іншага тут піша: “Шмат гаварылася пры той сустрэчы пра Серафіма Андраюка”. Чаму? Бугаёў расказвае. Цытуе вышэй прыведзеныя словы мае пра творчасць да “Палескай хронікі”. У прынцыпе я і сёння не адмаўляюся ад гэтай ацэнкі. Але выказана яна, напэўна, была рэзка. У той час хацелася быць прынцыповым у адносінах да ўсіх. Сёння разумееш - і ўважлівым, чулым. Бо згадваецца такое (або хтосьці згадвае) - і ўзнікае нейкая няёмкасць, шкадаванне.

То былі першыя вынікі і турботы, радасці і засмучэнні на ніве, так бы мовіць, творчай працы. Яны далі магчымасць у поўнай меры адчуць тую няпростую атмасферу, у якой я апынуўся. Праўда, гэта менш за ўсё была атмасфера творчая. Хутчэй грамадска-побытавая, якая панавала не так у жыцці навуковага творчага калектыву, як у жыцці літаратурным. Ды гэта зразумела. Пісьменнікі - людзі эмацыянальныя, з абвостраным успрыманнем навакольнага свету, рэальнага жыцця, з рэзкай рэакцыяй. Умовы грамадска-палітычныя надавалі гэтай рэакцыі характар ідэалагічны. І гэта было самае непрыемнае і небяспечнае.

То былі гады, калі я ўваходзіў у гэты новы для мяне свет - свет літаратурна-навуковы, літаратурна-крытычны. Асвойваў яго, асвойваўся ў ім. У Інстытуце панавала атмасфера творчая, таварыская, атмасфера ўзаемаразумення і ўзаемапавагі, творчай патрабавальнасці і памяркоўнасці. Дырэктар Інстытута літаратуры Васіль Васільевіч Барысенка, маючы вопыт няпростых у літаратурным жыцці папярэдніх гадоў, не дапускаў ніякіх унутраных звадак, усяляк імкнуўся прыглушыць тыя адмоўныя сігналы, што час ад часу даходзілі звонку. Навукоўцы старэйшага пакалення Адамовіч А.М., Івашын В.У., Перкін Н.С., Пшыркоў Ю.С., маладзейшыя, але ўжо даволі вядомыя ў навуковых і літаратурных колах Бугаёў Д.Я., Дзюбайла П.К., Грынчык М.М., Каваленка В.А., Кісялёў Г.В., Коршунаў А.Ф., Мальдзіс А.І., Мушынскі М.І., Яскевіч А. С. і яшчэ маладзейшыя, тыя, хто толькі ступіў на сцежку даследчыка роднай літаратуры, былі аб’яднаны агульнымі клопатамі, выкананнем агульных задач, па сутнасці, заўсёды знаходзілі ўзаемаразуменне і пэўную згоду пры вырашэнні самых складаных пытанняў, звязаных з гісторыяй роднай літаратуры, па-добраму таварышавалі, некаторыя сябравалі.