Выбрать главу

Дык вось, да распачатай у выдавецтве працы кніга была маёй спадарожніцай нязменнай, была галоўнай крыніцай духоўнага сілкавання. Зразумела, то была кніга мастацкай літаратуры, кніга сапраўдная, кніга з вялікай літары. Гэтую, такую кнігу я ўвесь час чытаў, вывучаў яе, расказваў пра яе вучням. Даследаваў яе, пісаў пра яе. Тут жа, у выдавецтве, узаемадачыненні з кнігай мелі зусім іншы характар.

Тут у пэўным сэнсе трэба было ўжо працаваць над кнігай - і над тэкстам (творам), і над кнігай. Твор перад тым, як стаць кнігай, праходзіў ацэнку, апрабацыю, афармленне. Тут ужо да стварэння кнігі прычыняліся рэцэнзенты, рэдактары, карэктары, а таксама мастакі, тэхрэды. Выдавецкая праца над кнігай (а кнігі тут былі самыя розныя) дзесьці зніжала градус агульнага захаплення ёю.

Яшчэ. Не варта забываць пра прысутнасць, непасрэдны ўдзел аўтара ў з’яўленні пэўнай кнігі. І вельмі часта адносіны да аўтара ў немалой ступені вызначалі характар успрымання кнігі. Неяк незаўважна пачало зніжацца яе абагаўленне. Больш цвярозымі сталі адносіны да яе. Сама рэальнасць стварэння кнігі нярэдка прыцямняла пазнейшае ўражанне ад яе.

Так сёння бачыцца. Тады ж гэты працэс больш цвярозых адносін да кнігі амаль не заўважаўся, не адчуваўся. Трэба было увесь час працаваць. Клопаты, турботы выдавецкія былі пастаянныя. У сэнсе адчування, разумення кнігі яны шмат давалі, але і нямала - як потым усвядоміцца - забіралі.

Больш за трыццаць гадоў прайшло з часу, калі я далучыўся да выдавецкай працы, дзейнасці, шаснаццаць гадоў з хвосцікам - як развітаўся. Але і да гэтага часу не магу даць вычарпальны адказ на пытанне, чаму я пайшоў на працу ў выдавецтва. У Інстытуце справы складваліся зусім нядрэнна. Вось-вось павінна была выйсці манаграфія “Традыцыі і сучаснасць”. На яе аснове я змог бы праз нейкі час абараніць доктарскую дысертацыю. Чаго яшчэ трэба?.. Але ж не: узяў і пайшоў. Дакладней - перавялі, даў згоду на перавод. Несумненна, “вінаватыя” тут сябры, найперш адзін з іх - Барыс Сачанка. У той час у яго былі добрыя таварыскія адносіны з Антановічам І. І., загадчыкам аддзела культуры ў ЦК КПБ. Была магчымасць абмяркоўваць (а Барыс Іванавіч любіў пагаварыць) якіясьці пытанні літаратурнага жыцця, выказваць нейкія свае прапановы, меркаванні. Думаю, што ў адносінах да мяне якраз так і было. Бо гутарку ў ЦК адносна прызначэння на гэтую адказную пасаду праводзіў менавіта Антановіч І. І., а не загадчык аддзела прапаганды ЦК Паўлаў С. Я. Былі, відаць, і іншыя, прычыны. Жыццё ў Інстытуце ў творчым плане станавілася нейкім шэра-аднастайным, не ўзбуджала творчай энергіі. Ці не па гэтай жа прычыне неўзабаве і Бечык пайшоў з Інстытута. Думаецца, што дзесьці на ўзроўні падсвядомым паўплывала на маё рашэнне пайсці на працу ў выдавецтва, працу, зусім для мяне невядомую, гісторыя з выданнем маёй першай кнігі.

І я пайшоў. Да гэтага сустрэўся з дырэктарам выдавецтва Дубянецкім Міхалам Фёдаравічам. Уражанне засталося самае найлепшае. Здарыўся ў гэтыя дні і вось які яшчэ выпадак. Неяк вечарам без усялякага папярэджання раптам завітаў на кватэру чалавек немаладога ўзросту, вайсковай выпраўкі. Высвятляецца - намеснік дырэктара выдавецтва па вытворчасці. Маўляў, вырашыў пазнаёміцца з новым супрацоўнікам. Пасядзелі, пагаварылі, здаецца, і па чарцы ўзялі. Без ніякіх нечаканых пытанняў з яго боку. А ў мяне пытанне засталося: чаму?

Пачалася праца ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Пачалося для мяне зусім новае жыццё. Сходы, пасяджэнні, абмеркаванні, лятучкі, сустрэчы, гутаркі... Па сутнасці, увесь час сярод людзей, з людзьмі. Па-першае, гэта супрацоўнікі выдавецтва, найперш яго рэдактарская каманда. Па-другое, аўтары - пісьменнікі і тыя, хто хацеў стаць пісьменнікам. З такімі найчасцей даводзілася мець размовы. Уся гэтая праца была вельмі далёкай ад ранейшай. Там дамінавала стабільнасць. Звычайна не менш года даводзілася займацца адной праблемай, вырашаць пытанні, цесна звязаныя паміж сабою, скіраваныя да аднаго цэнтра. Усё ў канчатковым выніку ішло на паглыбленне ведання, на пашырэнне падыходу да яго, узбуйненне маштабу бачання. Тут жа, у выдавецтве, пытанні ўзнікалі ледзь не кожны дзень, пытанні ў пераважнай большасці сваёй практычнага характару. Пытанні, якія патрабавалі менавіта хуткага практычнага вырашэння. Засяроджвацца асабліва на якіхсьці праблемах літаратуразнаўчага характару ніяк не выходзіла. Выдавецкае жыццё трымала ў пастаянным напружанні. І не толькі рэдактара, і не толькі рэдактарскі калектыў, але і ўсе выдавецкія службы.