Выбрать главу

Кватэру з сям’ёю атрымаў па сённяшняй вуліцы Сурганава. У буйнапанэльным доме, на трэцім паверсе. Паміж вуліцай Куйбышава і Максіма Багдановіча (тады Максіма Горкага) знаходзіліся тры аднатыпныя дамы. Мы пасяліліся ў сярэднім. Тады раён толькі асвойваўся. Па другі бок вуліцы Сурганава пачынаўся так званы Сельгаспасёлак. Прыватныя дамы, садкі, агароды. Адчуванне прасторы, неабжытасці. Сёння ўсё змянілася. Калі раней гэтыя тры дамы, калі глядзець на іх з вуліцы Сурганава, рабілі ўражанне, то сёння іх за збудаваннямі больш сучаснымі проста нельга заўважыць. Яны як бы прыглушаны гэтымі сучаснымі будынкамі. А тады глянеш у акно - адчуванне прасторы, паветра. Перад акном маладая бярозка. Дзіўна, як яна захавалася. Увогуле радаваліся: тры пакоі - гэта не адзін у інтэрнаце для маласямейных.

Пачалі абжывацца, купляць нешта і для кухні, і для спальні, і для залы. Цягнулася гэта доўга: купляць асабліва дык і не было за што. Але ж трэба было. І паціху тое-сёе набывалася. Для мяне асаблівая радасць была, калі купілі кніжную секцыю. Цяпер мае кнігі, маё галоўнае багацце ладна размясцілася на паліцах. Можна было любавацца імі, пры неабходнасці адразу ж узяць - паглядзець, пачытаць. Зараз, маючы кватэру, было ўжо зручней запрасіць і прыняць кагосьці з родных: было хоць спаць дзе пакласці. Раней мы да іх пастаянна ездзілі. Ну а цяпер і яны маглі ўжо прыязджаць. І прыязджалі. Прыязджалі мае бацька і маці, браты, прыязджалі жончыны бацька і сястра.

Непадалёку ад нас атрымалі кватэру суседзі па інтэрнаце Шылкі. Часта сустракаліся. То мы да іх у госці, то яны да нас. Ішло нармальнае жыццё. Сёння ў маіх дзяцей гэтага няма. Ды і ў нас паступова ўсё гэта знікла. Выраслі дзеці, мы пастарэлі; змяніліся зацікаўленасці, пабольшала турботаў.

Раслі дзеці, вучыліся. Вучыліся нядрэнна і адна дачка, і другая. Клопатаў у бацькоў павялічвалася. Расходаў таксама. З’явілася нейкае невыразнае адчуванне-чаканне змены. І яна адбылася. У 1981 годзе я пайшоў на новую работу - галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Але гэта зноў жа яшчэ адна новая старонка ў маім жыццёвым лёсе.

ІІІ

Такім чынам, 7 красавіка 1981 года я быў вызвалены ад пасады старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, а на наступны дзень, гэта значыць 8 красавіка 1981 года, быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Папрацаваў я на гэтай пасадзе аж да 27 лістапада 1992 года. Назусім развітаўся з выдавецтвам 31 снежня 1997 года. Як бачна, выдавецкай працы было аддадзена больш за 16 гадоў. Былі то гады няпростыя для краіны, няпростыя і ў жыцці людзей яе. Няпростыя і для выдавецтва як адзінкі, непасрэдна звязанай з жыццём палітычным, духоўным. Усё гэта адчувалася, перажывалася, па-свойму ўлічвалася. Адбівалася ў жыцці асабістым.

Чалавек я па сваёй натуры не дужа кампанейскі, зусім не гаваркі. Увогуле “хутаранец”, як дзесьці ў свой час сказаў быў Піліп Пестрак. І ў гады дзяцінства, і ва ўсе школьныя гады, у вялікай ступені і ў студэнцкія галоўным маім сябрам была кніга. Кнізе я давяраў самыя патаемныя свае думкі і жаданні, у ёй шукаў адказы на самыя глыбокія асабістыя пытанні жыцця. Хвіліны шчырай радасці, высокага духоўнага ўздыму і душэўнага захаплення, як і нярэдкія моманты суму, тугі, нявер’я найперш былі звязаныя з кнігай. Самую вялікую частку часу забірала ў мяне кніга, а калі быць больш дакладным - аддаваўся ёй з задавальненнем. З кнігі ішла вера ў жыццё, у чалавека, у справядлівасць свету, вера ў тое, што праўда заўсёды перамагае. Яна вучыла бачыць, адчуваць прыгажосць таго свету, у якім ты жыў: лес, поле, луг, рэчка... Кніга была крыніцай веры, сілы, спачування, зразумення - ва ўсялякім разе для мяне. Так мне сёння ўяўляецца. Яна стварыла духоўную аснову майго жыцця, адносін да жыцця, аснову разумення самога жыцця. Вядомая рэч, потым, ды і тады жыццё дасць не адзін урок зместу адваротнага таму, які спавядае кніга - сваёй ідэйнай скіраванасцю, духоўным зместам, эмацыянальным напаўненнем. І ўсё ж сёння, не крывячы душой, я магу сцвярджаць, што аснова гэтая вытрывала выпрабаванне жыццём і часам.