Выбрать главу

Робячы ў працах пра І. Мележа і іншых беларускіх празаікаў важкія тэарэтычныя абагульненні, прымяняючы інавацыйныя падыходы ў даследаванні, С. Андраюк разам з тым заўсёды скіраваны і на падрабязны, нават скру­пулёзны, аналіз мастацкай тканіны літаратурнага твора.

Назіранні С. Андраюка над праявамі паэтыкі і стылю пісьменнікаў вызначаюцца трапнасцю, імкненнем звязаць у канцэптуальнае адзінства фармальныя і змястоўныя бакі творчага працэсу.

Так, напрыклад, выдатна падмечана даследчыкам роля эпітэта ў мастацкім свеце мележаўскіх раманаў, якая не зводзіцца толькі да дэкаратыўна-аздабляльнай, а з’яўляецца адным з істотных выяўленняў мастацкага светабачання аўтара. Да ліку важнейшых назіранняў над структурнымі асаблівасцямі раманаў трэба аднесці такую адзначаную С. Андраюком заканамернасць, як паступовае пашырэнне мастацкай прасторы разам з ускладненнем праблематыкі.

Да найбольш грунтоўных прац С. Андраюка як гісторыка літаратуры варта аднесці яго кнігу пра творчасць Івана Пташнікава - “Чалавек на зямлі” (1988). Аўтар манаграфіі імкнецца заглыбіцца ў мастацкі свет гэтага самабытнага празаіка, выявіць яго істотнейшыя рысы, сутнасць яго творчай манеры. І зноў жа на першым плане знаходзіцца тое важнейшае, што ляжыць у аснове рэалістычна арыентаванага тыпу літаратурнай творчасці - сувязь пісьменніка з непасрэднай рэальнасцю, з жыццём.

“Піша ён, - гаворыць аўтар пра І. Пташнікава, - выключна пра тое, што знаходзілася і знаходзіцца ў часавым і прасторавым абсягу яго асабістага вопыту”. Гэту схільнасць перадаваць непасрэдныя адчуванні ад судакранання з рэчаіснасцю С. Андраюк лічыць вызначальнай рысай пісьменніцкага таленту І. Пташнікава. Гэтым перш за ўсё, мабыць, і прыцягвае да сябе даследчыка творчасць аднаго з самых выдатных сучасных празаікаў.

Падрабязна, разгорнута выяўляецца ў манаграфіі мастацкі свет майстра беларускай прозы, паказваюцца этапы стаўлення яго таленту. Не адразу, як заўважае С. Андраюк, пісьменнік знайшоў сваю ўласную манеру аповяду, хоць прыкметы яскравага мастацкага дару былі вызразна адчувальнымі ад самага пачатку. Патрэбен быў даволі кардынальны зрух у вызначэнні аўтарскай пазіцыі ў адносінах да жыцця і мастацтва. Раздзел, у якім разглядаюцца гэтыя вызначальныя змены ў мастацкім светапоглядзе пісьменніка, названы паказальна - “На пераломе”.

С. Андраюк вельмі выразна і дакладна фармулюе сутнасць творчага метаду І. Пташнікава, які на поўную моц выявіўся ў яго творах новага перыяду. “У творах гэтага празаіка, - падкрэслівае С. Андраюк, - нішто не ляжыць на паверхні”. І працягвае далей: “Аўтарава пазіцыя, яго стаўленне да жыцця і чалавека, ідэя твора не дэкларуецца ні самім аўтарам, ні яго героямі...” Але гэта ніякім чынам не сведчыць пра іх адсутнасць наогул, “яны нібы ўвайшлі, растварыўшыся, ва ўсю эмацыянальную атмасферу твораў, іх маральна-этычнае напаўненне, абумовілі манеру апавядання, гучанне, рытм і тон фразы; яны ва ўсім тым, што неад’емна ўваходзіць у тое арганічнае багатае адзінства, назва якому - мастацкі свет пісьменніка”.

З глыбокім пранікненнем у змястоўныя глыбіні мастацкай формы, у асаблівасці паэтыкі І. Пташнікава разглядае аўтар манаграфіі гэты адметны індывідуальны мастацкі свет, у якім, на яго думку, “у самай малой клетачцы... адчуваецца, прысутнічае гістарычны час, ёсць натуральны выхад у вялікае жыццё”.

С. Андраюк ўмее вельмі чуйна ўлоўліваць, фіксаваць у сваіх працах гэту прысутнасць гістарычнага часу, дыханне “вялікага жыцця”. Гэтаму, відаць, садзейнічае тое, што і сам ён заўсёды настроены на ўспрыманне літаратурных з’яў у кантэксце гістарычнага часу, у іх цеснай сувязі з жыццём чалавека і грамадства.

Пільная ўвага да творчасці І. Пташнікава і іншых пісьменнікаў таго ж пакалення, якіх назвалі калісьці “філалагічным пакаленнем”, абумоўлена яшчэ і тым, што і сам Серафім Антонавіч Андраюк належыць да яго. Гэтае пакаленне яшчэ называецца пакаленнем “дзяцей вайны”. Апошнюю акалічнасць С. Андраюк нязменна пакрэслівае, пішучы пра сваіх равеснікаў. У адным з артыкулаў (“Полымя”, 2011, № 6), ствараючы творчы партрэт Б. Сачанкі, ён якраз дае напачатку агульную характарыстыку гэтаму пакаленню, якому столькі прыйшлося спазнаць у жыцці, аднак жа суджана было і ўвасобіць усё перажытае ў высокамастацкіх творах.

***

З 2013 года ў беластоцкім часопісе “Тэрмапілы” пачалі штогод з’яўляцца новыя старонкі ўспамінаў Серафіма Андраюка. Яны так і называюцца аўтарам - “старонкі” (быццам старонка за старонкай перагортваецца няспешна жыццё). Аўтабіяграфічная проза выбітнага літаратуразнаўцы і крытыка адкрывае магчымасці новага погляду на яго як на асобу і творцу. Для С. Андраюка як даследчыка роднай літаратуры на першым месцы заўсёды знаходзіцца чалавек - герой твораў, сам пісьменнік, яго чытач. Чалавек, жыццё - гэтыя асноватворныя паняцці заўсёды ў цэнтры ўвагі ў працах С. Андраюка, аб гэтым сведчаць і назвы яго кніг. Навізна сітуацыі ў выпадку з “тэрмапілаўскімі” аўтабіяграфічнымі публікацыямі заключаецца ў тым, што тут жыццё выяўлена не чыёсьці старонняе, не вымышленага героя, а сваё ўласнае. І чалавек, які выступае на пярэдні план, робіцца ў нейкім сэнсе літаратурным персанажам - гэта ён сам, Серафім Антонавіч Андраюк.