Выбрать главу

Год ці два жылі на адной кватэры. Праз нейкі час вымушаны былі шукаць новае месца жыхарства. Знайшлі ў Сельгаспасёлку на завулку Меліярацыйным. Зноў жа ў драўляным доме. Сям’я гаспадароў была нямалая - гаспадар, гаспадыня, двое дзяцей-сыночкаў і бабуля, маці гаспадара. Гаспадары былі дзесьці нашага ўзросту. Гаспадара звалі Міхаіл, гаспадыню Люба.

Прозвішча іх - Праневіч. Прозвішча і імёны гаспадароў помняцца і сёння: нішто добрае не забываецца. Адносіны ў іх да нас былі ўважлівыя і паважлівыя, добразычлівыя. Пад канец нашага кватаравання яны сталі па-сапраўднаму сяброўскія. І ўжо пазней, калі займелі сваю кватэру, мы не раз гасцявалі ў іх, яны ў нас. Але. Як бы то ні было добра, па-людску, жыццё на кватэры ёсць жыццё кватаранта, а не гаспадара. Ды і зацягнулася ўсё гэта дзесьці на гады чатыры.

Час ішоў. Ужо пасля таго, як залічылі на працу, пачаў я хадзіць, як кажуць, па начальству, прасіць, каб выдзелілі пакойчык у інтэрнаце для маласямейных. Праз пэўны час выдзелілі. Пакойчык невялікі - здаецца, 9м2. У блоку было 4 пакойчыкі, агульная кухня, прыбіральня. У адным пакоі жыў стары халасцяк, у астатніх сямейныя. Людзі розныя. Нейкіх асаблівых спрэчак, тым больш сварак не было. Жыццё па прынцыпе суіснавання. Дзяўчынка наша ўжо хадзіла ў школу. І я, і жонка працавалі блізка. Увогуле ж жыццё інтэрнацкае было нейкае шэрае, бясколернае. Жыў кожны сам па сабе. Не было ні сяброўстваў, ні спрэчак. Халасцяк наш час ад часу выпіваў патроху. Але паводзіны яго ніяк не парушалі аднастайнасці нашага бытавання. Умовы ўмовамі, а час бяжыць. Жыццё не стаіць на месцы. Мы з жонкай з хваляваннем пачалі чакаць другое дзіця. З хваляваннем, бо з першым ніякага хвалявання, здаецца, не было.

Нарадзілася яшчэ адна дачушка. Назвалі Алесяй, першая - Света. У гэты час мы ўжо перасяліліся ў трохі большы пакойчык (13м2), у другім блоку. Атмасфера тут панавала цяплейшая. Больш агульных размоў было на кухні. Склаліся добрыя, шчырыя адносіны з адной сям’ёй, у якой таксама было яшчэ малое дзіцё . То была сям’я Шылкоў (Шылко Лявон, Шылко Тамара). Ён працаваў на заводзе інжынерам, яна старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце генетыкі. Асабліва яна была жанчына гаваркая, галасістая. Яе гучны смех чуўся даволі часта. І пазней, калі і яны, і мы атрымалі ўжо кватэры, адносіны шчырага сяброўства захоўваліся доўга. У асноўным ішло гэта па жаночай лініі. Нярэдка збіраліся, бралі чарку, спявалі, танцавалі. Добрыя, шчырыя адносіны ва ўмовах жыцця інтэрнацкага склаліся і з сям’ёй Чамярыцкіх (Вячаслаў і Марына). Доўгі час захоўваліся і пасля інтэрната. Увогуле, як згадваецца, нягледзячы на пэўныя цяжкасці і нязручнасці, мы ўсё ж стараліся жыць неяк актыўна. Наведвалі тэатр (Оперны, Купалаўскі), музеі, выставы розныя, вечары ў Доме літаратара, канцэрты прыезджых артыстаў. Дзеці нашыя, як гляджу сёння, жывуць ва ўсіх адносінах лепш, але ў тэатр амаль не ходзяць, музеі якіясьці не наведваюць, на тыя ці іншыя сустрэчы з людзьмі мастацтва не надта імкнуцца. Вядома, сёння ёсць добры тэлевізар, ёсць камп’ютар, інтэрнэт. Усё гэта так. Аднак жа ўсё гэта не тое. Унутрана сённяшні чалавек імкнецца жыць як мага спакайней. Маўляў, раздражальнікаў хапае знешніх, навошта яшчэ самому ствараць іх.

Ну, але вернемся ў тыя гады. У інтэрнат для маласямейных. Спачатку ўсё было лепш, чым на пры- ватнай кватэры. Не было такой скаванасці, унутранай напружанасці, пэўнай заціснутасці. Ты валодаў такімі ж правамі, як і іншыя. То было напачатку. Паступова ўсё гэта стала страшэнна надаядаць, раздражняць. І чым далей, тым больш. Нельга сказаць, што я спакойна сядзеў і чакаў. Зусім не. Хадзіў, як кажуць, па інстанцыях. Выпрошваў, выкленчваў. Нават да віцэ-прэзідэнта Кандрата Крапівы трапіў. Параілі знаёмыя. Сказалі, што хтосьці іхні знаёмы пагаворыць з ім на гэты конт. Я пайшоў. Зайшоў у кабінет. Кабінет здаўся вялікім, халодным. Сам Кандрат Кандратавіч - нейкім далёкім, халодным. Хвалюючыся, збіваючыся, я расказаў пра свае жыллёвыя клопаты. Крапіва выслухаў усё, не задаў ніводнага пытання. Потым запытаў: “А як жа іншыя?” Пытанне прагучала так, было сказана такім тонам, што ніякіх далейшых размоў не магло быць. Я пайшоў - страшэнна расчараваны, расстроены. І не так тым, што было сказана, як тым, як было сказана, як адбылася наша гаворка, калі можна лічыць яе гаворкай. Засталося нейкае неўразуменне, крыўда. Я не ўбачыў, не адчуў звычайнай увагі да чалавека, не кажучы ўжо пра чуласць.

Спадзяюся, што ў тым, што пазней пісаў пра Кандрата Крапіву, гэта не адбілася. Ва ўсякім разе ніякіх заўваг адносна неаб’ектыўнасці ў ацэнцы творчасці пісьменніка ніхто ні разу мне не рабіў. А пісаў пра яго не адзін раз: манаграфічны раздзел у акадэмічнай гісторыі беларускай савецкай літаратуры (на рускай мове), раздзел такога ж зместу ў вузаўскім дапаможніку, нарэшце, укладанне кнігі “Выбраныя творы”, што выйшла ў “Беларускім кнігазборы”, прадмова да яе, каментар.