Выбрать главу

Але ж дзіўная рэч: якраз у тыя гады, 60-70-я, былі створаны лепшыя творы ў нашай літаратуры - “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” Івана Мележа, “Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля, “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Сотнікаў” Васіля Быкава, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Уладзіміра Караткевіча, “Тартак”, “Мсціжы” Івана Пташнікава, “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві” Івана Чыгрынава, “Апошнія і першыя”, “Чужое неба” Барыса Сачанкі, аповесці і апавяданні Вячаслава Адамчыка, Анатоля Кудраўца, Міхася Стральцова.

Тады ж з’явілася ўнікальная кніга Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі”. Я ўзгадваю тут у асноўным кнігі прозы, бо прозай я займаўся. Але вялікі ўздым быў і ў паэзіі. Магчыма, нават больш яркі.

Чаму так адбывалася? За ваенныя, пасляваенныя часы ў грамадстве, у кожным чалавеку накапілася творчай энергіі, якая патрабавала выхаду. Тыя выключныя ўспаміны мінулых нядаўніх гадоў, неверагодныя ўражанні перапаўнялі чалавека, як бы самі вырываліся з яго. Гэтымі памкненнямі, адчуваннямі была пранізана ўся атмасфера тагачаснага жыцця. Адліга ў грамадстве дала магчымасць гэтай творчай, духоўнай энергіі вырвацца на паверхню са сховаў чалавечай душы і памяці. Пазнейшыя ўсялякія афіцыйныя забароны, абмежаванні, перашкоды дзесьці ўжо не маглі спыніць гэты напор чалавечай энергіі, што імкнулася да жыцця, у жыццё. Для творцы цяпер істотна не проста расказаць пра якуюсьці з’яву, падзею, назваць той ці іншы факт. Ён ішоў у глыбіню, даследаваў вытокі, выяўляў сувязі. А гэта ў сваю чаргу нараджала новыя ідэі, вылучала новыя праблемы, тым самым паглыбляючы і ўзбуйняючы само мастацкае спасціжэнне гісторыі і сучаснасці, свету і чалавека. Так сёння бачыцца тагачаснае літаратурнае жыццё, так разумеецца. Ды і тады не ўсё ўспрымалася як належнае. Пачуццё, унутранае адчуванне несправядлівасці, многае ў жыцці наогул, у літаратурным свеце генетычна не прымала. Разам з тым многае цярпелася, з чымсьці, непрымальным унутрана, даводзілася мірыцца, асцярожнічаць.

Пройдуць гады. І не малыя. Цяпер, ужо пасля васьмідзесяці, згадваючы тагачаснае жыццё, галоўным чынам жыццё сярод людзей, у свеце літаратуры, я не бачу за сабою якіхсьці ганебных, шкодных для іншых учынкаў. З’яўляецца часам шкадаванне, што дзесьці быў часам няўважлівы, просталінейны, душэўна глухаваты. Урэшце, усе мы не бязгрэшныя. Жыццё так нас выхоўвала, вясковае, аднаасобнае, з верай у Бога і бояззю граху. І гэта засталося да сёння.

Тады ж усё ішло сваім ладам і парадкам і ў літаратуры, і ў нашым Інстытуце. У 1973 годзе дырэктарам Інстытута літаратуры стаў Навуменка Іван Якаўлевіч, вядомы пісьменнік, доктар філалагічных навук, прафесар. Барысенка В.В. пайшоў на пенсію. Як вядома, кожны новы кіраўнік, заняўшы пасаду, імкнецца штосьці змяніць, палепшыць. Тым самым і сябе паказаць. Само сабою зразумела, што пры назначэнні на новую пасаду кожны абавязкова атрымліваў пэўныя пажаданні, рэкамендацыі, указанні, якія трэба было выконваць. Пры ранейшым кіраўніцтве было даволі свабодна - і ў плане дысцыпліны, і ў плане творчым. Новы кіраўнік быў больш малады, больш эмацыянальны як пісьменнік. Гэта таксама неяк адбілася - у павышанай прыхільнасці ў адносінах да адных і ў большай прыдзірлівасці, прынцыповасці - да другіх. Больш строгай стала дысцыпліна. Больш строгі падыход ў плане ідэалагічным стаў пры абмеркаванні навуковых прац на вучоных саветах, адпаведна і ў аддзелах. Але ў нашым аддзеле (ці сектары, як тады называлі) і так дысцыпліна была строгая, а ўвага да ўсялякіх разважанняў, выказванняў была самая пільная. Тут наш Павел Кузьміч быў першы. Нярэдка за тое ці іншае засмучаўся, але злосці не трымаў. У душы, здаецца, быў ён чалавек добры. І працавалася нам з ім нядрэнна.

Займаўся наш аддзел, як вядома, савецкай літаратурай. Я ўжо гаварыў, што працаваў напачатку над апавяданнем першага пасляваеннага дзесяцігоддзя, над стылем Мележа, над аглядамі прозы 1970 і 1971 гадоў. Тут я адчуваў сябе досыць свабодна. Ведаў нядрэнна і тагачасную рускую прозу, прозу іншых рэспублік Саюза. Пісаў рэцэнзіі, артыкулы. Не раз даводзілася выступаць з агляднымі дакладамі. Пра адно такое выступленне хочацца ўзгадаць, хаця, кажучы па-праўдзе, не дужа прыемна гэта. Але што зробіш - было, і помніцца. Дзесьці восенню 1973 года ў нашым Саюзе пісьменнікаў праходзіў усесаюзны сімпозіум перакладчыкаў беларускай літаратуры. Даклад па сучаснай беларускай паэзіі рабіў супрацоўнік нашага аддзела паэт Мікола Арочка, па прозе - я. Зрабілі даклады, прынялі іх нядрэнна, нас у перапынку віншавалі. І раптам... Анатоль Грачанікаў, сакратар нашага Саюза пісьменнікаў (ён курыраваў паэзію) запрашае зайсці да яго ў кабінет. Заходзім. Там сядзіць Марцалеў С.В., загадчык аддзела культуры нашага ЦК. Грачанікаў адразу ж выйшаў. Марцалеў гаворыць: “Слухаў я ваш даклад”. Я быў у трохі прыўзнятым настроі (мусіць, думаў, што хваліць будуць) і ў адказ пытаю: “І што?” “Дрэнна!” - быў адказ. Далей тлумачэнне: зноў у вас супрацьпастаўленне першага пасляваеннага дзесяцігоддзя і другога, хваліце творы недасканалыя ў ідэйных адносінах, многія таленавітыя, ідэйна вывераныя раманы і аповесці замоўчваеце. І далей галоўнае, што выказаў таварыш адказны за культуру ў рэспубліцы: “Мы вас білі, але білі дубчыкам, шкадуючы” (словы запомніліся), цяпер будзем біць па-іншаму, раз вы крытыкі не прымаеце (перадаю тут сэнс). Выйшаў я сам не свой. Мне ж ужо амаль 40 гадоў, а прабралі як хлапчука. Брыдка было, сорамна. Расказаў толькі Алесю Адамовічу пад настрой. У Інстытуце ніякіх адмоўных вынікаў гэтай “размовы” не адчуў. Праўда, у выдавецтве, не ведаю па гэтай прычыне ці не, але была перанесена на год пазней кніга маіх крытычных артыкулаў “Вывяраючы жыццём”. Цяпер мне стала зразумела, па чыёй рэкамендацыі быў рассыпаны набор маёй першай кнігі.