Выбрать главу

Прыватна-кватэрнае і інтэрнацкае жыццё ў Мінску працягвалася, напэўна, не менш дзесяці гадоў. Калі не больш. Сёння як падумаеш: жах! А тады жыццё ішло пераважна спакойна, як у іншых. І вось гэтае “як у іншых”, “як іншыя” як бы заспакойвала, засцерагала ад якіхсьці небяспечных перажыванняў. Такое было тагачаснае жыццё. Тады яно ўяўлялася амаль нармальным. Ды і праца. Яна была галоўным у тым жыцці. А ў гэтае навукова-літаратурнае жыццё я ўваходзіў усё больш шырока, грунтоўна.

Справа ў тым, што ў пачатку 70-х гадоў і ў другой палове мне даручана было рабіць агляды прозы. Адпаведна - за 1970, 1971, 1976, 1977 гады. Праца гэтая была вельмі жывая, яна актыўна ўцягвала ў тагачасны літаратурны працэс. Агляды ўсе, адпаведна за кожны год, абмяркоўваліся на пасяджэннях секцыі крытыкі, пазней друкаваліся ў часопісе “Полымя”. Тым самым больш шырока пачаў уваходзіць і ў тагачасны літаратурны працэс, і ў тагачаснае літаратурнае жыццё. Кола знаёмстваў на гэтай глебе таксама павялічвалася. Зразумела, з’явіліся і нядобразычліўцы, хаця адкрыта свае адмоўныя адносіны амаль не выяўлялі. Убачыцца гэта пры розных тайных галасаваннях ці то ў якіх, як кажуць, закулісных гульнях. А іх будзе дастаткова. Ды што зробіш: такое жыццё. А такім яно бывае заўсёды і з усімі.

Праца над аглядамі дазволіла мне (а дзесьці і прымусіла) свабодна адчуваць сябе ў тагачаснай літаратуры. Больш за тое, прымусіла так ці інакш суадносіць тагачасныя творы многіх празаікаў з усёй іх творчасцю. Ды не толькі, але і паглядзець на гэтую творчасць і ў гістарычным, і ў сучасным літаратурным працэсе. Выступленні ж з агляднымі дакладамі прымусілі мяне больш смела адчуваць сябе ў пісьменніцкай грамадзе. Значна пашырылася кола знаёмстваў. Менавіта ў гэтыя гады склаліся вельмі шчырыя сяброўскія адносіны з Барысам Сачанкам, Янкам Сіпаковым, Іванам Пташнікавым. Мне падабалася іх творчасць. У кожнага з іх я адчуваў нешта блізкае сабе ва ўспрыняцці навакольнага свету, у адчуванні часу, які мы ўжо перажылі і ў якім жылі, агульнае ў разуменні чалавека. Яны былі розныя і як пісьменнікі, і як людзі. Сачанка актыўны, таварыскі, прабіўны. У яго было нямала сяброў, дом у яго быў гасцінны, ён заўсёды быў гатовы дапамагчы чалавеку, выручыць яго ў хвіліну складаную, цяжкую. І рабіў гэта не аднаму і не адзін раз. Сіпакоў трохі іншы. Ён больш спакойны, некалькі як бы сцішаны або нясмелы. Так ва ўсякім разе часам падавалася. Яго вылучала выключная шчырасць, добразычлівасць, адкрытасць, хаця (часам мне здавалася) дзесьці ў глыбыні хаваўся і пэўны недавер, які мог крыху выявіцца пасля добрай чаркі. У любым становішчы да канца ён не раскрываўся. У мяне заставалася такое адчуванне. Барыс з Янкам цесна сябравалі яшчэ са студэнцкіх гадоў. У іх сяброўства было, так бы мовіць, поўнае. Яны былі адкрытыя ва ўсім. Мне гэта стала вядома значна пазней. Маё сяброўства з імі абодвума грунтавалася на агульнасці літаратурных інтарэсаў, а таксама на нашай вялікай любові да кнігі. Пра сваю любоў да кнігі, адданасць і вернасць ёй хораша напісаў Янка Сіпакоў у сваёй кнізе-эсэ “Мая бібліятэка”. Там пра ўсё ёсць: і пра кнігі, і пра іх аўтараў, і пра ўзаемаадносіны аўтара з тымі, чые кнігі ў яго былі з аўтографамі, і пра вельмі часта няпростае набыццё гэтых кніг. Больш багатая колькасна і на выданні рэдкія і рэдкіх аўтараў была бібліятэка ў Барыса Сачанкі. Не раз даводзілася бываць у яго, гасцяваць і бачыць гэтае багаццё, браць у рукі яго. Моманты выключнага душэўнага перажывання і хвалявання. Пра кнігу Барыс мог гаварыць бясконца - пра яе аўтара, пра яе месца ў літаратуры і, асабліва, яе месца ў яго бібліятэчных скарбах, пра тое, як яе ўдалося набыць. То былі цэлыя займальныя, часам з момантамі дэтэктыву гісторыі.

Вось гэтая любоў да кнігі, прага кнігі, набыццё кнігі і зблізіла нас, аб’яднала. Кожны тыдзень, а бывала і некалькі разоў на тыдзень, мы сустракаліся з клопатам пра кнігу. Два разы на тыдзень прывозілі з кніжнай базы ў кнігарні новыя кнігі. Мы зналі, у якія дні. Пільнавалі. Наведвалі кнігарні, з загадчыкамі якіх у нас былі добрыя таварыскія адносіны. Не раз патрэбныя кнігі яны нам пакідалі. Былі ў нас сувязі і з кніжнай базай - з дзяўчатамі-таваразнаўцамі, а таксама з загадчыкам Лапцёнкам Уладзімірам Ільічом. Лапцёнак любіў кнігу, ведаў яе, адчуваў, каму яна па-сапраўднаму патрэбна, дапамагаў набыць. Зусім не выпадкова пасля выхаду на пенсію ён са сваімі блізкімі заняўся выдавецкай дзейнасцю. Час ад часу мы наведваліся на кніжную базу, нагадвалі загадчыку і яго жаночай камандзе пра сябе. Нярэдка ездзіў з намі таксама Анатоль Вярцінскі. Такое працягвалася гады. Праўда, трэба шчыра прызнацца, што часам вось гэты працэс набыцця кнігі быў больш цікавы, захапляльны, чым пазнейшае знаёмства з гэтай кнігай. Увогуле ж жыццё для кнігі, жыццё з кнігай было для кожнага з нас сапраўднай радасцю ў тым жыцці, асабліва ў жыцці духоўным. Кніга мацавала нашыя ўзаемаадносіны, уносіла ў іх прамень святла. Сяброўства наша працягвалася да апошніх дзён сяброў маіх. Барыс Сачанка памёр 05.07.1995 года, Янка Сіпакоў - 10.03.2011 года.