Выбрать главу

Напэўна, дзесьці я ўжо захапляўся ўсхваленнем тых часоў, тых выдавецкіх спраў і тых кніг. Яно так - хаця было шмат і такога, пра што зусім не хацелася б узгадваць. Пра гэта пазней. У дадзеным жа выпадку варта проста звярнуць увагу на выдавецкую працу з рукапісам новай кнігі. А гэта была праца асноўная. Найперш праца з аўтарам. Тут былі свае складанасці: аўтар быў розны. Адзін спакойны, разважлівы, умеў слухаць слова рэдактара, пры неабходнасці ўлічваць яго. Іншы быў самаўпэўнены, амбітны, мог слухаць толькі самога сябе. З ім трэба было працаваць.

Праца такога зместу і характару ўласціва была рэдакцыям, як іх называлі, арыгінальнай літаратуры - прозы, паэзіі, крытыкі. У гэтых рэдакцыях ішло не проста рэдагаванне, а вялася праца больш шырокага характару. Тут рыхтаваліся і выдаваліся штогадовыя альманахі: “Дзень паэзіі”, “Сучаснік” (публіцыстыка), “Вобраз” (крытыка і літаратуразнаўства). Для маладых аўтараў былі заснаваны серыі: “Першая кніга паэта”, “Першая кніга прозы”.

Ва ўсе гады працы ў выдавецтве адным з самых галоўных клопатаў нашых было павелічэнне колькасці выданняў. Пісьменніцкая суполка расла, вярталася творчасць рэпрэсаваных у даваенныя гады, больш шырока адкрывалася багатая спадчына. Усё гэта выданні на беларускай мове.

У 1982 годзе “Мастацкая літаратура” адзначыла першае дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці. Дырэктар выдавецтва М. Ф. Дубянецкі ў сваім дакладзе на святочным сходзе, што праходзіў у Доме літаратара, з гонарам казаў: “За дзесяць гадоў выпушчана больш чым дзве тысячы назваў кніг. Агульны тыраж выданняў склаў каля 80 мільёнаў экзэмпляраў”.

Пройдзе яшчэ дзесяць гадоў. І вось у інтэрв’ю газеце “Літаратура і Мастацтва” я, як галоўны рэдактар, называю лічбы: “За 1972-1991 гады выпушчана нашым выдавецтвам 3639 назваў кніг і брашур, з іх на беларускай мове - 2758, г.зн 75,7 працэнта, па тыражы адпаведна 158,1 мільёнаў экзэмпляраў і на беларускай мове 41,4, што складае 26,2 працэнты. На той час пік колькасці выданняў прыпаў на 1988 - 173, з іх на беларускай мове 131, тыражом 1246 тысяч”. Ёсць яшчэ лічбы некалькіх пазнейшых гадоў. 1992 - усяго кніг 177, на беларускай мове - 143; 1993: 155 - 133; 1995: 91 - 73. Далей дзяржаўнае выдавецтва нацыянальнай, а гэта значыць беларускамоўнай, літаратуры кніг выпускае ўсё менш і менш. Самыя багатыя, самыя паспяховыя ў выдавецкай працы былі апошнія 80-я і першыя 90-я - гады сапраўднага нацыянальнага абуджэння, багатыя і колькасна, і якасна. Сярэдзіна і другая палова 90-х - час для “Мастацкай літаратуры” не самы лепшы. Падтрымка дзяржавы (датацыі) зменшылася ў разы. Тыражы зменшыліся зноў жа ў разы. Кніжны рынак захліснула кніга нізкапробная. Бібліятэкі намнога знізілі заказы на нашу кнігу.

У 1994 годзе ў адным інтэрв’ю ў “Настаўніцкай газеце” давялося мне, тады дырэктару, казаць такія горкія словы: “На сучасны момант дзяржава асаблівых падстаў для аптымізму не дае, а без яе падтрымкі нашай беларускай кнізе не выжыць. А паслухаеш сёння нашых кіраўнікоў, нават самага высокага рангу, дык галоўны клопат сёння, каб выжыць. Гэта, канечне, так, але ці патрэбна гаварыць адно і тое ж, а то пачынаем прывыкаць, што галоўнае ў тым, каб выжыць, неяк існаваць. Але ж гэта не мэта чалавека. Чалавек усё ж павінен жыць, а не існаваць. І тут без духоўнага адраджэння не абыдзешся. Калі кіраўнікі нашы пераканаюцца, што не хлебам адзіным жыве чалавек, толькі тады можна будзе гаварыць пра перспектыву нашага кнігавыдання. Калі ж застанецца ўсё як цяпер - адно выжыць і пра нацыянальнае адраджэнне ні слова, дык нас чакае не лепшая доля. Супакойвае хіба ўсведамленне таго, што ў гэтым жыцці ўсё (ці шмат) праходзіць, кніга ж застаецца на вякі”.

Гаварылася гэта тады, калі было добрае веданне кніжнай справы знутры, калі была змена часоў, калі толькі пачыналася наша сучасная дзяржава. Прайшлі гады. Адносіны дзяржавы да кнігі ніколькі не змяніліся.

Але вернемся ў тыя ранейшыя часы. Звернута ўвага на павелічэнне колькасці назваў кніг. Так, яна найперш была абумоўлена ростам пісьменніцкай арганізацыі. Але не толькі. Быў попыт на беларускую кнігу наогул. У выдавецкіх планах заўсёды адводзілася немалое месца перавыданням, выданню збораў твораў. Існавала як бы няпісанае правіла: да кожнай юбілейнай даты кожны таленавіты аўтар ажыццяўляў паўторнае выданне (у адным ці двух тамах, а то і ў трох). Абавязкова была прадмова. Узгадваюцца, напрыклад, выбраныя творы ў трох тамах (1992-1993) Янкі Брыля, зноў жа ў трох тамах Барыса Сачанкі (1993-1995), выбраныя творы ў двух тамах Яна Скрыгана (1985), Анатоля Кудраўца (1987), Янкі Сіпакова (1995, 1997). Да двух гэтых выданняў (Сачанкі і Кудраўца) я пісаў прадмовы.