Выбрать главу

За той час, як я працаваў у выдавецтве, яго кіраўніцтва мянялася некалькі разоў. Найбольш запомніўся, найбольш застаўся ў памяці першы дырэктар, з якім я пачаў працаваць, - Дубянецкі Міхал Фёдаравіч. Выдатна ведаў выдавецкую справу, беларускую літаратуру, любіў кнігу, успрымаў яе як жывую істоту. Шанаваў творцаў кнігі - зразумела, найперш пісьменнікаў, але і выдаўцоў. Чалавек сардэчны, таварыскі. Умеў арганізаваць калектыў, клапаціўся пра яго, абараняў яго інтарэсы. Гэта быў сапраўдны беларус, беларуская кніга - галоўны яго клопат. Я вельмі быў рады, што пачынаць працу ў выдавецтве пашчасціла пад яго кіраўніцтвам. Ды, па праўдзе кажучы, кіраўніцтва ў строгім сэнсе гэтага слова і не было. Былі парады, падказкі, пажаданні, таварыскія прафесіянальныя гутаркі. Супрацоўнікі выдавецтва паважалі Міхала Фёдаравіча, любілі. Моцна перажывалі, калі па стану здароўя ў 1986 годзе ён вымушаны быў пайсці на пенсію. У нейкай разгубленасці, няпэўнасці быў і я. Толькі пачаў адчуваць задавальненне ў выдавецкай справе, паглыбіліся шчырыя, даверлівыя ўзаемадачыненні з дырэктарам, нараджаліся новыя выдавецкія планы, задумы.

Новым дырэктарам стаў Бутэвіч Анатоль Іванавіч. Пазней у адным артыкуле ён напіша: “Мой дырэктарскі час у “Мастацкай літаратуры” быў не надта працяглы. Прыйшоў у выдавецтва ў красавіку 1986 года з пасады інструктара сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. А ўжо ў студзені наступнага мусіў вярнуцца назад у аддзел культуры, на гэты раз загадчыкам сектара”. Новы дырэктар, малады, энергічны ўнёс нейкі новы струмень у жыццё выдавецтва. У хуткім часе ён набыў павагу і шанаванне калектыву. Клапаціўся і пра справы выдавецкія, і пра людзей. Быў у яго моцны зарад беларускасці, нейкі зямны, гістарычны. Выявіўся ён з поўнай сілай у пазнейшыя гады ў яго творчасці. У нас з ім на той час склаліся даверлівыя працоўныя і чалавечыя ўзаемаадносіны. Захаваліся яны і адчуваліся мною, асабліва ў пазнейшыя гады (1990-1996), калі Бутэвіч займаў галоўную кіруючую пасаду ў галіне кнігадрукавання. Былі то гады пераломныя ў жыцці краіны, адпаведна і ў нашай сферы - сферы культуры, друку. Тут не раз я адчуваў яго добрую падтрымку, за што шчыра ўдзячны і па сённяшні дзень. Ну, але ўсё гэта будзе потым. Дарэчы, добрыя адносіны да сябе я адчуваў і збоку ранейшага старшыні Камітэта па друку Дзяльца Міхала Іванавіча - паважлівыя, добразычлівыя. У першыя часы маёй выдавецкай працы было гэта так неабходна.

У пачатку 1987 года дырэктарам “Мастацкай літаратуры” быў прызначаны Грышановіч Валерый Мікалаевіч. Прыйшоў ён, як і яго папярэднік на гэтай пасадзе, з ЦК. Там была галоўная школа ідэалагічных кадраў. Пасля таго, як Бутэвіч пайшоў на новую пасаду, справа з прызначэннем новага дырэктара трохі зацягнулася. І вось аднойчы пад канец дня - званок тэлефона. Бяру трубку. Звоніць старшыня камітэта: вырашана прызначыць мяне дырэктарам выдавецтва. Загадана перагаварыць з Кусянковым М. С., маім намеснікам, адносна прызначэння яго галоўным рэдактарам. Таго ўжо не было ў выдавецтве. Пайшоў я дадому нейкі трывожна ўзбуджаны. На наступны дзень, не паспеў я прыйсці на працу, званок. Зноў старшыня. “З Кусянковым гаварылі?” - “Не.” - “Пакуль і не трэба”. Праз некалькі гадзін пайшла па калідоры чутка: прызначаны новы дырэктар.

Сваім менталітэтам новы дырэктар быў трохі іншы, чым яго папярэднікі. Гэта быў тыповы тагачасны выхаванец камсамола - энергічны, дзейны да мітуслівасці, гаварлівы. Кіраваць яму выпала не ў лепшы час. Перабудова, прыватызацыя, узмацненне ролі калектыву. У першыя гады ўсё ішло быццам нядрэнна. Але чым далей, тым больш яго і яго намесніка ахоплівала прага рэарганізацыі выдавецтва, ледзь не прыватызацыі яго. Дайшло да таго, што быў скліканы прафсаюзны сход і дырэктару, па сутнасці, адзінагалосна быў выказаны недавер. Пасля гэтага я быў спачатку прызначаны выконваючым абавязкі дырэктара, а дзесьці праз месяц рашэннем калегіі Міністэрства інфармацыі зацверджаны на гэтай пасадзе. Было гэта ў канцы 1992 года. Працаваў да ліпеня 1996. Тады ж быў вызвалены ад займаемай пасады па ўласным жаданні (і па настойлівай просьбе Міністэрства інфармацыі) у сувязі з выхадам на пенсію.