Выбрать главу

Пройдуць гады. У 1993 годзе выйдзе яго кніга дзённікавых запісаў “Радкі і жыццё”. І вось там, у запісе, пазначаным 21. 7. 1985 годам, чытаю: “Што цешыць, што сагравае душу ў пустым бязладдзі і тлуме - гэта ўзаемапаразуменне з Серафімам Андраюком. Імпануе ўсё: і яго бездакорная сумленнасць, і прынцыповасць, і адданасць справе, і творчая, і адміністрацыйная таленавітасць. Адчуваю ў ім не проста аднадумца - сапраўднага друга. Наогул тут, у выдавецтве, адчуваю прыязнасць многіх - і не горшых - людзей”.

Прачытаў з прыемнасцю. І не толькі таму, што словы цешаць самалюбства. Хоць ёсць і гэта: усе мы не бязгрэшныя. Ён давяраў, верыў мне. Як сёння мне ўяўляецца, каманда выдавецтва - Дубянецкі М. Ф, Бечык В. Л., Андраюк С. А. - была не самая горшая на той час. Але ў жыцці найчасцей здараецца так: нішто добрае не працягваецца доўга.

13 лістапада 1985 года Варлен Бечык дачасна памёр. У пачатку наступнага года пайшоў з выдавецтва Міхал Дубянецкі.

Намеснікам галоўнага рэдактара стаў паэт, празаік Мікола Кусянкоў. Чалавек прафесійна падрыхтаваны, дысцыплінаваны, адказны, быў ён унутрана замкнёны, недужа ініцыятыўны (у гэтым сэнсе, відаць, больш, чым я). Часам гэта выяўлялася.

Як бачна, кіраўнікі выдавецтва за час маёй у ім працы мяняліся неаднойчы, мяняліся рэдактары. Галоўнае - жыццё мянялася. Мяняліся адносіны дзяржавы да выдавецкай справы, людзей — да кніг: ад абагаўлення яе да залічэння ў звычайны прадукт вытворчасці. І вось, азірнуўшыся на тыя немалыя мае выдавецкія гады, узгадваючы тое, што тады адбывалася, — добрае і дрэннае, перачытваючы свае шматлікія інтэрв’ю, якія даводзілася даваць розным газетам, найперш штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, я мушу ўпэўнена сцвярджаць, што мае адносіны да выдавецкай справы, маё стаўленне да кнігі засталося, па сутнасці, нязменным.

Працаваць у выдавецтва прыйшоў я дзесьці на дзесятым годзе яго працы. Была ўжо сфармавана сістэма яго дзейнасці, вызначана яго структура, выпрацаваны пэўныя прынцыпы ўзаемадачыненняў выдавецтва з аўтарамі. Вядома, час уносіў свае змены ва ўсё, але аснова засталася нязменнай. Мэта заставалася адна і тая - выдаць кнігу вартую і выдаць на належным узроўні. І тут, можа, самае галоўнае было - узаемадачыненні з аўтарам. Рукапіс паступаў у выдавецтва. Прызначаўся рэдактар, які знаёміўся з рукапісам і даваў сваё заключэнне. Калі рукапіс ацэньваўся станоўча, яго аддавалі на знешнюю рэцэнзію. Рэцэнзаваліся, па сутнасці, усе рукапісы. Асабліва новых твораў і новых аўтараў. Прозвішча рэцэнзента пазней давалася ў кнізе. З падрыхтаваным рэдактарам і выпраўленым, калі была ў гэтым неабходнасць, рукапісам знаёміўся загадчык рэдакцыі, ухваляў і перадаваў у галоўную рэдакцыю. Там даваўся канчатковы дазвол на выхад кнігі. Кагосьці з аўтараў такая ўвага магла раздражняць, а для многіх гэта было добрай школай літаратурнага і моўнага майстэрства.

Не трэба забываць і пра істотны момант больш агульназначнага зместу, звязаны з кнігай наогул — як з’явай культуры, духоўнага жыцця грамадства. Захоўваўся адпаведны ўзровень зместу і мастацкасці кнігі. У цяперашні час патрэба такога стаўлення да друкавання кнігі асабліва адчувальная. Кніг выходзіць многа, вельмі многа. Часам аднаго малавядомага ці зусім невядомага аўтара тры-чатыры кнігі ў год. Найчасцей гэта кнігі ў мастацкім сэнсе бездапаможныя. І што? Адзін возьме, прачытае — і адкіне: ці варта чытаць гэтыя кнігі наогул? Другі прачытае - яму спадабаецца. Нічога іншага яму больш і не патрэбна. Агульны ўзровень кнігі мастацкай літаратуры паніжаецца, цікавасць чытача да кнігі змяншаецца. Раней кніга была справай дзяржаўнай, сёння ж стала пераважна прыватнаю. Гэта як галоўны прынцып. У апошнія гады кніг выходзіць намнога больш, чым раней. Разам з тым іх агульны ідэйна-мастацкі ўзровень намнога ніжэйшы.

Жыве і да сёння адчуванне - у тыя часы чытач не проста чакаў, купляў і чытаў кнігу. Зусім не. Была патрэбная кніга пэўнага аўтара. Напрыклад, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна... Пералік можна працягваць яшчэ і яшчэ. Рукапісы такіх аўтараў у выдавецтве не затрымліваліся. Дзе сёння такія аўтары? Пра каго шмат пішуць? Чыімі творамі захапляюцца?

Узнікае адразу ж пытанне: дык што - у гэтым вінаватыя толькі выдавецтвы? Зразумела ж, што не. Якая літаратура - такая і кніга. І наогул: якое жыццё, такая і літаратура. Усё быццам і так. Але ж заслуг выдавецтваў у нізкай якасці сённяшняй кнігі ніяк нельга адмаўляць. І яшчэ істотны момант. Усе праекты тэматычных планаў выдавецтва заўсёды абмяркоўваліся ў Саюзе пісьменнікаў на пасяджэнні прэзідыума.