Выбрать главу

Але і ў гэтых умовах кнігу трэба выпускаць. Кнігу нацыянальную, кнігу, якая б працавала на нацыянальнае адраджэнне, на сцвярджэнне беларускай духоўнай суверэннасці. Хто такую кнігу будзе вы­пускаць? Нацыянальна свядомыя інтэлігенты? Яны занадта бедныя і непрактычныя. Яны на сённяшні дзень занадта захоплены эйфарыяй мітынгавання і слоўных баталій. Яны вельмі неспасрэдна, даверліва ўспрынялі біблейскі афарызм: спачатку было слова. Яно, магчыма, і так. Але якое слова? Слова выпакутаванае, выбалелае, слова агнёвае. Сёння ж пануе слова блудлівае.

Далей хто? Выдавецтвы прыватныя? Але вопыт некалькіх гадоў паказаў, што іх у пераважнай боль- шасці цікавяць грошы і толькі грошы.

Застаецца, як і раней, дзяржава. Дзяржава, якая хоча быць беларускай. Бо без нацыянальнага ўсведамлення, усведамлення і адчування сваёй незалежнасці, самастойнасці ніколі мы не выберамся з дрыгвы. Такога ўсведамлення ў нас сёння, па сутнасці, няма: дзесяцігоддзі, стагоддзі ўсё нацыянальнае вытраўлялася, вынішчалася.

Кніга, мастацкая літаратура і мастацтва не толькі выяўлялі нацыянальную адметнасць, своеасаблівасць беларуса, але і рабілі пэўныя крокі - часта нясмела, стыхійна - на шляху да самасцвярджэння. Менавіта яна ў большай ступені нясе ў сабе нацыянальную энергію. Энергія гэта разлічана на вякі. Таму клопат пра кнігу павінен стаць першаступенным клопатам нашае дзяржавы".

Так меркавалася, планавалася, жадалася тады, гаварылася ў той час, калі наша краіна толькі што стала на шлях незалежнасці, самасцвярджэння. Прайшлі гады, нават дзесяцігоддзі, але і сёння паўтарыў бы ўсё тое, што гаварылася тады, за выключэннем, хіба што, занадта катэгарычнага абзаца пра недзяржаўныя выдавецтвы. Бо час з усёй пераканаўчасцю засведчыў, што справу нацыянальнага адраджэння, нацыянальнага самасцвярджэння праз кнігу і дзякуючы кнізе сёння ажыццяўляе на самым высокім узроўні “Беларускі кнігазбор”. Праект гэты, аўтарам і нязменным галоўным рэдактарам якога з’яўляецца паэт, празаік, літаратуразнаўца Кастусь Цвірка, заснаваны быў у 1996 годзе. Праект унікальны па падборы аўтараў, рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўцы, ідэйна-змястоўнай накіраванасці. Даўно заслугоўвае найвышэйшай ацэнкі і найбольшай падтрымкі з боку дзяржавы. Аднак...

Вернемся да “Мастацкай літаратуры”. У той час, у духоўнай сітуацыі, у тым становішчы нашай мовы трэба было не проста выдаваць беларускую кнігу, а імкнуцца выяўляць карані беларускасці, выяўляць, пашыраць яе прастору, абсягі. Выдавецтва ўсяляк імкнулася гэта рабіць. Найгалоўнае і найпершае — гэта выданне збораў твораў і твораў спадчыны, класікі. Пра зборы твораў Купалы, Гарэцкага, Мележа, Караткевіча, Гартнага, Зарэцкага гаварылася. Грунтоўнай навукова-тэксталагічнай падрыхтоўкай вылучаліся такія выданні, як “Творы” Язэпа Дылы (1981), “Творы” Уладзіслава Галубка (1983), “Творы” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1984), “Творы” Францішка Багушэвіча (1991), “Творы” Лукаша Калюгі (1992), “Творы” Андрэя Мрыя (1993).”Творы” Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча па ўзаемнай дамоўленасці рыхтаваў даследчык Язэп Янушкевіч. Праца яго была ацэнена вельмі станоўча. Я асабіста быў задаволены яго адказнасцю і грунтоўнасцю ім зробленага. І сёння скажу шчыра, мне прыемна чытаць дарэчы надпіс на кнізе Ф. Багушэвіча: “Серафіму Антонавічу Андраюку, — па-ранейшаму майму хроснаму бацьку ў літаратуры, з сыноўняй удзячнасцю за давер і трохі радуючыся, што не падмануў Вашых надзей

Укладальнік Язэп Янушкевіч.

7 траўня 1994 г. думаючы пра гэткае самае “выйсце ў людзі” Кастуся Каліноўскага”.

Дарэчы, і адно, і другое выданне выйшлі як палепшаныя — багата ілюстраваныя фотаздымкамі, у супервокладцы.

Выходзіла і шмат іншых выданняў спадчыны як ХІХ, так і ХХ стагоддзя, асабліва тых, хто быў рэпрэсаваны ў 30-я гады. У пераважнай большасці творы спадчыны аказаліся сугучныя новаму часу. З мэтай даць чытачу адчуць дух таго часу, убачыць зрокава колер кнігі таго часу было асвоена факсімільнае выданне самых яркіх кніг мінулага. Так былі пераствораны знакамітыя першыя кнігі Я. Купалы “Жа­лейка”, Я. Коласа “Песні-жальбы”, М. Багдановіча “Вянок”, А. Гаруна “Матчын дар”, М. Танка “На этапах”, К. Буйло “Курганная кветка”, К. Сваяка “Мая ліра”, Л. Геніюш “На чабары настоены”... Гэтыя кнігі ўспрымаліся з асаблівым нейкім хваляваннем. Іх хацелася адразу чытаць. Яны дыхалі тым часам, гучалі творы іх трохі нязвыкла і захапляльна-завабліва.