Выбрать главу

Прайшлі гады, дзесяцігоддзі. Але і сёння я да канца не разумею, якія ідэйна-палітычныя памылкі былі ў маём дакладзе. Дарэчы, як і ў першай кнізе. Пісаў і пішу так, як я адчуваю, разумею той ці іншый твор, творчасць пэўнага пісьменніка, адпаведны перыяд літаратурнага працэсу. Хвалявалі мяне ў літаратуры найперш праблемы праўдзівасці і духоўнасці, чалавечнасці. Праўдзівасці не ў сэнсе поўнай адпаведнасці падзейнага зместу мастацкага твора рэальным падзеям і фактам. А праўдзівасці мастацкага ўвасаблення, праўдзівасці слова, праўдзівасці, якая першую праверку вытрымлівае на ўзроўні эмацыянальным: захапіў твор, усхваляваў, прымусіў думаць, перажываць. Чалавечнасць - не як замілаванасць, суцэльнае захапленне чалавекам, яго ідэалізацыя. А зноў жа, чалавечнасць - як паказ, паўнакроўнае ўзнаўленне чалавечай асобы, багата надзеленай духоўна, з Богам у душы. Адна з тэм маіх так і называлася “Духоўны свет чалавека”. Ды і ў маіх асноўных даследчых тэмах “Іван Пташнікаў” і “Традыцыі і сучаснасць” гэтыя праблемы, а можа, хутчэй праблема, былі галоўныя.

Творчасць Івана Пташнікава была мне ўнутрана блізкай. Той свет, які ён узнаўляў, які ствараў - прырода, лес, неба, хмары, вецер - то быў наш свет, беларускі, свет паэтычны, прыгожы, драматычны. Тыя вобразы, якія стварыў пісьменнік у сваіх раманах, аповесцях, апавяданнях, - гэта вобразы сапраўдных карэнных беларусаў. Людзей, якія нясуць у сябе беларускі свет, ім створаны. Свет і чалавек арганічна паяднаны, іх нельга ўявіць адно без аднаго. Свет, у якім жывуць героі Пташнікова, не замкнёны сам у сабе, не ізаляваны ад свету вялікага. Ён неад’емная частка гэтага свету. Пройдуць гады, дзесяцігоддзі, стагоддзі. Хтосьці з прадстаўнікоў будучых пакаленняў, што будуць жыць на гэтай зямлі, захоча ўведаць, якой у яе натуральным стане, выглядзе была зямля гэтая і якія людзі жылі на ёй. Ён, безумоўна, найперш звернецца да літаратуры як мастацтва слова. Бо якраз літаратура найбольш арганічна і цэласна, этнічна і сацыяльна поўна падае яго, паказвае. Гэта гучыць у самім слове. І я лічу, што ў найбольшай ступені гэта, наша жыццё і нашага чалавека, можна ўбачыць у “Новай зямлі” Якуба Коласа, раманах Кузьмы Чорнага, “Палескай хроніцы” Івана Мележа, творчасці Івана Пташнікава, Анатоля Кудраўца.

Даследуючы тагачасную прозу, гаворачы пра яе высокія дасягненні і набыткі, падкрэсліваючы яе высокія ідэйна-мастацкія дасягненні, нельга было не паглядзець на ўсё гэта гістарычна - не на голым жа месцы ўсё раптам узнікла. Давялося звярнуць больш пільную ўвагу на літаратурны працэс у яго гістарычным мастацкім руху. Дзе аснова тагачасных поспехаў? Дзе выток? Так з’явілася, выспела задума працы “Традыцыі і сучаснасць”. Працаваў я над гэтай тэмай тры гады. Ускладаў я на яе пэўныя надзеі: меркаваў, на яе аснове абараню доктарскую дысертацыю. Аднак. жыццё рухаецца праз нечаканасці. Ва ўсякім разе ў мяне так.

У другой палове сямідзесятых адчуліся якіясьці змены ў жыцці і працы нашага Інстытута. Сама атмасфера змянілася. Стала неяк цішэй, спакайней. Менш узнікала калідорных абмеркаванняў, спрэчак. Адыходзілі ветэраны, старэйшыя супрацоўнікі нашай навуковай установы. У 1976 годзе памёр удумлівы даследчык літаратуры Навум Саламонавіч Перкін. Пад канец 1980 года не стала майго настаўніка, добрай душы чалавека, сапраўднага беларуса Юльяна Сяргеевіча Пшыркова. Страта адчувальная: ні параіцца, ні параду папытаць у чалавека багатага жыццёвага вопыту, чалавека, якому верыш. У аддзеле ўжо працавалі выдатны крытык Варлен Бечык і трохі маладзейшы даследчык драматургіі Сцяпан Лаўшук, на сённяшні дзень доктар навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сядзелі мы ў адным кабінеце. Склаліся ў нас увогуле даверлівыя таварыскія адносіны. Нямала было перагаворана, абмеркавана, пакрытыкавана. З Лаўшуком мы былі вучні аднаго настаўніка: кіраўніком яго дысертацыі быў Ю.С. Пшыркоў. Хлопец ён памяркоўны, разважлівы, не балбатун, трохі жартаўлівы, сур’ёзны, працавіты. Па-сапраўднаму адносіўся да сваёй прыналежнасці да партыі камуністаў. У хуткім часе ён стаў сакратаром інстытуцкай партыйнай арганізацыі. Дык вось, як сакратар пачаў ён прапаноўваць і нам, сваім таварышам па кабінеце, падумаць наконт уступлення ў шэрагі камуністычнай партыі. Якіясьці асаблівыя думкі ці адчуванні з гэтай нагоды ў памяці не засталіся. Прыемна было, што адну з рэкамендацый даў былы наш дырэктар Барысенка В.В. Якіхсьці змен у працы ў гэтай сувязі я не адчуў, хаця з’явілася унутрана адчуванне большай адказнасці за працу, за паводзіны. Галоўнае, чаму я пра гэтую падзею згадваю, гэта тое, што яна паўплывала на мой далейшы працоўны, творчы - не скажу, лёс. Пра гэта трохі пазней.