Выбрать главу

З Іванам Пташнікавым таварыскія ўзаемаадносіны склаліся яшчэ са студэнцкіх гадоў. Заняткі ў нас праходзілі на адным паверсе ў біялагічным корпусе тагачаснага Белдзяржуніверсітэта. Ён вучыўся на журфаку, я на філфаку, на беларускім аддзяленні. Любілі займацца ў кабінеце марксізма-ленінізма, загадваў якім дабрэйшай душы чалавек Аляксей Фаміч, колішні сакратар прыёмнай камісіі. Першы свой твор, аповесь “Чачык” надрукаваў Пташнікаў у апошні год вучобы. Зразумела, паступіўшы ў аспірантуру, потым працуючы ў сектары савецкай літаратуры, даследуючы сучасную прозу, я ўважліва чытаў усё, што ім стваралася. Творы яго мне падабаліся. Яны імпанавалі мне глыбокім спасціжэннем сутнасці чалавека, яго ўнутранага свету, цудоўнымі карцінамі прыроды, нязменнай любоўю да роднага кутка зямлі, высокай здольнасцю выяўляць у жыцці, у чалавеку высокі драматызм. Пісаў пра яго я шмат. Пазней ужо выйшла манаграфія, прысвечаная яго творчасці, - “Чалавек на зямлі”. А ўжо праз колькі часу на пісьменніцкім лецішчы “Узгор’е-2” мы з ім сталі суседзямі. І вось гэтае суседства дазволіла мне бліжэй пазнаць Пташнікава як чалавека, а таксама якіясьці моманты яго творчасці. Чалавек ён увесь у сабе, скрытны, не надта гаваркі; пра сябе, сваё жыццё не любіць расказваць. І не расказвае. Не дарэмна ж, відаць, у чатырох кнігах пісьменніцкіх аўтабіяграфій яго аўтабіяграфіі няма. У час асваення зямлі на лецішчы Пташнікаў паказаў сябе сапраўдным гаспадаром - дбайным, акуратным. Градкі ён ледзь не лінейкай вымяраў. Не раз падумалася, ці не выяўляецца гэта па-свойму і ў творчасці, у творах: сюжэтна-кампазіцыйная іх зладжанасць, абмежаванне кола дзейных асоб, выключная засяроджанасць на чалавеку і яго бліжэйшым, як бы непасрэдна асабістым свеце, моцная эмацыянальная насычанась слова, адсутнасць усялякай публіцыстычнасці. Сёння Іван Мікалаевіч хворы, на вуліцу не выходзіць, не піша. Але і цяпер час ад часу тэлефануе, хвілін колькі пагаворым пра здароўе, пра знаёмых, пра нейкія падзеі...

Добрыя, сяброўскія ўзаемаадносіны з гэтымі людзьмі - І. Пташнікавым, Б. Сачанкам, Я. Сіпаковым - спрыялі больш пэўнаму, устойліваму адчуванню сябе ў пісьменніцкім асяроддзі.

Фармальна, юрыдычна я ўжо тады быў у гэтым асяроддзі. У канцы 1972 года, а менавіта 25 снежня атрымаў членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР, зацверджаны подпісам Георгія Маркава, сакратара Праўлення Саюза пісьменнікаў СССР і Максіма Танка, старшыні Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР.

Усё адбылося не адразу. 16 кастрычніка 1970 года у сваім дзённіку (кн. “Радкі і жыццё”) крытык Варлен Бечык запісвае: “У Саюзе было абмеркаванне творчасці маладых крытыкаў Андраюка, Бечыка і Жураўлёва. Цяжкі груз пахвал... Рады за сябе і за хлопцаў. Хаця пра ўсіх нас - з відавочнымі перабольшаннямі”. Звычайна, на такіх абмеркаваннях выказваліся прапановы аб прыёме ў Саюз пісьменнікаў. Напэўна, такія прапановы былі і тут. Але і тут, як і з кнігай, не атрымалася як трэба. Прымалі на пасяджэнні прэзідыума. Усё ішло быццам нармальна, крытыкі асаблівай не было. Галасаванне тайнае. Не прайшоў. Зразумела, быў засмучаны. Дамоў пайшоў адзін, пешшу. Хто-ніхто супакойваў: усё гэта яшчэ водгукі гісторыі з кнігай. На плошчы Якуба Коласа сустрэў Рыгора Бярозкіна. Блізка з ім мы, як кажуць, не сустракаліся. Быў я крытык не з тых, якіх ён асабліва шанаваў: яму не падабалася мова маіх пісанняў. Але тут ён спыніў, папытаў, што і як, настойліва запрасіў да сябе: жыў ён блізка. Зайшлі да яго, чарку выпілі, шчыра пагаварылі. У яго якраз тады выйшла кніга пра Максіма Багдановіча на рускай мове. Прэзентаваў гэтую кнігу. Мяне парадаваў і ўзбадзёрыў дарчы надпіс наступнага зместу: не гаруй, дружа, усё праходзіць, праўда застаецца. На працы тое, што не быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў, было ўспрынята спакойна: не першая такая гісторыя.

Праходзіць нейкі час. Зноў запрашаюць на прэзідыум, зноў збіраюцца прымаць - паўторна. Крыўда мая яшчэ не прайшла - не пайшоў. Дзесьці на наступны дзень нечакана патэлефанаваў Васіль Вітка. Чаго вы не прыйшлі на прэзідыум? Кіньце крыўдаваць. Усё будзе добра. Усё гэта было вельмі прыемна чуць. Тым больш ад Віткі, чалавека, усімі паважанага. І сустрэча з Бярозкіным, і тэлефанаванне Віткі былі зусім нечаканыя для мяне. Тым больш каштоўныя. Праз якійсьці месяц зноў запрасілі на прэзідыум. На гэты раз прынялі: толькі нехта адзін прагаласаваў супраць. Вядомая рэч, пасля мусіла быць чарка. Яна і была. Добра запомнілася, быў там і Васіль Быкаў. Жыў ён тады яшчэ ў Гродна. Высветлілася, што ён нідзе ў гасцёўні не пасяліўся: начаваць няма куды ісці. Я прапанаваў пайсці да мяне: на той час я ўжо атрымаў трохпакаёвую кватэру. Быкаў згадзіўся. Дзеці ўжо спалі. Жонка прыгатавала каву ці то чай, нейкую закусь. Узялі яшчэ па чарцы. Усё было шчыра, сардэчна. Спаў Быкаў на складным крэсле ў зале. Нейкі час размаўлялі з ім на кухні. Сказаў ён тады мне, што прыязджаў да яго ў Гродна Салжаніцын. Гэта засталося нават ў п’янай галаве. Астатняе мала што засталося ў памяці. Раніцай прачнуўся - яго ўжо няма. Жонка кажа, што ўстаў рана - паспяшаўся на цягнік.