Выбрать главу

Той жа Варлен Бечык у сваім дзённіку чацвёртага студзеня 1973 года запіша: “У Андраюка пасля прыёму ў Саюз быў Быкаў. Вялікі гонар. Божа, колькі трэба зрабіць, каб вось так пагаварыць з ім па шчырасці”. У мяне, скажу шчыра, было больш спакойнае ўспрыманне гэтай падзеі. З Быкавым адносіны сталі больш цёплыя. Пры сустрэчах ён заўсёда пытаў: як “жоначка”? Так цёпла ён называў. Помніцца, былі мы запрошаны і на юбілейны вечар у кафэ Дома літаратараў. Прыйшоў я адзін. Васіль Уладзіміравіч папытаў, чаму няма “жоначкі”. У той час адносіны да Быкава, успрыманне яго былі яшчэ спакойныя, без лішняй долі захаплення. Як і ён сам па сваёй натуры.

Сваё жыццё, сваім шляхам працякала і непасрэдна ў самім нашым акадэмічным інстытуце. Не заўсёды спакойна і роўна. Апрача непасрэдна навуковага занятку, людзі таварышавалі, займаліся грамадскімі справамі. У мяне ў канцы аспірантуры склаліся добрыя таварыскія адносіны з Міколам Прашковічам. Мы ў адны гады вучыліся на філфаку. Праўда, чатыры гады ён вучыўся на рускім аддзяленні, на пятым курсе перайшоў на беларускае. У аспірантуру паступіў на два гады раней за мяне. Пакуль я стаў малодшым навуковым супрацоўнікам, ён ужо на гэтай пасадзе адчуваў сябе даволі ўстойліва. Праз пэўны час стаў старшым навуковым супрацоўнікам. Быў ён хлопец добры, сяброўскі. Жыў у інтэрнаце. У яго часта збіраліся, бралі чарку. Вялі спрэчкі, вострыя размовы, асабліва па нацыянальным пытанні. Быў ён знаёмы з Л. Геніюш, таварышаваў з У. Караткевічам, А. Мальдзісам, з мастакамі, навукоўцамі, былі добрыя сувязі з украінскімі нацыянальна настроенымі людзьмі. Неяк збіраў грошы на дапамогу камусьці з украінскіх сяброў, што сядзеў у турме. У тыя гады, калі адпаведныя службы працавалі асабліва старанна, сачылі за ўсімі і за кожным, хто думаў не так, як гэта трэба было, наіўна было думаць, што ў гэтай кампаніі не з’явіцца чалавек з адпаведным заданнем. Напэўна, ён і быў. І, відаць, нядрэнна рабіў сваю справу. Праз нейкі час сярод нацыянальна настроеных людзей запанавала як бы нейкая трывога. Пачалі даходзіць чуткі, што не аднаго ўжо выклікалі ў КДБ. Папаўзлі ціхія размовы, што там Мікола ўсё расказаў, усё і пра ўсіх. Нехта сказаў, што і маё прозвішча там згадвалі. Гэта ўсё не дадавала настрою. Аднойчы праходзіў агульнаакадэмічны партыйны сход. Іван Якаўлевіч Навуменка (на гэты час дырэктар Інстытута) вяртаўся са сходу. Я быў у калідоры. Устрывожаны, падышоў да мяне. “Вас таксама ўпаміналі. Трэба адмежавацца”. Што значыла “адмежавацца”? Ад каго? Калі? Як? - я сабе не ўяўляў ды і нічога не рабіў. Пасялілася ў душы нейкая трывога. Трывога адчувалася і ў калектыве. Для некаторых нацыянальна настроеных хлопцаў закончылася дрэнна: пяць чалавек - М. Прашковіч, А. Каўрус, В. Рабкевіч, М. Чарняўскі, С. Міско - былі адхілены ад працы. Сцяпана Міско блізка я не ведаў. Астатніх хлопцаў ведаў добра. І Валянцін Рабкевіч, і Алесь Каўрус, і Міхась Чарняўскі былі здольныя, таленавітыя навукоўцы, сумленныя таварышы. Не заўважаў, каб хтосьці з іх праяўляў асаблівую прыхільнасць да чаркі. Былі яны, вядомая рэч, і сапраўднымі патрыётамі, любілі ўсё сваё, беларускае. Але не больш таго: ніякай непрыязні да іншага народа, людзей іншай нацыянальнасці ні ў кога з іх не было. Усё гэта выклікала неўразуменне, прыглушала не проста творчую, а жыццёвую энергію, скоўвала рух думкі, зашорвала. І ці трэба сёння здзіўляцца драматычнай сітуацыі з беларускай мовай, наогул з беларускасцю на Беларусі?!

У тыя ж гады ўсё гэта не надта, мякка кажучы, спрыяла навуковай, ды і літаратурнай (мабыць, тут і найбольш) дзейнасці. Цэнзура, адпаведныя ідэалагічныя аддзелы розных дзяржаўна-партыйных структур пільна сачылі за ўсім тым, што было звязана так ці інакш з ідэалогіяй. Усе навуковыя працы ў Інстытуце абмяркоўваліся на розных узроўнях. Пры выданні кнігі былі не толькі выдавецкія, але і свае пільныя, звычайна, навуковыя рэдактары. Ды і кожны аўтар знаходзіўся ў пэўным унутраным напружанні, хацеў таго ці нават не хацеў, але ўсё ён рабіў цяпер, адчуваючы грамадскі клімат часу, яго атмасферу.