Выбрать главу

Усё гэта былі людзі розныя, даследчыкі рознага характару, розных навуковых схільнасцяў. Няўрымслівы, дзесьці трохі крыклівы, аж да краёў перапоўнены палемічнасцю Дзмітрый Бугаёў. Віктар Каваленка, увесь завостраны на ўспрыманне новых тэарэтычных і гісторыка-літаратурных ідэй, якія імкнуўся вывяраць нашай літаратурай, у сваю чаргу саму нашу літаратуру ацэньваючы з пункту гледжання гэтых ідэй. Апантаны шукальнік і адкрывальнік у гісторыі скарбаў беларускага слова Адам Мальдзіс. Уніклівы, уедлівы даследчык мастацкага тэксту, канкрэтнага твора і творчасці асобнага пісьменніка Міхась Мушынскі. Натхнёны вынаходца ў літаратуры новых духоўных і эстэтычных ідэй Алесь Яскевіч...

Зусім зразумела, што ў такім калектыве, у такой творчай атмасферы і працаваць хацелася, і працавалася добра. Праца захапляла. Можна нават сказаць: я жыў працай.

Зразумела, што такое захапленне працай, непаразуменні з першай кнігай адцягвалі ўвагу ад клопатаў і турботаў хатніх, сямейных. Усе яны ўзваліліся на плечы маёй Тамары. А больш дакладна: яна сама іх узваліла акуратна на свае нямоцныя плечы ды і на галаву сваю. Можа, толькі сёння належна разумееш, як ёй было нялёгка. Наогул нам, але жонцы асабліва. Найбольш не варта забываць пра справы грашовыя. Былі яны няпростыя і нялёгкія. Аспірант, нейкі час беспрацоўны, бібліятэкар, малодшы навуковы супрацоўнік - гэта цэлых 6 гадоў. Стыпендыя і заробкі мізэрныя. Жонка, па сутнасці, увесь час працавала на паўтары стаўкі. Але і тут заробкі былі не надта багатыя. Памагалі, як маглі, бацькі - мае і бацька Тамары. Дачушка расла - гадавалася ў асноўным у дзіцячых садках. На канікулах - у вёсцы: на Міршчыне ці то (радзей) ва Урупінску на рацэ Хапёр. Разам і мы. Сонца, цяпло, чыстая рачная вада - усё гэта сцірала сляды жыццёвых непрыемнасцяў, напаўняла верай, упэўненасцю. А для дачушкі наогул такі адпачынак быў святам. Для мяне адпачынак на радзіме жонкі таксама, па сутнасці, быў святам. Усё тут было іншае, адрознае ад нашага - беларускага. Многа сонца, усё напоўнена яго святлом і цяплом, адчуванне прасторы і высокага неба. Галасы гучаць неяк звонка. Пах пшаніцы, прывялай травы, пах ад сагрэтага сонца, а не ад прайшоўшага дажджу, як гэта ў нас. Часцей адпачывалі на маёй Міршчыне.

У Мір прыязджалі звычайна ўжо вечарам. Ніякіх аўтобусаў у вёску не было. Падарожных машын таксама. Даводзілася ісці пешшу. І гэта было не выключэнне. То была звычайная з’ява. Клункі на плечы - і ў паход. За горадам дзіця спрабавала хныкаць. Тады я пачынаў якуюсьці маршавую песню, жонка і дзіця падхоплівалі - і пайшлі. Яшчэ сёння старэйшая дачка згадвае, як здорава мы вышагвалі пад маршавую песню.

Мы шли под грохот канонады,

Мы смерти смотрели в лицо...

Час пралятаў незаўважна, стомленасці - ніякой.

У саміх Бербашах усё было блізкае, роднае. У хаце было цесна, горача. Спалі ў хляве на сене ці то на саломе. Побач бясконца жавала карова. Часам узбураліся пацукі (а іх было нямала), насіліся вакол, пішчалі, вочы ў іх гарэлі пранізліва. Бывала, што яны нас проста выганялі. Дні праходзілі ў паходах - па ягады, па грыбы.

Увогуле ж адпачынак у вёсцы, на прыродзе, надаваў сіл - і фізічных, і душэўных, мацаваў упэўненасць. У душы надоўга заставалася адчуванне бясконцасці, прыгажосці і разнастайнасці навакольнага свету. Адступалі далёка, у нейкія часіны зусім знікалі, усякія хатнія, бытавыя клопаты і турботы. А яны ж прысутнічалі пастаянна, нікуды не знікалі. І не дробныя.

Немалы час жылі на прыватных кватэрах - спачатку на адной, потым - на другой. Пакойчыкі былі і там, і там невялічкія - 7-8 м2. Сёння цяжка ўявіць, як мы там траіх размяшчаліся. Успамінаць пра ўсё гэта не надта хочацца, бо ўспаміны гэтыя заўсёды з лёгкім прысмакам гаркаты. І ўсё ж, пры ўсім пры тым, і ў тым хатнім жыцці, дакладней, жыцці на прыватнай кватэры, не ўсё было толькі дрэннае. Былі і засталіся ў памяці да сённяшніх дзён моманты светлыя, прыемныя, якія змяншаюць агульны негатыўны малюнак сямейнага жыцця на прыватнай кватэры.